ГрадусПлюс. Хто пераблытаў будаўнічую пляцоўку са сметнікам?

Важнае Грамадства

У рэдакцыю газеты “Перамога” па тэлефоне звярнулася жыхарка дома 30 па вуліцы Чырвонаармейскай у гарпасёлку Наваельня з просьбай пасадзейнічаць у вырашэнні праблемы.

Па яе словах, непадалёку ідзе будоўля, і пад вокнамі дома размешчаны кучы грунту, якія пераўтвараюцца ў сметнік, адчуваюцца непрыемны пах і дыскамфорт для жыхароў шматпавярховіка.

У той самы дзень мы выехалі на месца, каб зафіксаваць сітуацыю, аднак смецця каля згаданага ў размове дома не знайшлі. Сустрэліся толькі дзве мясцовыя жыхаркі, якія былі здзіўлены павышанай увагай да іх двара і заўважылі, што будоўля ідзе сваёй чарадой, а відавочнай праблемы з парадкам у цяперашні момант няма.

Сітуацыю пракаменціраваў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік:

– Для павышэння бяспекі дарожнага руху ў гарпасёлку Наваельня вядуцца работы на аб’екце “Добраўпарадкаванне земляў агульнага карыстання з уладкаваннем пешаходных дарожак і аўтамабільнай паркоўкі” з пракладваннем ліўнёвай каналізацыі, устаноўкай фільтруючага элемента для сцёкавых водаў. Для будаўніцтва паркоўкі быў зняты раслінны слой зямлі каля дома 30 па вуліцы Чырвонаармейскай, згодна з праектам ён захоўваецца побач з будаўнічай пляцоўкай да моманту, калі будзе выкарыстаны для далейшага добраўпарадкавання. На жаль, нядобрасумленныя грамадзяне выносяць на месца складзіравання грунту свае бытавыя адходы. Неаднаразова наступствы іх учынкаў ліквідаваліся работнікамі мясцовага жылкамунгаса, на сігнал выязджалі спецыялісты райвыканкама і мясцовага сельвыканкама. У найбліжэйшы час прымем больш жорсткія меры кантролю, парушальнікі парадку панясуць адказнасць.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga