Прафілактыка. Самі будзеце працаваць ці працаваць будуць з вамі?

Галоўнае Грамадства

У Дварэцкім сельвыканкаме пад кіраўніцтвам яго старшыні Веры Добыш прайшло пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку, сумешчанае з выязным пасяджэннем пастаянна дзеючай камісіі райвыканкама па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

У сустрэчы таксама ўдзельнічалі намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вадзім Бялятка, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марыя Падгайская, прадстаўнікі мясцовых наймальнікаў з ААТ “Дварэцкі льнозавод” і “Дварэц-Агра”.

Да ўдзельнікаў сустрэчы далучыўся старшы ўчастковы інспектар міліцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама Сяргей Ігнацік.

Галоўныя акцэнты, пачынаючы пасяджэнне, расставіў Вадзім Бялятка. Ён узгадаў нядаўні трагічны выпадак у вёсцы Петрашы гэтага сельсавета. У сёлетнім студзені там згарэў жылы дом разам з гаспадаром, і прычына таму была самая распаўсюджаная – “п’яная цыгарэта”. Як падкрэсліў Вадзім Аляксандравіч, усе аматары моцных напояў якраз адносяцца да групы рызыкі, асабліва калі жывуць адзінока, і няма каму пракантраляваць іх паводзіны. Да таго ж яны ствараюць сапраўдную пагрозу для навакольных.

– Наша задача – яшчэ раз пераканаць кожнага выкліканага на індывідуальную прафілактычную размову ў тым, што неабходна працаваць без прагулаў і не дапускаць злоўжывання алкаголем, – падкрэсліў Вадзім Бялятка. – У нас сацыяльна арыентаваная дзяржава, аднак уся сістэма дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва забяспечваецца за кошт бюджэту, які ў сваю чаргу фарміруецца са сродкаў падаткаплацельшчыкаў. Справядліва, што кожны чалавек павінен прыносіць карысць сабе і грамадству. Калі гэтага не адбываецца, калі грамадзянін ігнаруе прапановы і патрабаванні адказных службаў, злоўжывае спіртным, лайдачыць, стварае праблемы і пагрозы для іншых, то павінен спрацоўваць алгарытм па накіраванні парушальніка ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

Варта адзначыць, што частка запрошаных на сустрэчу са спецыялістамі службаў прафілактыкі былі работнікамі мясцовай гаспадаркі, але яны ж і “галаўны боль” наймальніка: як толькі атрымліваюць зарплату – пачынаюць піць. Прычым, сваю залежнасць ад згубнай звычкі не прызнаюць, прайсці кадзіроўку адмаўляюцца. Іх, як і астатніх, пад роспіс азнаёмілі з новымі правіламі накіравання ў ЛПП, строга папярэдзілі, чым могуць скончыцца такія паводзіны.

Яшчэ тром жыхарам сельсавета, якія ад некалькіх тыдняў да некалькіх гадоў з’яўляюцца незанятымі ў эканоміцы, прапанавалі варыянты працаўладкавання і параілі абавязкова імі скарыстацца.

У аднаго мужчыны, які дасягнуў пенсійнага ўзросту, сітуацыя аказалася найбольш складанай. Пенсіі ён не атрымлівае, бо не падаў на яе дакументы, пашпарт у яго несапраўдны – скончыўся тэрмін дзеяння, грошай вырабіць новы няма. Гэты чалавек пераехаў на Дзятлаўшчыну некалькі гадоў таму, і ў сельвыканкаме пра ўсе акалічнасці яго біяграфіі не ведаюць. З праблемай пачалі разбірацца на пасяджэнні і ўзялі яе на далейшы кантроль.

Усяго з членамі савета і камісіі ў аграгарадку Дварэц сустрэліся 7 жыхароў. Лейтматывам у размове з кожным з іх прагучала: ваша жыццё ў вашых руках, аднак з-за вас не павінны пакутаваць іншыя людзі. Таму выбірайце: самі будзеце працаваць і выпраўляцца ці працаваць будуць з вамі?

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga