Кампліменты для абаяльных і прывабных ад губернатара

Важнае Грамадства

7 сакавіка ў Гродне на сустрэчы са старшынёй абласнога выканаўчага камітэта Уладзімірам Каранікам ушаноўвалі прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва з усіх раёнаў Прынёмання, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё рэгіёна.

Дзятлаўшчыну на ўрачыстасці прадстаўляла дырэктар Хвінявіцкай сярэднай школы Святлана Цілігузава.

Мудрых і мэтанакіраваных жанчын павіншавалі цёплымі словамі, кветкамі, памятнымі падарункамі.

Уладзімір Каранік  адзначыў, што менавіта на жаночай мудрасці і дабрыні, на жаночай стваральнай сіле трымаецца не толькі сямейны ачаг, але і грамадства ў цэлым.

Яшчэ шмат цёплых віншаванняў і кампліментаў на адрас нашых паспяховых зямлячак прагучала з вуснаў Уладзіміра Сцяпанавіча, а таксама памочніка  Прэзідэнта – інспектара па Гродзенскай вобласці Юрыя Караева.

Святлана Цілігузава падзялілася сваімі ўражаннямі ад паездкі ў абласны цэнтр:

– Калі апісваць галоўнае пачуццё, то гэта захапленне. Сустрэча прайшла на вельмі дастойным узроўні. У фае нас вітаў аркестр, можна было пафатаграфавацца. Само пасяджэнне адбылося ў канферэнцзале аблвыканкама за круглым сталом, з удзелам 19 жанчын і прадстаўнікоў абласной улады. Разам з Уладзімірам Каранікам і Юрыем Караевым нас сустракалі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Булаўка. Прыемнымі былі віншаванні, кветкі, падарункі, прагучала шмат цёплых слоў, добрыя ўражанні пакінуў канцэрт.

За сваю паездку, за сустрэчу з паспяховымі жанчынамі Гродзенскага краю словы ўдзячнасці хачу адрасаваць старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму, яго намесніку Вадзіму Бялятку, начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Марыне Лашкоўскай, за тое, што палічылі мяне дастойнай. Уражаннямі абавязкова падзялюся і з педагагічным калектывам, падзякую калегам за камандную работу, якая прывяла нас да поспеху. Жанчыны Дзятлаўшчыны плённа працуюць у розных сферах эканомікі рэгіёна, актыўна ўдзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці Гродзеншчыны. Але галоўная роля прыгожай паловы чалавецтва – гэта мацярынства. Жанчынам-работніцам школы і ўсім жыхаркам Дзятлаўшчыны да свята я жадаю моцнага здароўя, спакою і радасці на душы, у сэрцы – вясновага кахання, цёплага жаночага шчасця.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga