Бальніца ў мініяцюры

Важнае Грамадства

Як у райцэнтры, так і сельскай мясцовасці працуюць медыкі высокага класу.

Медыцынскія паслугі насельніцтву эфектыўна і аператыўна аказваюць у 4 амбулаторыях і 15 ФАПах раёна.

Напярэдадні прафесійнага свята завіталі ў Дварэцкую амбулаторыю доктара агульнай практыкі пад кіраўніцтвам прадаўжальніцы медыцынскай дынастыі, якая ўсё жыццё прысвяціла гэтай высакароднай прафесіі, – Наталлі Карпенка.

Сёлета спаўняецца 40 гадоў, як яна працуе, каб людзі былі здаровыя.

Медыкамі таксама былі яе бацькі і старэйшая сястра, ваенны доктар. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута яна пачынала свой працоўны шлях загадчыцай аддзялення ў Жыбартоўскай бальніцы нашага раёна, доўгі час працавала ў райпаліклініцы ўчастковым тэрапеўтам і эндакрынолагам і нават калі выйшла на заслужаны адпачынак, не змагла развітацца з любімай прафесіяй. Ужо сем гадоў яна прыязджае ў аграгарадок Дварэц, дзе з нецярпеннем чакаюць удзячныя пацыенты.

– Ніколі нават варыянтаў не было, кім я магу стаць у жыцці, медыцыну выбрала свядома і з захапленнем. За плячыма чатыры дзесяцігоддзі працоўнага стажу, а ўсё адно кожную раніцу з нецярпеннем і прыемным хваляваннем спяшаюся на работу, – кажа Наталля Генрыхаўна. – Тут працуецца лёгка, прыемна і менш мітусліва, чым у Дзятлаве, хоць на прыём звяртаюцца часам з надзвычай няпростымі выпадкамі. Няма талоннай сістэмы, усе цярпліва чакаюць сваёй чаргі, займаючы гэты час ступеннымі размовамі з землякамі. Тым не менш, кожны рабочы дзень з раніцы да абеду людзі на прыёме ёсць. Пасля абеду ажыццяўляю выязны прыём, два разы на тыдзень выязджаю на Раготнаўскі ФАП.

У сферы абслугоўвання Дварэцкага доктарскага ўчастка аграгарадок Дварэц і 30 вёсак, раскіданых у радыусе 35 кіламетраў. Жыхары 20 з іх атрымліваюць дапамогу ў амбулаторыі, да астатніх доктар прыязджае на дом.

– Пераважную большасць зваротаў вырашаем на месцы. У нас ёсць усе рэсурсы, каб, не выязджаючы ў раён, аказваць дапамогу на высокім узроўні, – расказвае доктар. – У амбулаторыі працуюць кабінет доктара агульнай практыкі, лабараторыя, кабінет ЭКГ, працэдурны, фізкабінет, зубны доктар, ёсць аптэка.  На базе ўстановы функцыянуе дзённы стацыянар. Усё, як у горадзе, толькі ў мініяцюры. У некаторых выпадках па кансультацыю вузкага спецыяліста накіроўваем у райцэнтр.

Разам з доктарам агульнай практыкі тут працуе дружная каманда прафесіяналаў – медыцынская сястра агульнай практыкі Наталля Палулех, акушэрка Ганна Салейка, зубны доктар Ірына Марцінчык, лабарант Жанна Муха, санітарка Аліна Бялятка.

Пацыенты прыходзяць на прыём з рознымі захворваннямі – ад прастуды да хваробаў сэрца або павышанага артэрыяльнага ціску, а часам і проста атрымаць зарад клопату і ўвагі – Наталля Генрыхаўна ўважліва выслухоўвае кожнага. Аграгарадкоўцы, ідучы да любімага доктара, стараюцца выглядаць ахайна і нават прэзентабельна.

– Паход у амбулаторыю – значная падзея ў нашым жыцці, мусім адпавядаць. Да доктара маю толькі словы падзякі і павагі, – дзеліцца жыхар аграгарадка Міхаіл Хох.

Наталля Карпенка, як і шмат гадоў таму, не ўяўляе сябе без любімай справы, бо штодзень бачыць яе станоўчыя вынікі. А ўдзячныя пацыенты на чале з калектывам Дварэцкага дома культуры кожны год віншуюць загадчыцу і калектыў амбулаторыі цёплымі словамі і шчырымі песнямі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga