У сацыяльнай службы Дзятлаўскага раёна – новы аўтамабіль

Галоўнае Грамадства

8 лістапада на базе ААТ “Брэстмаш” адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы аўтамабіляў для ўстановаў сацыяльнага абслугоўвання Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцей.

Транспартныя сродкі закуплены Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь за кошт рэспубліканскага бюджэту.

Чатыры новыя машыны адправіліся на Гродзеншчыну ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага, Лідскага, Ашмянскага раёнаў і Гродзенскі дом-інтэрнат.

Ключы ад новай “Лада Гранд” у час урачыстасці атрымала дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык.

Таццяна Сямёнаўна расказала аб сваіх уражаннях і важнасці такога каштоўнага падарунка для сацыяльнай службы:

– Уражанні самыя пазітыўныя. Нам даўно была патрэбна новая машына, і легкавы аўтамабіль “Лада Гранд”, абсталяваны спецыяльным пад’ёмнікам для перавозкі інвалідаў-калясачнікаў вельмі дарэчы. Безумоўна, у нашай службы да гэтага былі дзве адзінкі тэхнікі – легкавы аўтамабіль і мікрааўтобус, аднак іх мы атрымалі ад УП “Гродногражданпроект” са 100 % зносам. Пільна сачылі за тэхнічным станам, таму карысталіся на працягу 10 гадоў, аднак апошнім часам пачасціліся рамонты, і калі ўлічваць расход паліва і рэгулярную пакупку запчастак, то патрэба ў новай машыне была адчувальнай.

Таму нашай установе, ды і раёну ў цэлым вельмі пашанцавала атрымаць такі каштоўны падарунак ад Міністэрства сацыяльнай абароны. Машына будзе запатрабаванай. Мы заўжды цесна супрацоўнічаем з іншымі службамі раёна, у тым ліку з медыцынай, бо галоўнае – гэта дапамога людзям.

Новы аўтамабіль будзе замацаваны за Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання, а ключы ад яго атрымае наш правераны часам вадзіцель Уладзімір Цілігузаў. Выкарыстоўвацца гэта тэхніка будзе па розных напрамках дзейнасці сацыяльнай службы раёна. Сярод іх – абследаванне жыхароў на выяўленне ўразлівых катэгорый грамадзян і аказанне ім дапамогі. Дастаўка з Гродна тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, такіх як інвалідныя каляскі, хадункі, супрацьпролежневыя матрацы, сядзенні для ваннаў, – вельмі запатрабаваных у маламабільных жыхароў раёна і інвалідаў. Яшчэ адзін кірунак – дастаўка наведвальнікаў нашых аддзяленняў на культурна-масавыя мерапрыемствы і конкурсы. Як бачыце, тэхніка сацыяльнай службе проста неабходна для аператыўнай работы і своечасовага забеспячэння патрэбаў уразлівых катэгорый насельніцтва.

У Дзятлаве ўдзельнікаў урачыстай цырымоніі і новы аўтамабіль радасна сустракалі работнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і сябры ўстановы.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі і аўтарам

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga