“Навагодні агеньчык” у Гродне: уражанні дзятлаўчан

Важнае Грамадства

З ініцыятывы Прэзідэнта ўжо другі год запар на Гродзеншчыне, які і па ўсёй Беларусі, праходзіць акцыя “Ад усёй душы”, закліканая падарыць шчыры клопат, цёплую ўвагу і добрае свята пажылым людзям, каб ніхто з іх не адчуваў сябе адзінока.

3 студзеня ў Гродне з удзелам старшыні абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Караніка ў фармаце “Навагодняга агеньчыка” адбылося ўрачыстае адкрыццё акцыі. На абласное свята з кожнага раёна былі запрошаны па тры чалавекі – заслужаныя работнікі розных сфер. Дзятлаўшчыну на ім прадстаўлялі Галіна Чура, Вольга Башко, Ядвіга Гушча.

Віншуючы прысутных, Уладзімір Каранік адзначыў, што сустрэча сабрала на адной пляцоўцы людзей вопытных, якія шмат зрабілі як для сваіх прадпрыемстваў, так і ў цэлым для развіцця Прынёмання. І няхай па стане здароўя, па ўзросце яны адышлі ад актыўнай працоўнай дзейнасці, але гэта не значыць, што ім няма чым падзяліцца. Аднак галоўнае, для чаго іх запрасілі, – выказаць словы падзякі і яшчэ раз паспрабаваць і словам, і справай даказаць, што для нашай дзяржавы важны кожны чалавек.

Галіна Чура:

– Нягледзячы на тое, што свята для нас арганізаваў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама, на ім прысутнічалі не толькі яго спецыялісты на чале са старшынёй Вольгай Сядзельнік, але і губернатар вобласці Уладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, старшыня абласнога савета ветэранаў Іван Тустаў і многія іншыя вядомыя людзі Прынёмання. Было адметна сустрэцца з імі, пагрузіцца ў цёплую атмасферу свята: паспяваць песні, узгадаць, як мы раней святкавалі Новы год, паўдзельнічаць у віктарынах.

Звяртаючыся да нас, Уладзімір Каранік прызнаўся, што яму цяжка ўжываць выраз “пажылыя людзі”, бо ў зале сабраліся мудрыя жыхары Гродзеншчыны, якія прадаўжаюць быць актыўнымі, перадаюць свой працоўны і жыццёвы вопыт малодшым пакаленням. Я таксама мяркую, што ў такім выпадку больш дарэчы казаць, што гэта была сустрэча ветэранаў вайны і працы, акцэнтуючы ўвагу менавіта на заслугах прысутных. Свята мне спадабалася. На ім панавала спрыяльная атмасфера, нас павіншавалі, уручылі падарункі, але галоўнае, вядома ж, знак увагі.

Вольга Башко:

 

– Згодна са словамі кіраўніка вобласці, што мы пабывалі на сустрэчы людзей, на працоўным вопыце якіх будавалася Беларусь і які перадаецца ад пакалення да пакалення. У добрых сем’ях так і адбываецца: дзеці і ўнукі ведаюць і цэняць, каму абавязаны сваім шчаслівым, спакойным і паспяховым жыццём.

Свята спадабалася, бо было вельмі прыемна правесці час сярод мудрых, таленавітых, вядомых жыхароў Прынёмання. Многія з запрошаных шмат гадоў адпрацавалі ў сферы культуры, а таму і самі прыгожа спявалі песні, нават уласнага сачынення. З намі за столікам, напрыклад, сядзела вядомая гродзенка, заслужаны работнік культуры БССР Галіна Качалава – пераможца шоу “Фактар. by 60+”. Мы з захапленнем глядзелі на гэту цудоўную таленавітую жанчыну-прыгажуню, якая выглядае маладой і мае вельмі мілагучны голас.

Дзякуй за такое адметнае свята.

Ядвіга Гушча:

– Вельмі рада была пабываць на сёлетнім адкрыцці абласной акцыі “Ад усёй душы”. Уражанні засталіся найлепшыя, бо арганізатары ўлічылі інтарэсы і густы нашага пакалення. Мы спявалі шлягеры былых гадоў, адгадвалі назвы кінастужак, удзельнічалі ў конкурсах, я нават выйграла прыз. У нас быў вясёлы актыўны столік. Я і сама з задавальненнем падзялілася ўспамінамі, як сустракалі 2000 год – своеасаблівы пераход з ХХ у ХХІ стагоддзе, як хутка праляцелі апошнія 23 гады. Разам з тым мы яшчэ застаёмся бадзёрымі і актыўнымі, стараемся ўносіць свой уклад у развіццё грамадства. Свята спадабалася, бо падобныя сустрэчы аб’ядноўваюць. Мяркую, гэта традыцыя будзе прадоўжана і ў наступным годзе.

 

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga