Бруцэлёз – агульная хвароба для чалавека і жывёлы

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

На сённяшні дзень пагоршылася эпізаатычная сітуацыя і распаўсюджванне бруцэлёзу буйной рагатай жывёлы ў прыгранічных краінах, адпаведна, існуе пагроза занясення дадзенага захворвання на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Жыхарам нашага раёна варта ведаць пра хваробу і засцерагчыся ад яе.

Асноўнай крыніцай бруцэлёзнай інфекцыі для людзей з’яўляецца дробная, буйная рагатая жывёла і свінні. У жывёл бруцэлёз праяўляецца абортамі, нараджэннем нежыццяздольнага маладняку, зніжэннем прадуктыўнасці.

Заражэнне чалавека адбываецца пры аказанні дапамогі пры родах, абортах, забоі і апрацоўцы туш, стрыжцы воўны; пры кантакце з прадметамі, забруджанымі вылучэннямі жывёл; пры ўжыванні ў ежу мяса, якое недастаткова тэрмічна апрацавана, а таксама НЕКІПЯЧОНАГА МАЛАКА АБО МАЛОЧНЫХ ПРАДУКТАЎ З СЫРОГА МАЛАКА (тварог, сыр, смятана і іншыя).

Найбольшая колькасць людзей захворвае вясной і летам. Інкубацыйны перыяд бруцэлёзу (час ад кантакту з хворай жывёлай да з’яўлення клінічных сімптомаў) складае 2-4 тыдні, а часам зацягваецца да двух месяцаў.

Пачынаецца хвароба, як правіла, з павышэння тэмпературы цела да 39-40 °С (характэрныя ўздымы тэмпературы ў вячэрнія і начныя гадзіны) на працягу 7-10 дзён і больш, у асобных выпадках пры адсутнасці адпаведнай тэрапіі тэмпература трымаецца да 2-3-х месяцаў. Ліхаманка суправаджаецца дрыжыкамі, павышанай патлівасцю і агульнымі сімптомамі інтаксікацыі. Пасля далучаюцца сімптомы паражэння апорна-рухальнага апарата (суставаў), сардэчна-сасудзістай, нервовай і іншых сістэм арганізма. Пры гэтым чалавек адчувае сябе адносна добра на фоне высокай тэмпературы.

Для папярэджання захворвання на бруцэлёз неабходна:

набываць прадукты ў строга ўстаноўленых месцах (магазінах, міні-маркетах і іншых);

не дапускаць ужыванне сырога малака, набытага ў прыватных асобаў, без тэрмічнай апрацоўкі (узбуджальнік у малацэ гіне пры 65 °С праз 30 хвілін, пры 80-85 °С – праз 5 хвілін, пры кіпячэнні – імгненна);

гатаваць мяса невялікімі кавалкамі, з правядзеннем тэрмічнай апрацоўкі не менш за гадзіну.

Грамадзянам, якія трымаюць жывёлу на прыватных падворках, неабходна:

ажыццяўляць рэгістрацыю жывёлы ў ветэрынарнай установе, атрымаць рэгістрацыйны нумар у форме біркі;

куплю, продаж, здачу на забой, выган, размяшчэнне на пашу і ўсе іншыя перамяшчэнні праводзіць толькі з ведама і дазволу ветэрынарнай службы;

захоўваць каранцін на працягу 30 дзён набытых жывёл для правядзення ветэрынарных даследаванняў і апрацовак;

інфармаваць ветэрынарную службу аб усіх выпадках захворвання з падазрэннем на бруцэлёз (аборты, нараджэнне нежыццяздольнага маладняку);

строга выконваць рэкамендацыі ветэрынарнай службы па ўтрыманні жывёлы.

Захаванне гэтых рэкамендацый дазволіць прадухіліць заражэнне на бруцэлёз.

Баляслаў КУЛЕШ,
начальнік Дзятлаўскай раённай ветстанцыі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga