Выхоўваць патрыётаў, адкрываючы таленты

Важнае Грамадства

Сродкаў і спосабаў выхавання патрыятычных пачуццяў шмат.

І на ўроках у школе, і на мерапрыемствах, і падчас экскурсій па родным краі, і ў хвіліны сустрэч з цікавымі людзьмі, адданымі радзіме і народу, моладзь спасцігае ісціны жыцця нацыі, грамадства, краіны. А можна выхоўваць патрыятызм і адкрываючы ў кожным дзіцяці яго творчыя здольнасці, накіроўваючы на шлях любові і адданасці малой радзіме і яе гісторыі, як гэта робіць Жанна Лукашэня, настаўніца Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, пастаянна працуючы з таленавітымі дзятлаўскімі дзецьмі, дапамагаючы ім знайсці сябе ў мастацтве малюнка не толькі праз урокі, але і праз удзел у разнастайных конкурсах.

Так і сёлета яе навучэнка Ксенія Жэгала атрымала дыплом фіналіста конкурсу малюнкаў “Нам мір завешчана берагчы”, які прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама каштоўны прыз. Конкурс быў арганізаваны Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў.

На раённым этапе ў конкурсе ўдзельнічалі Вікторыя Шупа, Марыя Жалнерчык, Варвара Статкевіч, Паліна Навіцкая  і Ксенія Жэгала, выхаванкі Жанны Вячаславаўны. На абласны этап былі накіраваны работы Ксеніі Жэгала, Вікторыі Шупа і Марыі Жалнерчык, а на фінальны, рэспубліканскі, прайшла работа Ксеніі.  На малюнку дзяўчынкі адлюстраваны подзвігу Іосіфа Філідовіча. На пярэднім плане – помнік герою-земляку, а на заднім – падзеі самога подзвіга: паказаны Іосіф Філідовіч, які ідзе па балоце, а за ім – атрад карнікаў і воз, нагружаны зброяй. Работа выканана ў тэхніцы графічнага пуантылізму. Гэта тэхніка жывапісу, пры якой невялікія, выразныя каляровыя ці чорныя кропкі наносяцца ўзорамі, каб сфарміраваць малюнак. Ксенія малявала алоўкам і чорнай гелевай ручкай. Такую работу напісаць няпроста. Патрэбна цярпенне і карпатлівасць у давядзенні малюнка да дасканаласці. Таму і выбраны ён быў для фінальнага этапа конкурсу, бо членамі журы былі мастакі-прафесіяналы.

Дзяўчынка вельмі хвалявалася, не магла дачакацца таго дня, калі будуць аб’яўлены фіналісты. Хвалявалася, безумоўна, і Жанна Вячаславаўна.

І вось яны ў Мінску, у студыі першага нацыянальнага тэлеканала, у той самай, з якой штораніцы гучаць навіны і сюжэты перадачы “Добрай раніцы, Беларусь”. У фінал выйшлі 63 удзельнікі з розных куткоў нашай краіны, у тым ліку наша маленькая дзятлаўчанка, таленавітая дзяўчынка, якой дадзена адчуць і перадаць на паперы думкі і пачуцці маладога пакалення пра мінулую вайну.

Хочацца павіншаваць Ксенію і яе настаўніцу з перамогай і пажадаць новых вяршынь у творчасці.

Алена АБРАМЧЫК,
жыхарка горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: