Дзятлаўшчына маладая. Станіслаў Якаўчык марыць стаць ваенным доктарам

Галоўнае Грамадства

А яшчэ дзесяцікласнік сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава спрабуе сілы ў рэспубліканскім конкурсе “Я патрыёт сваёй краіны” па вызначэнні ўдзельнікаў беларуска-расійскага праекта “Цягнік Памяці-2024”, спадзяецца выйсці ў фіналісты і ажыццявіць вандроўку па знакавых мясцінах ваеннай славы Беларусі і Расіі.

– Я выдатнік вучобы, член моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, наведваю школьную секцыю па валейболе, займаюся даследчай дзейнасцю ў галіне краязнаўства, – расказвае пра сябе Станіслаў. – Сярод апошніх работ – праект “Роля савецкай інтэлігенцыі ў партызанскім руху на акупаванай тэрыторыі Беларусі на прыкладзе інтэлігенцыі Дзятлаўскага раёна”. Яго падалі на ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі “Купалаўская вышыня”, чакаем вынікаў.

Калі ж спыняцца на дасягненнях, то сярод нядаўніх – дыплом ІІ ступені ў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Дзятлава і Дзятлаўскі раён: гісторыя і сучаснасць” з удзелам супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, дзе я прадстаўляў даследчую работу “Іх імёнамі названы вуліцы”. Такім жа дыпломам у рэгіянальнай алімпіядзе па вучэбным прадмеце “грамадазнаўства” ГрДУ імя Я. Купалы “Інтэлект. Маладосць. Беларусь” адзначаны праект “#УРОК, або Узнавать Родину Обязан Каждый” па прыцягненні школьнікаў да вывучэння гісторыі малой радзімы праз актыўныя формы турызму. Гэты ж праект я прадстаўляў на пасяджэнні моладзевага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў.

– Якія школьныя дысцыпліны табе падабаюцца?  

– Любімыя – хімія і біялогія, бо спатрэбяцца для будучай прафесіі. Аднак мая мама працуе настаўніцай гісторыі, і пад яе ўплывам я захапіўся мінуўшчынай малой радзімы. Мне цікавай была пошукавая работа па вывучэнні біяграфій партызанаў, падпольшчыкаў, абаронцаў дзятлаўскай зямлі, імёны якіх носяць вуліцы нашага райцэнтра. Важна ведаць пра подзвігі продкаў, якія змагаліся за мір і жыццё. Усё гэта стала асновай для майго сёлетняга ўдзелу ў конкурсе “Я патрыёт сваёй краіны”.

– Чым пастараешся зацікавіць журы?

– Раскажу пра сваю даследчую і грамадскую дзейнасць, пра акцыі і праекты, якія рэалізоўвалі разам з навучэнцамі нашай школы. Яшчэ, рыхтуючыся да конкурсу, у рамках напісання эсэ я аднавіў гісторыю жыцця сваёй прабабулі, якой было 18 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Нямецка-фашысцкія захопнікі вывезлі яе ў Эстонію, у канцлагер. Прабабуля выжыла, аднак калі вярнулася на малую радзіму, то даведалася, што яе сям’ю напаткала трагедыя: ворагі забілі двух братоў. Пры напісанні эсэ я зрабіў для сябе важную выснову, што гісторыя краіны, яе будучыня залежыць ад кожнай сям’і, ад нас, нашай грамадзянскай пазіцыі.

– Як любіш бавіць вольны час?

– Побач з сябрамі. На канікулах, напрыклад, я чатыры леты запар адпачываў у школьным летніку “Спадчына”. Разам з навучэнцамі і педагогамі за час зменаў на веласіпедах мы скалясілі амаль увесь раён. Летась адной з запамінальных стала паездка на месца стаянкі партызанскага атрада “Непераможны” (у лясны масіў паблізу вёскі Скрундзі). Каб пашырыць веды, я чытаю шмат гістарычнай літаратуры, з педагогамі вядзём перапіску з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, часта займаюся і ў школьнай бібліятэцы, дзе ёсць матэрыялы мясцовых краязнаўцаў. Каб устанавіць праўдзівыя факты, вывучаем некалькі крыніц, бо відавочцаў Вялікай Айчыннай вайны амаль не засталося.

Равеснікам таксама жадаю глыбей вывучаць гісторыю малой радзімы, паважліва адносіцца да той культурнай і духоўнай спадчыны, якую пакінулі нам продкі, ганарыцца Беларуссю і быць гатовымі за яе пастаяць. Упэўнены: мы будзем рабіць усё, каб яна працвітала. Будучыня – за намі, бо моладзь – гэта будучыня, якая пачынаецца сёння.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: