ГрадусПлюс. “Ватрушка” з траўмамі

Важнае Грамадства

Катанне на цюбінгу (у народзе “ватрушцы”) – самая папулярная зімовая забава дарослых і моладзі.

Сёння такія прылады ёсць практычна ў кожнай сям’і з дзецьмі, часта і не па адным экзэмпляры.

– Нарэшце дачакаліся! – вырашылі ўсе аматары пакатацца, як толькі пасля Новага года выпаў добры пласт снегу, і рушылі заваёўваць схілы. Геаграфію і разнастайнасць катання на цюбінгу можна адсочваць у любых сацыяльных сетках: напрыклад, аграблогер і трэнер Дзяніс Трафімчык павёз сваіх падапечных у Навагрудак, мае знаёмыя знайшлі выдатныя месцы на прасторах роднага раёна або проста возяць адзін аднаго па прамой па сваіх вуліцах і дварах.

Аднак большасць юных дзятлаўчан з мікрараёна вуліцы Навагрудскай (і не толькі) аблюбавалі выдатнае, на першы погляд, месца для катання – яблыневы сад былога інтэрната, што размешчаны па вуліцы Янкі Купалы. Усе снежныя дні і вечары канікулаў там было вельмі ажыўлена: са старога падвала, які стаў імправізаванай горкай, без нагляду дарослых каталіся ўсе жадаючыя і хто як мог.

Аднак варта больш уважліва прыгледзецца да гэтага папулярнага ў дзяцей месца. Вакол “горкі” растуць дрэвы, некаторыя – дастаткова недалёка для таго, каб на вялікай хуткасці ў іх урэзацца. Адзін з глыбока накатаных спускаў вядзе проста ў створку адкрытых металічных варот, дзіўна, што туды дагэтуль яшчэ ніхто не ўехаў. На версе падвала – зламаная металічная труба, таксама не самы бяспечны аб’ект.

Калі нехта з вас, паважаныя дарослыя, сумняваецца, што на такой горцы для дзяцей небяспечна, задумайцеся над статыстыкай: у час спуску “ватрушка” здольная развіваць вельмі высокую хуткасць – да 50 км/г і большую, а таксама можа закручвацца вакол сваёй восі, змяняць траекторыю. Калі не хочаце пазбаўляць дзяцей зімовай радасці, знайдзіце ім бяспечнае месца для катання пад вашым наглядам.

Але што ж рабіць з імправізаванай небяспечнай горкай?

– Зачыніць і не пускаць! – разважаць хуткія на расправу “правільныя” грамадзяне.

Гэта зрабіць прасцей за ўсё, але як быць з дзецьмі, якім хочацца катацца? Ці ёсць у Дзятлаве бяспечныя дазволеныя месцы для катання на цюбінгах, расказаў начальнік сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда:

– На цяперашні момант зручная бяспечная горка для катання на цюбінгах ёсць на тэрыторыі сядзібы “Каля дуба”, куды дзеці могуць выязджаць арганізаванымі групамі разам з настаўнікамі. Вопыт стварэння горкі для катання ў Дзятлаве мы маем, яна была на стадыёне колішняга інтэрната. Аднак пераменлівае надвор’е паказвае недаўгавечнасць такога праекта: праз пару дзён ужо чакаецца пацяпленне, і такія тэмпературныя “арэлі” прадоўжацца. Самы дзейсны спосаб засцерагчы сваё дзіця ад траўмаў, на маю думку, саставіць яму кампанію ў гэтай забаве або хаця б арганізаваць нагляд. Нагадаю, што на цюбінгах, лыжах і іншых зімовых спартыўных снарадах можна катацца на стадыёне “Колас” і катку побач з ім.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga