Да пабачэння, школа! Мы ніколі цябе не забудзем (+відэа)

Галоўнае Грамадства

25 мая ў школах Дзятлаўшчыны адбыліся ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя заканчэнню навучальнага года.
Для 142 выпускнікоў раёна гэта фінішная прамая ў іх цікавым, поўным новых ведаў, яркіх уражанняў і верных сяброў школьным жыцці, магчымасць сказаць роднай школе “Дзякуй за ўсё!” і “Да пабачэння!”.

Ужо напрыканцы мая ў адзінаццацікласнікаў пачнецца адказная пара іспытаў, у чэрвені першыя свае экзамены здадуць дзевяцікласнікі. У астатніх школьнікаў праз тыдзень –вясёлы, багаты на ўражанні час летніх канікулаў.

Каб раздзяліць з выпускнікамі радасць з ноткамі светлага суму, на ўрачыстую развітальную лінейку ў сярэднюю школу № 3 горада Дзятлава завіталі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская.

Гэту ўрачыстасць разам з вялікай школьнай сям’ёй сустрэў дырэктар навучальнай установы Іван Кібінь. Ён павіншаваў навучэнцаў з заканчэннем яшчэ аднаго навучальнага года, пажадаў выпускнікам поспехаў на экзаменах і ўсім дзецям – праз тры месяцы вярнуцца пасля лета ў родную школу здаровымі, бадзёрымі, з вялікім багажом яркіх эмоцый.

Кіраўнік раёна павіншаваў вучняў, бацькоў і настаўнікаў са святам, а выпускнікоў – з новым адказным крокам у жыцці:

– Сёння асаблівы дзень, бо апошні званок прагучыць менавіта для вас, дарагія выпускнікі. Вы, дарослыя, амбіцыёзныя, мэтанакіраваныя, стаіце сёння тут літаральна за паўкрока ад самастойнага жыцця. На працягу адзінаццаці гадоў вы заўжды працавалі на вынік, праслаўляючы родную школу і ўвесь Дзятлаўскі раён. Мы ганарымся вашымі поспехамі, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Асаблівыя словы падзякі хачу выказаць бацькам выпускнікоў. Дзякуючы вашай вялікай любові і падтрымцы дзяцей яны змаглі дасягнуць вышыняў, каб вы ганарыліся імі. Шчыры дзякуй педагогам школы № 3. Вы ўкладваеце ў дзяцей не толькі веды, але і часцінку сваёй душы і сэрца. Дарагія выпускнікі, жадаю вам годна вытрымаць выніковыя экзамены, пацвердзіўшы высокі ўзровень сваіх ведаў, зрабіць правільны выбар прафесіі, заўжды быць дастойнымі грамадзянамі роднай Беларусі. Поспехаў вам! У добры шлях!

Да слоў віншавання далучыўся клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве іерэй Аляксей Сцепановіч. Ён пажадаў школьнікам яркага лета, а ўсім прысутным – добрага здароўя і мірнага неба над галавой.

У адрас выпускнікоў гучалі шчырыя словы наказаў, пажаданні ад першакласнікаў, у якіх самыя цікавыя моманты школьнага жыцця яшчэ наперадзе.

Па добрай традыцыі творчыя, музычна адораныя навучэнцы сярэдняй школы № 3 падарылі гасцям лінейкі песню, а выпускнікі – развітальны вальс. Як сімвал светлай будучыні, выпускнікі разам з гасцямі і педагогамі школы запусцілі ў неба паветраныя шары.

Свята завяршылася яркім акордам – апошнім школьным званком. Пасля заканчэння лінейкі выпускнікі 2024 года разам са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Марынай Лашкоўскай і дырэктарам школы Іванам Кібінем распачалі новую добрую традыцыю: высадзілі першыя дрэўцы на “Алеі выпускнікоў” у школьным двары.

Разам з аднакласнікамі ў гэты дзень развітвалася з роднай школай навучэнка 11 класа Анастасія Шавель, якая ўвайшла ў лік лепшых выпускнікоў Беларусі 2024 года. На памяць аб гэтым на рэспубліканскім свяце “Апошні званок” яна атрымала прыемны падарунак. За поспехі ў рабоце педагог школы, класны кіраўнік Анастасіі Святлана Салаўёва была адзначана падзякай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гонар прыняць удзел у рэспубліканскай лінейцы разам з ёю раздзялілі навучэнкі Гезгалаўскай сярэдняй школы Анастасія Сазановіч і Аляксандра Барабан.

Урачыстасці “Апошняга званка” з удзелам кіраўніцтва раёна прайшлі ў школах Дзятлаўшчыны.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, Вольгі ЮШКЕВІЧ, Ірыны СТЫРНІК