Служба “адно акно”. Навошта кансерваваць “незавершанку” і пры чым тут “адно акно”?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Кожны, хто пачынаў узвядзенне дома або працягваў будоўлю пасля папярэдніх уладальнікаў, ведае пра тэрміны будаўніцтва і пра рызыкі страты зямельнага ўчастка з-за іх невыканання.

Адзін з варыянтаў выхаду з сітуацыі, калі вы не паспяваеце завяршыць будоўлю ва ўстаноўлены заканадаўствам тэрмін, – гэта кансервацыя.

Кансервацыяй з’яўляецца прыпыненне будаўніцтва на тэрмін не больш за тры гады з выкананнем асобных відаў работ па забеспячэнні захаванасці дома, які будуецца, (пры неабходнасці) і добраўпарадкавання зямельнага ўчастка, на якім ён размешчаны. Прадаць зямельны ўчастак, які знаходзіцца ва ўласнасці, і/або “незавершанку” вы зможаце толькі тады, калі зробіце кансервацыю аб’екта.

Закансерваваць будоўлю можна, пачынаючы з падмурка да фактычна пабудаванага дома. Напрыклад, адсутнасць выкананых у поўным аб’ёме работ па мантажы якой-небудзь інжынернай камунікацыі дома можа паслужыць падставай да кансервацыі ўсяго будынка.

Варта памятаць, што, калі будуецца дом не накрыты дахам, яго кансервацыя магчымая толькі ў перыяд дзеяння ўстаноўленага трохгадовага тэрміну будаўніцтва (пяці гадоў у выпадку падаўжэння тэрміну будаўніцтва). Пры ўмове заканчэння гэтага тэрміну замест кансервацыі мясцовы выканкам мае права ініцыяваць адабранне зямельнага ўчастка.

Грамадзянін павінен звярнуцца за ажыццяўленнем кансервацыі непасрэдна перад заканчэннем устаноўленых указам № 87 тэрмінаў для завяршэння будаўніцтва. Уласнік мае права зрабіць гэта ў любы момант пры ўзнікненні абставінаў, якія сведчаць аб немагчымасці завяршэння будаўніцтва жылога дома. Заканадаўства не забараняе па жаданні грамадзяніна ажыццявіць кансервацыю жылога дома, які ўжо мае падмурак, сцены і дах, але не гатовы да прыёмкі ў эксплуатацыю.

Для ажыццяўлення кансервацыі неабходна прыняць меры па забеспячэнні захаванасці (у тым ліку ад разбурэння) канструктыўных элементаў будынка, нявыкарыстаных будаўнічых матэрыялаў, засцерагчы і прывесці ў парадак тэрыторыю зямельнага ўчастка (засыпаць траншэі і ямы, вывезці смецце і будаўнічыя адходы, скасіць пустазельную расліннасць, пастаянна падтрымліваць парадак на ўчастку).

Па завяршэнні гэтых работ неабходна звярнуцца ў службу “адно акно” з заявай аб завяршэнні работ па кансервацыі і выдачы акта праверкі ажыццяўлення кансервацыі.

Тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры – 1 месяц, дзейнічае заява не больш за 3 гады з даты падпісання акта. Плата за ажыццяўленне адміністрацыйнай працэдуры не спаганяецца.

З актам кансервацыі варта звярнуцца ў БТІ для рэгістрацыі стварэння незавершанага закансерваванага капітальнага будынка і рэгістрацыі ўзнікнення права на яго. Пасля атрымання рэгістрацыйных дакументаў і тэхнічнага пашпарта на будынак ўсю працэдуру кансервацыі можна лічыць завершанай.

Нагадаем, што дзятлаўскае “адно акно” размяшчаецца па адрасе: г. Дзятлава, вул. Чырвонаармейская, 21 (уваход з тарца). Працуе служба па зручным для грамадзян графіку: панядзелак, аўторак, чацвер, пятніца з 8.00 да 17.00, серада з 8.00 да 20.00 без перапынку на абед.

Станіслава ГАНЧАР,
галоўны спецыяліст аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама, кіраўнік службы “адно акно”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga