Жніво ў “Хвінявічах” (+відэа)

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Сёлетняе жніво для Анатоля Марука, хлебароба КСУП “Хвінявічы”, трыццаць першае.

У 1989 годзе прыйшоў ён працаваць у гаспадарку. Пачынаў сваю жніўную біяграфію малады  камбайнер яшчэ на “Дон 1500”. З году ў год набіраўся вопыту і майстэрства. Стаў адным з лепшых працаўнікоў. Не раз атрымліваў запрашэнні на раённыя “Дажынкі”. Вось і сёлета ў Анатоля Яўгенавіча і яго памочніка Мікалая Жынко – найбольшыя намалоты.

– У нашай гаспадарцы на жніве заняты шэсць экіпажаў, – расказаў дырэктар КСУП “Хвінявічы” Мікалай Бубноўскі. – Працуюць вопытныя камбайнеры – Анатоль Браніслававіч Лаўнік, Аляксандр Уладзіміравіч Марук. У іх ужо больш за сорак гадоў працоўнага стажу. А поруч з імі  моладзь – Уладзімір Скрундзь, Дзмітрый Місцюкевіч.

У Дзмітрыя Місцюкевіча, выпускніка Слонімскага прафесійна-тэхнічнага каледжа, сёлетняе жніво – першае. Самастойна працуе на КЗС-10К. Яшчэ адзін выпускнік гэтай навучальнай установы –Дзмітрый Радзюк – памочнік камбайнера Івана Ташлыкова.

Стараемся заахвоціць працаўнікоў на жніве і маральна, і матэрыяльна. За кожныя 100 намалочаных тон – грашовая прэмія і зорка-адзнака на кабіну камбайна.

У КСУП “Хвінявічы” трэба ўбраць зерневыя культуры з 1060 гектараў. Гаспадарка ўжо абмалаціла авёс. З кожнага гектара атрымана па 44 цэнтнеры. З 240 гектараў ячменю засталося ўбраць 20. Цяпер усе сілы скіраваны на абмалот пшаніцы, якой у гаспадарцы заняты 200 гектараў.

Ва ўрочышчы “Караннік”, непадалёку ад вёскі Разважжа, някепска ўрадзіла пшаніца, і там працуюць пяць камбайнавых экіпажаў. Разам з галоўным аграномам Уладзімірам Карыбам і Ганнай Федарэвіч, якая выконвае абавязкі галоўнага спецыяліста па ідэалагічнай рабоце, накіроўваемся да працаўнікоў. У спецыялістаў гаспадаркі – прыемнае даручэнне: уручыць прэміі, зоркі на кабіны, падзякаваць за працу.

–  Кожную раніцу ў нас абнаўляецца экран працоўнага спаборніцтва, – расказала Ганна Федарэвіч. – Кожны камбайнер ведае свой намалот і заробак. Цяпер лідзіруе камбайнавы экіпаж Анатоля Марука. Аднак не нашмат ад яго адстаюць па намалотах Іван Ташлыкоў і  Анатоль Лаўнік. Дарэчы, захаваўся нумар “Перамогі” за 2006 год, дзе фотаздымак перадавіка жніва Анатоля Марука – на першай паласе.

Там жа напісана і пра маладога працаўніка Івана Ташлыкова. На той момант ён толькі пачынаў свой працоўны шлях. А цяпер гэта вопытны камбайнер, сам  дапамагае моладзі асвойваць жніўную тэхніку.

Жніво, сапраўды, напружаны і гарачы час: трэба найхутчэй убраць вырашчанае. І тут дарэчы любая дапамога, не лішнімі бываюць умелыя рукі.  Варта падзякаваць кіраўнікам і  працаўнікам іншых прадпрыемстваў і ўстановаў, якія падчас жніва дапамагаюць нашай гаспадарцы. Так, на камбайне працуе Аляксей Варабей з жылкамунгаса. У гаспадарцы працаваў яго бацька, і сам Аляксей пачынаў працоўны шлях у “Хвінявічах”.

Трэці жніўны сезон заняты на сушцы зерня працаўнік Парэцкага спіртзавода Валянцін Трайнель. Другі год запар дапамагае нам святар Іван Яровіч на прасаванні саломы і сена. Удзячны і трактарысту лясгаса Анатолю Скібу!

Падзякаваў за старанную працу камбайнерам і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу  Уладзімір Казак. Ён выказаў спадзяванне, што гэтая сустрэча не апошняя і ў “Хвінявічы” яшчэ прыедзем павіншаваць камбайнераў з тысячнымі тонамі намалотаў.

– Сельгаспрадпрыемства “Хвінявічы” – з тых гаспадарак, дзе стараюцца, каб у працаўнікоў, занятых на жніве, былі  належныя ўмовы працы і быту, – зазначыў Уладзімір Фёдаравіч. – Падчас палявых работ наладжана гарачае харчаванне – абеды і падвячорак. Гаспадарка 85 % расходаў на абеды і 100 % за падвячорак узяла на сябе. Дадаткова камбайнеры забяспечваюцца мінеральнай вадой. Кожны дзень працуе душавая,а па серадах і суботах – парыльня і лазня.

Адрамантаваны і запраўлены кандыцыянеры на збожжаўборачнай тэхніцы. Варта таксама дадаць, што літаральна напярэдадні жніва прыемны падарунак атрымаў малады галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Карыба. Яму ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі новы аўтамабіль “Ніва”.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup