Дзятлаўчане запасаліся вітамінамі з добрым настроем

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

28 верасня кірмашовы сезон па рэалізацыі вітаміннай прадукцыі на Дзятлаўшчыне адкрыў першы ў гэтым годзе восеньскі кірмаш, які сабраў сельгасарганізацыі, фермераў, гаспадароў прысядзібных участкаў і пакупнікоў на сельскагаспадарчым рынку райцэнтра па вуліцы Слонімскай.

Наведвальнікі падобных мерапрыемстваў добра ведаюць ісціну: хто раней устане – той першым усё застане, таму і паспяшаліся па запланаваныя пакупкі з ранку, яшчэ да афіцыйнага пачатку гандлю, аб’яўленага на 9 гадзін.

Грунтоўна падрыхтаваліся да сустрэчы з пакупнікамі прадаўцы: шчыра кажучы, вочы разбягаліся ад прапановаў агародніны і зерня на любы густ, былі садавіна, ягады, мёд, саджанцы дэкаратыўных і пладовых дрэваў, кветкі, мясная і малочная прадукцыя. Працавалі і карысталіся попытам гандлёвыя павільёны прадпрыемстваў – Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, Новаяльнянскага камбіната хлебапрадуктаў, Слонімскага мясакамбіната. Людзям заставалася толькі зарыентавацца па цэнах. Самымі раннімі былі, вядома ж, гаспадары, якія трымаюць птушку і жывёлу, яны набывалі камбікорм. У Новаяльнянскага КХП мех свінога каштаваў 28 рублёў 20 капеек, курынага – 30 рублёў, а ўсяго прывезлі па 30 мяхоў гэтых двух гатункаў. Побач, пераважна збожжам і бульбай, гандлявалі гаспадаркі раёна, да якіх таксама стаялі чэргі. Работнікі КСУП “Хвінявічы” прывезлі па тоне кукурузы па 50 капеек за кілаграм і пшаніцы па 55, па паўтоны трыцікале – 45 капеек і ячменю – 50, дзве тоны бульбы “Скарб” па 45 капеек. Варта адзначыць, што ў сельгасарганізацый цэнавы дыяпазон асабліва не адрозніваўся.

Суседзі па гандлёвай пляцоўцы – ААТ “Дварэц-Агра” ў большым аб’ёме 2,5 тоны прывезлі пшаніцы, бо летась яна найбольш карысталася попытам у спажыўцоў, захапілі па тоне ячменю, трыцікале, кукурузы і бульбы “Скарб”. Аднак аказалася, што на першай ярмарцы ў іх самы хадавы тавар ячмень.

КСУП “Жукоўшчына”, акрамя збожжа і бульбы, прапаноўвала чырвоныя буракі па 80 і моркву па 90 капеек, былі і ўсімі любімыя жукоўшчынскія яблыкі, якія прадавалі па цане 1 рубель 40 капеек. “Стаўку” на збожжавыя культуры (усяго 20 тон) зрабіла ААТ “Граніт-Агра”: у продажы былі кукуруза, трыцікале, ячмень, пшаніца.

Вельмі шырокі выбар пакупнікам прадаставіла КСУП “Войневічы”, дзе, акрамя “класічных” збожжавых, быў гарох па 50 капеек, жыта па 40, ільносемя па рубель дваццаць і грачыха па 76 капеек.

Дарэчы, калі спыняцца на цане “другога хлеба”, а менавіта бульба была ў топе самых хадавых тавараў, то ўсе гаспадаркі прапаноўвалі яе па 45 капеек, а ў фермераў цана даходзіла да 80.

