Па тэме з аналітыкай. Новая прафесія за пару месяцаў

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Тэма: Як атрымаць новую прафесію праз службу занятасці

Факт

Здараецца, што паступіць пасля школы не атрымалася, а сядзець на шыі ў бацькоў не хочацца. Бывае і такая сітуацыя, што знайсці работу па спецыяльнасці ніяк не ўдаецца. У такіх выпадках прыйсці на дапамогу можа служба занятасці. Пры яе падтрымцы жадаючыя беспрацоўныя менш чым за год могуць прайсці навучанне па запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцях.

Слова спецыяліста

Галоўны спецыяліст аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Губар:

– На дапамогу службы занятасці ў атрыманні новай прафесіі беспрацоўныя маюць права разлічваць у некалькіх выпадках. Напрыклад, калі для іх не атрымліваецца падабраць прыдатную вакансію з-за таго, што саіскальнікі не маюць прафесіі, спецыяльнасці, кваліфікацыі, а таксама, калі ў базе вакансій няма прапановаў, што адпавядаюць прафесійным навыкам беспрацоўнага-заяўніка. На перанавучанне накіроўваюць і тых, хто не зможа выконваць работы па раней набытай спецыяльнасці, у тым ліку з-за медыцынскіх супрацьпаказанняў.

Пры гэтым асвоіць можна дзясяткі прафесій – ад прадаўца да індывідуальнага прадпрымальніка. Навучанне праходзіць ва ўстановах адукацыі горада Гродна і Гродзенскай вобласці. У сярэднім на асваенне прафесіі неабходна ад паўтара да шасці месяцаў. Так, на вадзіцеля пагрузчыка вывучаць за два месяцы; на слесара па рамонце аўтамабіляў – за тры; на повара – за чатыры; на трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці – за чатыры з паловай; на электрагазазваршчыка – за пяць; каб атрымаць спецыяльнасць цырульніка і майстра па манікюры спатрэбіцца сем з паловай месяцаў. А вось навучальныя курсы па прадпрымальніцкай дзейнасці доўжацца ўсяго адзін тыдзень.

Важныя нюансы

Служба занятасці накіроўвае беспрацоўнага на навучанне ў асноўным па заяўцы канкрэтнага наймальніка. У гэтым выпадку заключаецца трохбаковы дагавор: паміж службай занятасці, беспрацоўным і наймальнікам. У дакуменце вызначаюцца правы і абавязкі бакоў, а таксама адказнасць за парушэнне ўмоваў дагавора, пры гэтым наймальнік гарантуе беспрацоўнаму ўладкаванне пасля завяршэння курса навучання.

У перыяд вучобы беспрацоўнаму выплачваецца стыпендыя, кампенсуюцца затраты на праезд і пражыванне, пасля заканчэння выдаецца пасведчанне дзяржаўнага ўзору з прысваеннем кваліфікацыі і разраду. Час навучання залічваецца ў агульны працоўны стаж.

Даведка

У наймальнікаў Дзятлаўскага раёна найбольш запатрабаваны такія прафесіі, як повар, прадавец, слесар па рамонце аўтамабіляў, электрагазазваршчык, трактарыст, тынкоўшчык.

Куды звяртацца

Тым, хто вырашыў прайсці прафесійнае навучанне, неабходна звярнуцца ў аддзел па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама на адрас: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56. Тэлефон для даведак 2-27-01.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga