Анастасія Шавель: “Буду старацца, каб Беларусь працвітала”

Галоўнае Грамадства

Анастасія Шавель з Дзятлава адзначана прэміяй Аляксандра Дубко.

Яна была ў ліку 34 маладых людзей, навучэнцаў і студэнтаў Прынёманскага рэгіёна, якія 12 студзеня ўзышлі на абласную сцэну, каб атрымаць заслужаную ўзнагароду.

Падтрымка таленавітай, моладзі з’яўляецца прыярытэтным напрамкам дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Нагадаем, што абласной прэміі імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко ўдастойваюцца асабліва адораныя навучэнцы ўстановаў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і студэнты ВНУ за высокія дасягненні ў вучэбнай дзейнасці і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.

З высокай узнагародай лаўрэатаў прэміі павіншавала старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.

У абласным цэнтры наш раён разам з Анастасіяй Шавель прадстаўлялі яе мама Марыя Мікалаеўна, а таксама метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Гайдук, дырэктар сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, дзе вучыцца дзяўчына, Іван Кібінь, і яе класны кіраўнік Святлана Салаўёва.

– Эмоцыі зашкальваюць, – прызналася мама адзінаццацікласніцы. – Я вельмі ўдзячна кіраўніцтву аддзела адукацыі і усім настаўнікам, якія былі побач з маёй дачкой, вялі яе да поспеху і палічылі дастойнай прэміі Аляксандра Дубко. Асаблівае “дзякуй” Марыне Яўгенаўне Лашкоўскай, Алене Мікалаеўне Гарановіч, Таццяне Афанасьеўне Кулеш. Я вельмі ганаруся і сваёй дачкой, нашай беларускай моладдзю, за якой будучыня краіны.

– Вельмі рада такой значнай падзеі ў маім жыцці, – падзялілася ўражаннямі Анастасія Шавель. – Падобныя ўзнагароды вельмі матывуюць, падтрымліваюць, настройваюць на далейшыя дасягненні. Я ўдзячна ўсім, хто палічыў мяне дастойнай гэтай прэміі. Шчаслівая, што жыву ў мірнай, прыгожай, спакойнай краіне. Вельмі люблю сваю Айчыну і буду прыкладаць усе намаганні, старацца, каб Беларусь працвітала!

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі цырымоніі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: