Новыя аўтамабілі – для ўчастковых інспектараў

Важнае Грамадства

Нядаўна аўтапарк аддзела ўнутраных спраў райвыканкама папоўніўся трыма аўтамабілямі.

Новая “Лада” была набыта для міліцыі раёна за сродкі ТАА “Ізакам”: прадпрыемства адгукнулася на хадайніцтва і аказала дапамогу праваахоўным органам для выканання службовых задач. Другі аўтамабіль УАЗ быў перададзены аддзелу ад УУС Гродзенскага аблвыканкама. Разам з праваахоўнікамі вобласці да 100-годдзя з дня ўтварэння падраздзяленняў участковых інспектараў міліцыі АУС Беларусі дзятлаўчане атрымалі новую “Geely Emgrand”.

Ключы ад службовых аўтамабіляў участковым інспектарам міліцыі Віктару Лазуту і Аляксандру Скварчынскаму ўручылі на ўрачыстым сходзе калектыва аддзела.

Аляксандр Іванавіч выказаў словы ўдзячнасці прадпрыемству за новы аўтамабіль:

– У паўсядзённай рабоце ўчастковых без транспарту нікуды: трэба быць мабільным, каб хутка прыбываць на месца і вырашаць тэрміновыя задачы. З новай надзейнай машынай рабіць гэта будзе зручней і камфортней. Дзякуй ТАА “Ізакам” за разуменне спецыфікі нашай службы і аказаную фінансавую падтрымку.

Віктар Лазута лічыць, што атрыманыя машыны стануць для ўчастковых добрым падспор’ем:

– Па сваёй службе мы не сядзім на месцы, выязджаем на паведамленні і прафілактычныя мерапрыемствы па ўсім сельсавеце. Не заўсёды дарога асфальтаваная, недзе перасечаная мясцовасць, таму асабліва ў зімовы час аўтамабіль з павышанай праходнасцю вельмі патрэбны. У сферу маёй адказнасці ўваходзіць 33 населеныя пункты, а гэта каля 3,2 тысячы насельніцтва. Самае прыемнае ў рабоце – усведамляць, што ты дапамагаеш людзям, чуць словы ўдзячнасці ад землякоў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga