Хвіліны душэўнасці. Юбілейная вясна Ніны Новік

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Свае падарожжы па Дзятлаўшчыне прадаўжае сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь” сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, які на гэты раз праклаў свой маршрут у вёску Скіпоравічы.

Сюды Іван Кашко, Ірына Бакшук і Святлана Венская прыехалі з урачыстай місіяй – павіншаваць з 90-гадовым юбілеем мясцовую доўгажыхарку Ніну Новік, а заадно даведацца ў яе сакрэты асабістага даўгалецця.

У адрас Ніны Іванаўны ад гасцей прагучала шмат самых шчырых і цёплых словаў. Творчы калектыў сектара пажадаў імянінніцы актыўнага, бадзёрага даўгалецця, шмат цёплых і сонечных дзён, добрых вестак у хату, каб радавалі блізкія людзі і было больш прыемных сустрэч. Юбілярка з задавальненнем прыняла ад гасцей невялікія падарункі і вясёлую музычную паштоўку.

Артысты для сябе прыемна адзначылі, што Ніна Іванаўна вясёлая, жыццярадасная жанчына, а таму ім было асабліва цікава пачуць ад яе рэцэпт даўгалецця і аповед аб жыцці. Як аказалася, усё яно прайшло ў родных Скіпоравічах. Нарадзілася юбілярка ў невялікай сялянскай сям’і, якая жыла за кошт працы на зямлі. Да земляробчых справаў заўжды прыступалі разам, хутка з імі спраўляліся, а таму ў жанчын – матулі Зінаіды Іванаўна, сястры Аляксандры і самой Ніны заўсёды заставаўся час на рукадзелле. У юнацтве Ніне вельмі падабалася сядзець за ткацкім станком або вязаць на прутках. Дзяўчына з задавальненнем падбірала ніткі, узоры, стварала прыгожыя рэчы для дома і блізкіх.

Мірнае жыццё вёскі парушыла Вялікая Айчынная вайна, якая прынесла з сабой голад, разбурэнні, страх і гора для людзей. У першы год ваеннага ліхалецця загінуў бацька, і сям’я засталася без карміцеля. Уся мужчынская работа лягла на кволыя жаночыя і дзявочыя плечы.

Праўда, лёс злітасцівіўся над Нінай Іванаўнай: у 19 гадоў яна выйшла замуж за добрага, працавітага хлопца Аляксандра Новіка, ураджэнца Малой Волі.

Аляксандр Рыгоравіч і Ніна Іванаўна ўсё сваё свядомае жыццё аж да пенсіі адпрацавалі ў калгасе. Яна – паляводам, муж спачатку быў трактарыстам, затым – брыгадзірам трактарнай брыгады, пазней – інжынерам-механікам. Працавалі годна і неаднаразова станавіліся пераможцамі сацыялістычных спаборніцтваў.

У дружнай сямейнай пары нарадзіліся дачка Раіса і сын Мікалай. Цяпер яны ўжо таксама на заслужаным адпачынку. Ніну Іванаўну радуюць чацвёра ўнукаў і трое праўнукаў.

Больш за 70 гадоў Новікі пражылі ў бацькоўскай хаце, якой на сёння больш за 100 гадоў, але выглядае яна дагледжанай. З задавальненнем у “роднае гняздо” прыязджаюць дзеці і ўнукі. Яны імкнуцца дапамагаць жанчыне, падтрымліваюць парадак дома і на ўчастку. Аднак і сама гаспадыня стараецца “не здаваць пазіцый”: у свае шаноўныя дзевяноста яшчэ садзіць і апрацоўвае невялікі агарод. У вольны час юбілярка таксама не сумуе: глядзіць любімыя тэлеперадачы, сустракаецца з суседкай, часта размаўляе з дзецьмі і ўнукамі па тэлефоне, клапоціцца пра хатняга гадаванца – лагоднага і паслухмянага ката Максіма.

Для творчага калектыву сектара нестацыянарнага абслугоўвання Ніна Іванаўна зладзіла невялікую выставу свайго рукадзелля. Паказала, якія прыгожыя пакрывалы яна саткала ў маладыя гады. Палюбавацца і сапраўды было на што: яркія сакавітыя колеры, адмысловыя ўзоры, плаўныя пераходы фарбаў і адценняў. Раней у кожнай вясковай хаце можна было сустрэць такія “залацінкі” народнага майстэрства. Цяпер, на жаль, іх усё больш выцясняюць звычайныя “фабрычныя” рэчы. Разам з тым, менавіта захапленне рукадзеллем, якое прыносіла задавальненне, разнастайвала вясковыя будні, Ніна Іванаўна лічыць адным са складальнікаў свайго “рэцэпту даўгалецця”, а таксама ў яго “саставе” – шчаслівае сямейнае жыццё, цеплыня чалавечых стасункаў і вялікая радасць і асалода ад таго, што большая частка жыцця праходзіць пад мірным небам на роднай зямлі ў дарагіх сэрцу Скіпоравічах.

Ірына СТЫРНІК

Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі праекта