Прадстаўнікі фермерскіх гаспадарак прыехалі на першы дзятлаўскі сезонны кірмаш з Навагрудчыны, Зэльвеншчыны, Лідчыны, Століншчыны, Слонімшчыны. Яны прапаноўвалі цыбулю-сявок па 80 капеек, цыбулю-рэпку ад рубля да паўтара за кілаграм, моркву, капусту і буракі ў сярэднім па рублю, салодкі перац – 2,8-3 рублі, баклажаны – 3 рублі, журавіны па 15 рублёў, часнок па 12 рублёў за кілаграм, паўлітровы слоічак мёду можна было набыць па 8 рублёў.

З ліку пастаянных прадаўцоў саджанцаў пладовых дрэваў і кустоў на кірмашы была прыватная гаспадарка “Райсад” з Малога Мажэйкава, што на Лідчыне, а таксама гаспадары прыватных пітомнікаў з Навагрудчыны, нават Нясвіжу. Шырокі выбар кветак, у тым ліку цюльпанаў розных гатункаў, прапаноўвала жыхарка Лідчыны.

Самым незвычайным таварам, які ўдалося заўважыць у асартыменце, быў трохлітровы слоік сала дамашняга пасолу, які прадавалі за 60 рублёў, сцвярджаючы, што важыць ён адзін кілаграм дзвасце грамаў, а слоічак белых семачак можна было набыць па 5 рублёў.

 

У 9 гадзін (момант афіцыйнага адкрыцця кірмашу) сваю дапамогу пакупнікам сталі прапаноўваць валанцёры раённай арганізацыі ГА “БРСМ” – гэта былі хлопцы-старшакласнікі з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча на чале з першым сакратаром раённага камітэта моладзевага аб’яднання Кацярынай Хілімончык.

Многія пакупнікі з удзячнасцю скарысталіся падтрымкай школьнікаў, тым больш што ў валанцёраў для зручнай дастаўкі была тачка.

Наведвальнікі кірмашу падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Іна Альшэўская, вёска Скіпоравічы:

– У Дзятлава прыехала з бацькамі па зерне. Набылі трыцікале, авёс, пшаніцу, каб пасеяць на сваіх палетках і на корм жывёле. З агародніны папоўнілі запасы морквай і капустай. Такія кірмашы цудоўная магчымасць запасціся ўсім неабходным на зіму. Я заўважыла, што тут вельмі шырокі выбар агародніны, шмат розных тавараў. Мы задаволены пакупкамі, настрой цудоўны. У наступныя выхадныя паедзем на кірмаш у Казлоўшчыну, бо зерня трэба значна больш.

Таццяна Свяцецкая, горад Дзятлава:

– Першы мой набытак – 6 мяхоў бульбы. Безумоўна, вырошчваем яе і самі, але агарод невялікі, таму запас на зіму робім менавіта на сезонных кірмашах. Яшчэ мне патрэбны цыбуля і морква. Жыву паблізу, думаю, паспею зрабіць пакупкі ў некалькі заходаў. Кірмаш падабаецца. Лічу, што тут можна набыць усё, што хочаш. Настрой цудоўны.

Аляксей Шымановіч, дзесяцікласнік сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча:

– Сёння я на кірмашы ў якасці валанцёра ГА “БРСМ”. Паўдзельнічаць нам з сябрамі прапанавала класны кіраўнік, мы згадзіліся. Работа не цяжкая, людзям дапамагаць падабаецца. Мне нескладана разам з хлопцамі паднімаць мяхі, бо наведваю трэнажорную залу, з’яўляюся капітанам школьнай каманды па валейболе: падобныя нагрузкі проста размінка, ды і словы ўдзячнасці ад людзей чуць прыемна.

Даведка: у наступныя дзве суботы, 5 і 12 кастрычніка, сезонныя кірмашы пройдуць у гарадскіх пасёлках Казлоўшчына і Наваельня, аграгарадку Гезгалы, а 19 кастрычніка вялікі восеньскі кірмаш з падворкамі, песнямі і выступленнямі работнікаў культуры запрашае усіх жадаючых па пакупкі і добры настрой на плошчу 17 Верасня ў Дзятлава.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga