Ад абароны працоўных інтарэсаў да аздараўлення і турызму

Важнае Грамадства

Адбылося пасяджэнне савета Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў пад кіраўніцтвам старшыні арганізацыі Аляксандра Дубовіка з удзелам старшыняў раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага і Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Андрэя Кардаша.

З вынікамі дзейнасці раённага аб’яднання прафсаюзаў у 2023 годзе і задачамі на 2024 год прысутных азнаёміў Аляксандр Дубовік, які расказаў, што работа ажыццяўляецца ў адпаведнасці з планам і яна шматгранная. Сярод кірункаў: выкананне Пагаднення з Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэтам; развіццё і ўмацаванне сацыяльнага партнёрства; дасягненне максімальнага ахопу работнікаў арганізацый калектыўна-дагаворным рэгуляваннем працоўных і сацыяльна-эканамічных адносінаў; садзейнічанне галіновым прафсаюзам у стварэнні новых пярвічак, у першую чаргу ў арганізацыях недзяржаўнай формы ўласнасці; маніторынгі праблемных пытанняў у галіне аплаты працы, занятасці, сацыяльных гарантый, цэнаўтварэння, аховы працы.

Раённае аб’яднанне прафсаюзаў прадстаўлена 4 раённымі арганізацыямі і 95 пярвічнымі з 12 галіновых прафсаюзаў, якія аб’ядноўваюць больш за 7,5 тысячы членаў, яшчэ 4 прафсаюзныя групы прадстаўляюць пярвічныя арганізацыі, якія зарэгістраваны за межамі раёна, але тут маюць структурныя падраздзяленні. Агульны ахоп членствам – 98,7 %.

Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама летась прайшлі перарэгістрацыю 27 калектыўных дагавораў, у 67 унесены змяненні і дапаўненні, выдадзена 7 рэкамендацый аб прывядзенні ў адпаведнасць. Актыўна вялася работа па рэгуляванні працоўных і сацыяльных пытанняў, увага надавалася стану рынку працы, узроўню і своечасовасці выплаты зарплат. Адбылося 383 наведванні праблемных арганізацый. За студзень-снежань 2023 года намінальная сярэднямесячная заработная плата ў раёне павялічылася на 118,3 % і склала 1504,9 рубля, выплачвалася своечасова. Грамадскай камісіяй па ахове працы, прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў аказвалася метадычная дапамога прафактывам арганізацый. Праводзіліся маніторынгі тэмпературнага рэжыму, праверка забеспячэння работнікаў спецадзеннем і сродкамі індывідуальнай абароны: накіраваны 19 рэкамендацый на ўхіленне 75 парушэнняў. Штоквартальна праходзілі абласныя Адзіныя дні прафілактыкі вытворчага траўматызму з давядзеннем інфармацыі аб прычынах траўмавання і гібелі. Аднак у раёне зарэгістраваны 3 няшчасныя выпадкі, 2 – са смяротным зыходам.

Штомесяц праводзіліся маніторынгі цэн па 76 пазіцыях з унясеннем вынікаў у адзіную базу ФПБ.

Прафсаюзным інспектарам працы правяралася выкананне працоўнага заканадаўства, умоваў калектыўных дагавораў: у 15 арганізацыях выяўлена 28 парушэнняў, выдадзена 11 рэкамендацый. У раённае аб’яднанне прафсаюзаў паступіла 23 вусныя звароты, пераважалі пытанні падаўжэння кантрактаў, прадастаўлення працоўных і сацыяльных водпускаў, дадатковых гарантый па калектыўных дагаворах, працаўладкавання, аздараўлення, аказання матэрыяльнай дапамогі. Праводзіўся штомесячны рэспубліканскі прававы прыём у 10 арганізацыях раёна, звярнулася 16 жыхароў, практычна ўсе праблемы вырашыліся ў пазасудовым парадку.

У 2023 годзе ў Дзятлаўскім раёне створана 5 новых пярвічак.

Па рашэнні VIII з’езда ФПБ па развіцці ўнутранага экскурсійнага турызму прафарганізацыі раёна актыўна займаліся арганізацыяй паездак і экскурсій. На 2024 год стаіць задача прадоўжыць работу па павышэнні эфектыўнасці аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння членаў прафсаюза і іх сем’яў у санаторыях УП “Белпрафсаюзкурорт”.

Надавалася ўвага рабоце з моладдзю па ўключэнні маладых работнікаў у прафсаюзнае жыццё. Саветам раённага аб’яднання сумесна з РК ГА “БРСМ” арганізаваны рад мерапрыемстваў. Не забываў прафсаюзны актыў пра ветэранаў і пенсіянераў. У рамках дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы – дзецям” аказвалася дапамога па аздараўленні непаўналетніх, у падрыхтоўцы да школы, правядзенні навагодніх дабрачынных мерапрыемстваў, выдзялялі сродкі на патанненне пуцёвак у летнікі.

Шырока вялася інфармацыйная работа праз раённую газету, сайт аб’яднання прафсаюзаў, сацыяльныя сеткі.

Напрыканцы выступлення Аляксандр Дубовік падзякаваў прафсаюзнаму актыву раёна за плённае супрацоўніцтва і рэалізацыю пастаўленых ФПБ задач.

Работа за мінулы год прызнана здавальняючай, яшчэ разгледжаны пытанні аб унясенні змяненняў у саставы савета Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў і прэзідыума, а таксама аб скліканні II справаздачна-выбарчай канферэнцыі раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Прыемным момантам стала ўзнагароджанне. Знакам пашаны Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адзначаны Мікалай Бубноўскі, граматамі і каштоўнымі падарункамі раённага аб’яднання прафсаюзаў – Ала Барысенка, Святлана Кетка, Наталля Клімовіч, Вераніка Яраш, Марына Панкевіч.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga