Адзіны дзень інфармавання. Амбіцыёзная мэта для беларусаў на 2024 год

Важнае Улада

18 студзеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Працавала некалькі груп.

З калектывам ААТ “Граніт-Агра” сустрэлася абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з начальнікам упраўлення дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Аляксандрам Собалем і намеснікам генеральнага дырэктара Гродзенскага гандлёва-вытворчага РУП “Фармацыя” Таццянай Зарэцкай. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага выступіла ў ААТ “Новаяльнянскі КХП”, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага – у гімназіі № 1 горада Дзятлава. Таксама працавалі групы намеснікаў старшыні райвыканкама Віталія Шулейкі і Вольгі Жэлезоўскай.

Паколькі 2024 год у Беларусі аб’яўлены Годам якасці, пагутарылі аб тым, што менавіта яна – гарант поспеху сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Стаўка на гэта была зроблена яшчэ ў 90-я, прычым у беларускай мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі якасць разглядаецца, у першую чаргу, з пазіцыі якасці жыцця людзей, а кожны з нас з’яўляецца не толькі яе спажыўцом, але і стваральнікам. Дасягненне ж высокай якасці беларускай прадукцыі спрыяе яе попыту на замежных рынках, значыць, умацоўвае нацыянальную эканоміку. Павышэнне якасці прадукцыі прадугледжвае ўвядзенне сучасных тэхналогій, кантроль, рацыяналізатарства, матывацыю работнікаў, падтрыманне спрыяльнай атмасферы ў камандзе. Дарэчы, сёлета ў Беларусі будзе вернута выдатная традыцыя савецкіх часоў – прысвойваць знак якасці лепшай прадукцыі: рыхтуецца адпаведны праект указа Прэзідэнта. На дзяржаўны знак якасці суверэннай Беларусі ўжо зараз можа прэтэндаваць прадукцыя ААТ “МТЗ”, “БЕЛАЗ”, “МАЗ”, “Інтэграл”, іншая.

Што тычыцца якасці жыцця, то яна не вымяраецца лічбамі: сюды ўваходзяць высокі ўзровень бяспекі і сацыяльнай абароненасці, новыя працоўныя месцы, рост рэальнай зарплаты, роўны доступ да медыцыны і адукацыі, захаванне культурных каштоўнасцяў, магчымасць удзелу ў грамадскім жыцці – і гэта сумесная справа чалавека і дзяржавы. Якасны падыход уключае яшчэ і самапавагу чалавека, яго імкненне да самаўдасканалення праз развіццё і атрыманне ведаў; клопат аб здароўі; культурны адпачынак; падтрыманне фізічнай формы; сямейную гармонію і мір з навакольнымі людзьмі. Адным словам, у 2024 годзе перад беларусамі стаіць амбіцыёзная мэта – узвесці на больш высокі ўзровень якасць тавараў, паслугаў і жыцця краіны.

Паколькі сёлета Беларусь уступіла яшчэ і ў электаральную кампанію, то ўдзельнікам сустрэч патлумачылі яе асаблівасці, спыніліся на правядзенні адзінага дня галасавання, расказалі, што на Гродзеншчыне будуць выбраны 13 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 60 дэпутатаў абласнога, 31 гарадскога, 472 раённых і 1005 мясцовых Саветаў дэпутатаў. У вызначаныя каляндарным планам тэрміны ў рэгіёне створаны 185 тэрытарыяльных і раённых выбарчых камісій і 602 участкі для галасавання, не пазней чым да 25 студзеня будуць сфарміраваны ўчастковыя камісіі. З 31 студзеня па 24 лютага пройдзе агітацыйная кампанія. З 9 лютага пачнецца дзяжурства ва ўчастковых камісіях, дзе грамадзяне змогуць удакладніць інфармацыю пра іх уключэнне ў спісы выбаршчыкаў. З 20 лютага ўчастковыя выбарчыя камісіі прыступяць да арганізацыі датэрміновага галасавання. Кіраўніцтва дзяржавы зробіць усё для таго, каб забяспечыць выбарчы суверэнітэт Беларусі і правесці  выбары-2024 спакойна, адкрыта, аб’ектыўна.

У сувязі з гэтым закранулі і такія актуальныя тэмы, як антытэрарыстычная бяспека і прафілактыка экстрэмізму. Раскрываючы пытанні, увагу прысутных скіравалі таксама на паводзіны ў сацыяльных сетках: парэкамендавалі праверыць падпіскі на каналы, каб сярод іх не было экстрэмісцкіх, бо за гэта дзеючым заканадаўствам прадугледжана адказнасць.

Звярнуліся таксама да “нестарэючай” праблемы – асабістай бяспекі грамадзян у побыце. Узгадалі патрабаванні да пячнога ацяплення і правілы карыстання ім. Нагадалі аб важнасці ўстаноўкі ў жылых памяшканнях аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, якія выратавалі сотні жыццяў беларусаў. Не абышлі ўвагай актуальную тэму бяспекі зімовых забаў, асабліва катання з горак на цюбінгах і выхаду на лёд.

Ірына СТЫРНІК 

Фота Ірыны СТЫРНІК, Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: