Сцяна з бетону наносіць непапраўную шкоду

Грамадства

З-за сцяны нанесены непапраўны ўрон рэдкім экалагічным сістэмам запаведніка, тым не менш польскія суседзі стараюцца не заўважаць такой высновы. На жаль, экалагічныя працэсы не паддаюцца строгаму планаванню і не церпяць межаў, а некаторыя з іх увогуле незваротныя.

Меркаваннем на гэты конт падзяліўся начальнік Дзятлаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі:

– Мы, работнікі інспекцыі, лічым, што будаўніцтва агароджы вышынёй 5,5 метра і працягласцю 50 кіламетраў праз аб’ект Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА “Белавежская пушча” з’яўляецца парушэннем урадам Польшчы міжнародных прыродаахоўных нормаў і правілаў. Размешчаны на водападзеле Балтыйскага і Чорнага мораў трансгранічны запаведнік надзвычай важны для захавання еўрапейскай біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці. Тут пражывае самая вялікая папуляцыя знакавых відаў еўрапейскага зубра. Будаўніцтва штучнага бар’ера з калючым дротам ажыццяўляецца без якой-небудзь ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Ніякіх кансультацый з грамадскасцю ні ў адной з памежных краін не праводзілася. Белавежская пушча – не проста запаведнік, а найбольш буйны астатак рэліктавага першабытнага раўніннага лесу, які ў дагістарычныя часы рос на тэрыторыі практычна ўсёй Еўропы. У адносна некранутым стане ён захаваўся толькі ў пушчы, падзеленай паміж Беларуссю і Польшчай, таму ЮНЕСКА ўнесла аб’ект у спіс Сусветнай спадчыны. Найбольш відавочнае наступства ад будаўніцтва сцяны – уздзеянне на трансгранічныя папуляцыі млекакормячых, перш за ўсё драпежнікаў. Могуць узнікнуць і сур’ёзныя гідралагічныя праблемы, што вядуць да трансфармацыі натуральных прыродных працэсаў і дэградацыі лясоў.

Штучны падзел адзінага прыродаахоўнага комплексу пагібельны для звяроў. Ён прывядзе да ізаляцыі папуляцыйных груповак буйных млекакормячых і збяднення генафонду.

Канвенцыя ЮНЕСКА аб ахове Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны і Канвенцыя Савета Еўропы аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыродных асяроддзяў пражывання ў Еўропе (Бернская канвенцыя) прадугледжваюць абавязак дзяржаў-удзельніц не прымаць любых наўмысных дзеянняў, якія маглі б нанесці прамую ці ўскосную шкоду культурнай і прыроднай спадчыне на тэрыторыі дзяржаў-бакоў, а таксама ўлічваць неабходнасць захавання раёнаў, якія знаходзяцца пад абаронай, каб пазбегнуць ці звесці да мінімуму любую іх дэградацыю.

На справе ўсё набывае адваротныя вынікі. Сцяна з бетону і сталі наносіць непапраўную шкоду ўнікальнаму прыроднаму асяроддзю, па-жывому дзелячы суцэльны прыродны комплекс. Інакш як варварствам гэта не назваць.

Ірына СТЫРНІК