Гэтага магло і не быць

Важнае Здарэнні і бяспека

Пад такой назвай у ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў” прайшоў выязны семінар-вучоба, на якім члены мабільнай групы нагадалі работнікам прадпрыемства патрабаванні па ахове працы і пажарнай бяспецы на вытворчасці.

Такая сустрэча не першая, аналагічныя праходзяць у гаспадарках і прадпрыемствах нашага раёна. Неабходнасць у іх прыспела з-за павелічэнняў у 2023 годзе на Гродзеншчыне выпадкаў траўматызму і гібелі людзей на вытворчасці.

Паколькі камбінат хлебапрадуктаў адносіцца да пажаранебяспечных прадпрыемстваў, першым асноўныя правілы бяспекі і патрабаванні інструкцый па пажаратушэнні нагадаў інспектар сектара кантролю і прафілактыкі Дзятлаўскага РАНС Арсеній Сенкавец. Спыніўся на тым, што ў арганізацыі павінны быць распрацаваны адпаведныя інструкцыі, прызначаны адказныя работнікі, у спраўным стане неабходна ўтрымліваць сродкі пажаратушэння. Таксама ратаўнік нагадаў, якім чынам павінна праходзіць падрыхтоўка па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму. Не абышоў увагай правілаў карыстання вогнетушыцелем і бяспекі ў побыце пры карыстанні электрапрыборамі і пячным ацяпленнем. Падкрэсліў, што грубым парушэннем з’яўляецца курэнне ў жылых памяшканнях, а “п’яная цыгарэта”, наогул, адна з галоўных прычын гібелі людзей на пажарах, у тым ліку ў нашым раёне. Неспрыяльна для Гродзеншчыны пачаўся 2024 год: у рэгіёне на 18 % павялічылася колькасць вогненных здарэнняў, іх ужо адбылося 64, з якіх на Дзятлаўшчыне – 4, загінуў адзін жыхар.

Галоўны спецыяліст сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сцяпан Вольскі правёў аналіз выпадкаў вытворчага траўматызму ў вобласці і раёне. Падкрэсліў, што самая частая прычына няшчасцяў – чалавечы фактар, прычым у кожным канкрэтным выпадку абавязкова ацэньваецца як ступень віны наймальніка, так і пацярпелага работніка, што напрамую ўплывае на памер грашовай кампенсацыі. На Дзятлаўшчыне ў мінулым годзе адбыліся 3 няшчасныя выпадкі, 2 з іх з гібеллю. У сувязі з гэтым Сцяпан Станіслававіч нагадаў асноўныя правілы бяспекі з улікам характару вытворчасці. Ён заклікаў работнікаў, калі яны становяцца сведкамі нават нязначных парушэнняў з боку калегаў, абавязкова рабіць ім заўвагі.

Як павінна быць арганізавана работа па ахове працы, правядзенне інструктажаў, навучанне і праверка ведаў, запаўненне журналаў, расказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Латушка. Засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што ўсё гэта павінна адбывацца не дзеля “галачкі”, аб парушэннях таксама нельга маўчаць, бо пацярпелым можа стаць не парушальнік, а яго калега.

Памочнік доктара-гігіеніста Дзятлаўскага райЦГЭ Марыя Шымчык спынілася на змяненнях у санітарна-гігіенічных патрабаваннях да ўмоваў працы, па ўтрыманні і эксплуатацыі вытворчых аб’ектаў, своечасовым праходжанні медыцынскіх аглядаў. Расказала, што з 43 правераных аб’ектаў гаспадарання ў мінулым годзе парушэнні былі выяўлены на 38, найчасцей фіксаваліся невыкананні патрабаванняў па ўтрыманні вытворчых, бытавых памяшканняў, прылеглых тэрыторый.

Вынікі семінара падвёў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік. Ён патлумачыў, што назва сустрэчы “Гэтага магло і не быць” выбрана не выпадкова. Заўсёды “складальнікамі”, якія вядуць да трагедый, з’яўляюцца фармалізм у рабоце адказных асобаў, абыякавасць і няўважлівасць саміх пацярпелых. Звычайна людзі ведаюць, як нельга рабіць, але робяць. На жаль, тэхніка бяспекі такіх паводзінаў не даруе. Аляксандр Міхайлавіч пажадаў удзельнікам мерапрыемства быць адказнымі за сябе і калегаў, здаровымі прыходзіць на работу і вяртацца дамоў.

Пасля семінара члены мабільнай групы агледзелі бытавыя памяшканні прадпрыемства і пляцоўку для складавання металалому.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga