Дзелавы панядзелак. На нарадзе: адзіны развітальны вальс і парадак без агню

Важнае Улада

Пра рэгістрацыю дзяржмаёмасці, дзейнасць турыстычна-інфармацыйнага цэнтра, навядзенне парадку на зямлі і іншыя тэмы  гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Чым закончыцца дамашні суботнік?

У мінулыя выхадныя ў Гродзенскай вобласці было зарэгістравана 7 выпадкаў загарання сухой расліннасці (з пачатку года адбылося 25 узгаранняў у прыродных экасістэмах). Ёсць у рэгіёне і першыя ахвяры выпальвання смецця, якое засталося на прыватных падворках пасля зімы, – два чалавекі сур’ёзна пацярпелі ад апёкаў і знаходзяцца ў бальніцы.

67-гадовая пенсіянерка з Лідскага раёна, якая спальвала смецце на прысядзібным участку, кінула ў вогнішча бутэльку з рэшткамі ацэтону. Вадкасць імгненна загарэлася, і адбыўся выкід полымя. Пенсіянерка не паспела адысці і атрымала тэрмічныя апёкі.

Жыхар Карэліцкага раёна паклапаціўся аб бяспецы, калі спальваў галлё смецце: побач размясціў вядро з вадой і рыдлёўку, пастаянна кантраляваў працэс гарэння. Аднак у нейкі момант адвярнуўся, каб пагутарыць з суседзямі. Моцны парыў ветру раздзьмуў полымя, і вяскоўца ахапіла цеплавая хваля, з-за чаго мужчына атрымаў апёкі ног.

– Гэтыя прыклады трагедый – навука для ўсіх. Гаспадары прыватных дамоў і дачных участкаў ствараюць небяспеку самі. Нярэдка пажар распаўсюджваецца на гектары, гараць будынкі, гінуць людзі, жывёла. Усе адказныя службы раёна павінны максімальна прафілактыраваць падобныя здарэнні, – завастрыў увагу прысутных кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі.

Нерухомасць рэгістраваць абавязкова

На абласной нарадзе, якая папярэднічала раённай, разглядалася тэма рэгістрацыі дзяржмаёмасці.

Дзятлаўскі раён даволі добра выглядае ў агульнай табліцы рэгіёна. На 1 чэрвеня 2020 года на Дзятлаўшчыне было выяўлена 776 аб’ектаў незарэгістраванай нерухомасці. 495 з іх за 4 гады “атрымалі гаспадара”, што склала 63,8 % ад агульнай колькасці – паказчык у тройцы лепшых у вобласці. Між тым, Андрэй Садоўскі паставіў задачу сваёй намесніцы Вользе Жэлезоўскай узмацніць кантроль за правядзеннем далейшых рэгістрацыйных мерапрыемстваў суб’ектамі гаспадарання.

Міліцыя будзе наглядаць

Пасяўная кампанія – гарачая пара не толькі для сельскагаспадарчых арганізацый, якія пасля зімовага перапынку зноў выводзяць тэхніку ў поле. У гэты перыяд не менш напружаным становіцца рабочы графік і ў супрацоўнікаў міліцыі. Праваахоўнікі праводзяць рэгулярныя праверкі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Што іх цікавіць? Захаванне таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, папярэджанне крадзяжоў, працоўная дысцыпліна і іншыя важныя пытанні.

Як адзначыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, акрамя таго, прадугледжана правядзенне рабочых сустрэч з кіраўнікамі сельскагаспадарчых арганізацый, прафілактычных гутарак з асобамі, адказнымі за захоўванне таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, сабранага ўраджаю.

Пры гэтым міліцыя не займаецца толькі адным кірункам дзейнасці. Па-ранейшаму ўвагу будуць звяртаць на вартавую ахову, работнікаў фермаў. Дарэчы, на мінулым тыдні на працоўным месцы на малочна-таварным комплексе адной з гаспадарак раёна была затрымана аператар машыннага даення, ступень алкагольнага ап’янення жанчыны перавысіла 3 праміле. Наўрад ці яна ў такім стане вострага алкагольнага атручэння ўвогуле разумела, што робіць, каб рабіць.

Пару дзён – і канікулы

250 навучэнцаў установаў адукацыі раёна на вясновых канікулах, якія пачнуцца з 24 сакавіка і прадоўжацца 8 дзён, плануюць наведваць школьныя лагеры. Па завярэнні начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Марыны Лашкоўскай, настаўнікі і выхавальнікі запланавалі для іх насычаную і цікавую праграму.

Таксама Марына Яўгеньеўна расказала, што зараз усе школы Дзятлаўшчыны рыхтуюцца да раённага этапу конкурсу “Сям’я года”. А яшчэ распавяла пра новаўвядзенне раённага выпускнога балю, які, дарэчы, адбудзецца 14 чэрвеня. У гэтым годзе на плошчы 17 Верасня ўсе выпускнікі раёна, а гэта 70 пар, закружацца ў адзіным развітальным вальсе.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: