Дзень Вензавецкага сельскага савета

Важнае Улада

У аграгарадку Вензавец пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Вензавецкага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы і добраўпарадкаванні населеных пунктаў”.

Удзел у ім прымалі старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі ўстановаў і арганізацый Вензавецкага сельсавета.

Аляксандр Бараноўскі адзначыў, што практыка праводзіць Дні сельскіх саветаў на Дзятлаўшчыне не новая і сустрэчы такога фармату не толькі спрыяюць навядзенню парадку на зямлі, але і дапамагаюць убачыць і пераняць лепшы вопыт і выкарыстоўваць яго на практыцы.

З сацыяльна-эканамічным становішчам Вензавецкага сельсавета і дзейнасцю па яго развіцці ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў старшыня сельвыканкама Алег Шымко. Адзначыў, што на тэрыторыі ў 139,71 кв. км размешчаны 19 населеных пунктаў з 643 гаспадаркамі, дзе пражывае 1351 чалавек. Сярод іх 793 працаздольныя, 388 – пенсіянеры, 170 – дзеці да 15 гадоў, ёсць адзін малалетні вязень, 23 адзінокія пажылыя грамадзяне і 193, якія жывуць адзінока, 62 чалавекі маюць групу інваліднасці. Найбольш населеныя – аграгарадок Вензавец (567 жыхароў), вёскі Міроўшчына (346) і Сачыўляны (158). У вёсках Кашкалы, Гнаінскія, Валоўнікі, Гернікі – 10 і менш жыхароў, у Міклашах, Жадзейках, Рэпішчы фактычна ніхто не жыве.

У Вензавецкі сельскі савет абраны 10 дэпутатаў, яго працоўны орган – выканаўчы камітэт – складаюць 7 чалавек, за кожным з якіх замацавана пэўная сфера дзейнасці.

У інфраструктуру сельсавета ўваходзяць ТАА “РоданАграПол”, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, Вензавецкае лясніцтва і дрэваапрацоўчы цэх ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”. Паслугі насельніцтву забяспечваюць адно аддзяленне і два пункты паштовай сувязі, праз паштальёнаў можна набыць і заказаць амаль любыя віды тавараў, аплаціць камуналку. Яшчэ працуюць 2 магазіны спажыўтаварыства, адзін – ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”. У Вензавецкай сярэдняй школе вучацца 43 навучэнцы і выхоўваюцца 20 дзяцей дашкольнага ўзросту. Культурнае абслугоўванне населеных пунктаў ажыццяўляюць работнікі сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Медыцынскае забеспячэнне аказваюць Вензавецкі, Міроўшчынскі, Яварскі ФАПы, Дзятлаўская раённая паліклініка і Раготнаўская амбулаторыя. Медыкі рэгулярна праводзяць агляды ўразлівых катэгорый насельніцтва, пры неабходнасці аказваюць медыцынскую дапамогу дома. На ФАПах арганізуюцца прыёмы дактароў Дзятлаўскай райпаліклінікі, можна здаць аналізы крыві, прайсці флюараграфію. З 2021 года Вензавецкі ФАП працуе ў новым памяшканні. На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць два храмы, ёсць 3 помнікі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, 5 грамадзянскіх могілак. 10 населеных пунктаў сельсавета ахоплены надомным абслугоўваннем, працуюць 4 сацыяльныя работнікі, на надомным абслугоўванні – 31 чалавек. Штогод праводзіцца абследаванне матэрыяльна-бытавых умоваў адзінокіх грамадзян, ажыццяўляюцца мерапрыемствы па выкананні іх патрэбаў і запытаў. У доме сумеснага пражывання аграгарадка Гезгалы знаходзіцца 1 жыхар сельсавета, 3 – у Казлоўшчынскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ЦСАН Дзятлаўскага раёна. У рабоце з насельніцтвам па месцы жыхарства выкарыстоўваюцца такія формы ўзаемадзеяння, як сходы грамадзян і падваровыя абходы.

Значная ўвага надаецца добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Тэрыторыі агульнага карыстання для падтрымання належнага санітарнага парадку замацаваны за арганізацыямі. Ажыццяўляецца знос пустуючых струхнелых дамоў: усяго іх знесена 99, летась – 3, сёлета ўжо 2. З жыхарамі 6 населеных пунктаў заключаны дагаворы РУП ЖКГ на вываз смецця, праводзіцца іх заключэнне з жыхарамі Лудзічаў і Кашкалоў. На абслугоўванне ДРБУ-119 перададзена 20,55 кіламетра вуліц.

Пры сельвыканкаме працуюць добраахвотная дружына, назіральная камісія, камісія садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства “Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях”, грамадскі пункт аховы правапарадку, інфармацыйна-прапагандысцкая група, значную работу з насельніцтвам праводзяць вясковыя старасты. Наладжана прафілактычная работа з ненадзейнымі сем’ямі і грамадзянамі нізкай сацыяльнай адказнасці, у домаўладаннях уразлівых катэгорый жыхароў устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, рэгулярна ладзяцца рэйды-праверкі, складаюцца акты агляду, выкананне якіх знаходзіцца на кантролі сельвыканкама.

– Вырашэнню пастаўленых задач спрыяе ўзаемадзеянне ўсіх структураў соцыуму, таму з кіраўніцтвам ТАА “РоданАграПол”, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, Вензавецкім лясніцтвам, дрэваапрацоўчым цэхам ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, кіраўнікамі ўстановаў і арганізацый сельсавета наладжаны цесны кантакт. Будзем і надалей сумесна працаваць, каб тэрыторыя сельсавета стала яшчэ чысцейшай і прыгажэйшай, а людзі жылі больш камфортна, – падкрэсліў Алег Шымко.

Праграму Дня сельсавета прадоўжыла наведванне аб’ектаў добраўпарадкавання. Удзельнікі мерапрыемства пабывалі на ФАПе аграгарадка Вензавец і ў мясцовай сярэдняй школе, далей іх дарога ляжала ў магазін “Вікторыя” ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” і Міроўшчынскі парк, дзе пацікавіліся, як выглядаюць гэтыя тэрыторыі пасля рэкультывацыі зямельнага ўчастка, якой папярэднічаў знос былога будынка вучэбна-вытворчага комплексу. Гасцінна перад наведвальнікамі адчыніла дзверы аграсядзіба Юрыя Бяляткі ў вёсцы Кашкалы. У вёсцы Явар ім цікава было азнаёміцца з домам узорнага парадку Сяргея Клімовіча і фермерскай гаспадаркай “Рыбная” Яўгена Касцюка. Напрыканцы наведалі Вензавецкае лясніцтва, пра дзейнасць якога расказаў ляснічы Дзмітрый Ваніслаўчык.

Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены арганізатарамі сустрэчы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: