Таццяна Умоўская: “Пачуццё гонару і адказнасці”

Важнае Грамадства

У Новаяльнянскім сельвыканкаме адбылася сустрэча з насельніцтвам, на якой дэлегат VІІ Усебеларускага народнага сходу ад Дзятлаўскага раёна, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Новаяльнянскай сярэдняй школы, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Таццяна Умоўская расказала аб сваім удзеле ў форуме.

– Мяне перапаўнялі пачуццё гонару і адказнасці. Гонару за давер, які мне аказалі землякі, выбраўшы дэлегатам, адказнасці – за важныя стратэгічныя рашэнні, якія буду прымаць у саставе УНС. Усяго на сходзе прысутнічала 1159 дэлегатаў – прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Беларусі і розных слаёў грамадства, яшчэ 715 чалавек былі ў якасці запрошаных удзельнікаў, – адзначыла Таццяна Аляксандраўна. – У першы дзень сустрэчы Прэзідэнт выступіў з пасланнем, якое праходзіла пад дэвізам: “Час выбраў нас”. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ХІІ УНС стаў падзеяй, якая раздзяліла гісторыю краіны на “да” і “пасля”, паколькі форум сабраўся ўжо ў якасці канстытуцыйнага органа з пашыранымі паўнамоцтвамі. Набыўшы свой новы статус, сход стаў своеасаблівым “абарончым буферам” ад тых працэсаў і падзей, якія ідуць уразрэз з інтарэсамі нашай дзяржавы. А таму беларускі лідар падкрэсліў, што быць дэлегатам УНС, значыць, несці адказнасць за лёс краіны, быць “барометрам” грамадскіх настрояў, данесці да людзей, як важна сёння заставацца моцнымі, адзінымі, згуртаванымі ў адстойванні інтарэсаў роднай краіны.

Выступленне беларускага лідара было глыбокім і грунтоўным, закранала як сітуацыю на сусветнай арэне, так і ўнутры нашай краіны, на яе граніцах. І ўсё ж большая частка выказванняў Прэзідэнта была прысвечана дасягненням Беларусі. Для нас з вамі не сакрэт, што сёння Беларусь сапраўды можа ганарыцца поспехамі ва ўсіх кірунках: ад эканомікі да сацыяльнай сферы. Брэнд нашай дзяржавы – магутная сацыяльная палітыка: падтрымка шматдзетных і маладых сем’яў, людзей пажылога ўзросту і інвалідаў, клопат аб камфортным жыцці грамадзян і ў гарадской, і ў сельскай мясцовасцей. Безумоўна, геапалітычныя выклікі патрабуюць ад беларусаў станавіцца мацнейшымі, аднак “настае час не агрэсіўна моцных, а моцных духам”. І прынятыя на УНС стратэгічныя дакументы адлюстроўваюць сучасныя рэаліі.

Больш падрабязна на гэтых важных нарматыўных актах спыніўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён падкрэсліў, што беларуская Ваенная дактрына мае выключна абарончы характар, а нацыянальная бяспека складаецца не толькі з ваеннай і палітычнай бяспекі, але і скіравана на захаванне гістарычнай памяці, культурнай спадчыны, іншых духоўна-маральных каштоўнасці нашага народа.

Напрыканцы пасяджэння старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч прадоўжыла размову на тэму бяспекі, але ў больш вузкім сэнсе і нагадала жыхарам сельсавета правілы бяспечных паводзінаў у побыце.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: