Роднае-народнае. Ад філіграннай сурвэткі – да цёплага шаліка

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Рукі майстра не ведаюць стомы, натхненне – межаў, а ідэі для новых работ сустракаюцца літаральна на кожным кроку.

Ісціна гэта добра вядома рукадзельніцы з вёскі Міроўшчына, нашай творчай зямлячцы Алене Жыбко.

Менавіта Алена Віктараўна на гэты раз стала героем рубрыкі “Роднае-народнае” сацыяльна-культурнага праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, які рэалізоўвае сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Як у народнай казцы, амаль штодзень, яна “ідзе па нітачцы за чароўным клубочкам”, вывязваючы кручком усё новыя і новыя рэчы.

– Захапленне вязаннем прыйшло да мяне ў шостым класе, – падзялілася вытокамі свайго ўмення рукадзельніца. – Звязана гэта было не з самай цудоўнай падзеяй майго жыцця. Якраз тады я ляжала ў бальніцы, вядома ж, сумавала, маркоцілася, аднак вельмі пашчасціла з суседкай па палаце. Гэта была жанчына ўжо сталага ўзросту, якая таксама знаходзілася на лячэнні і не губляла дарэмна свабодных хвілін. Я зацікавілася заняткам суседкі, часта прысядала побач, каб паназіраць, як спрытна рухаюцца яе рукі, як з-пад іх літаральна на вачах “выплывае” новая вязаная рэч. Для мяне на той час гэта здавалася нечым звышмагчымым. Нават не думала, што праз даволі кароткі час пасля прапановы маёй новай сяброўкі навучыцца вязанню, і сама змагу настолькі ж спрытна ўпраўляцца з ніткамі і кручком. З таго дня прайшлі дзесяцігоддзі, а карыснае захапленне так і застаецца маім спадарожнікам па жыцці, дорачы шмат пазітыву і прыгажосці.

Алена Віктараўна ўраджэнка Лідчыны, вёскі Крупава. На Дзятлаўшчыну яна пераехала, калі выйшла замуж, хаця і раней часта наведвала наш раён, адпачываючы на канікулах у цёткі і дзядзькі ў вёсцы Чырвоны Бор. Там жа на танцах пазнаёмілася з будучым мужам Іванам.

У Міроўшчыне, дзе ўжо шмат гадоў жыве іх сям’я, Алену Віктараўну ведаюць як добрага,чулага, уважлівага чалавека. Якасці гэтыя спаўна яна рэалізоўвае ў рабоце, бо працуе сацыяльным работнікам: дапамагае пажылым людзям спраўляцца з бытавымі справамі і паўсядзённымі праблемамі, падтрымлівае іх сваім пазітывам і добрым словам. А яшчэ Алена Жыбко славіцца як умелая майстра па вязанні. Цяжка падлічыць, колькі рукатворных шэдэўраў выйшла з-пад яе рук за многія гады. Сама жанчына называе лічбу 500, але ў ёй не ўпэўнена. Вязаныя рэчы не толькі занялі пачэснае месца ў інтэр’еры дома рукадзельніцы, яе гардэробе і блізкіх людзей, але і нярэдка становяцца жаданымі падарункамі для сяброў і знаёмых. Гэта не дзіўна, бо мала хто адмовіцца ад аўтэнтычнай рукатворнай сурвэткі ці вязанага букета. Безумоўна, у наш час на паліцах магазінаў дастаткова якаснага тэкстылю, але аўтарскія работы заўжды цаніліся людзьмі. У іх укладзена адметная ідэя, ад іх вее цёплай энергетыкай чалавечых рук, яны прыемныя на дотык, цікавыя, прыцягваюць погляды.

Майстрыха расказала, што сярод ранніх яе работ былі пераважна сурвэткі. Затым “пачалася мода” на ўпрыгажэнні інтэр’еру, і Алена Віктараўна ў гэтым кірунку дала волю сваёй фантазіі. Сярод любімых работ узорыстыя абрусы, вязаныя ружы, якія глядзяцца ў вазах не горш за штучныя пакупныя кветкі, а нядаўна сваё майстэрства жанчына прыклала, каб звязаць адметную калекцыю ёлачных цацак. Яна атрымалася мяккай і яркай. “Зімовую тэму” папоўніў і прыгожы набор сурвэтак для чаявання ў выглядзе блакітных сняжынак, а ўжо колькі вязаных звяроў і герояў мультфільмаў “пасялілася” ў пакоях кватэры Алены Жыбко, цяжка і падлічыць. У вазах гарэзліва “цвітуць” букеты, а на сценах гаспадароў і гасцей радуюць карціны з алмазнай мазаікі – яшчэ адно “рукадзельнае” захапленне Алены Віктараўны і яе дачкі, якая таксама пераняла ад матулі любоў да творчасці.

Аднак з-пад руплівых рук майстрыхі часта выходзяць і абноўкі для модніц: накідкі і шалі, у якіх любяць зухаваць жанчыны розных узростаў. Рукадзельніца хваліцца, што яе кардыганы і хусцінкі можна сустрэць на жанчынах не толькі на Дзятлаўшчыне, а і ў Польшчы, Амерыцы.

Не засталіся без сувеніраў ад Алены Віктараўны і яе госці – кожны атрымаў па вязанай кветцы. Гасціннай, вясёлай, таленавітай зямлячцы на развітанне яны пажадалі далейшых поспехаў у творчым і асабістым жыцці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga