Абітурыенту-2024. Як стаць ваенным фінансістам?

Да ведама грамадзян Свежыя навіны

У Беларусі дзейнічае дакладна пабудаваная сістэма падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў як для Узброеных Сіл, так і для іншых сілавых ведамстваў нашай краіны.

Адна з запатрабаваных спецыяльнасцяў – ваенны фінансіст. Яна спецыфічная і звязана з вядзеннем фінансавай гаспадаркі як аднаго з бакоў забеспячэння баявой і паўсядзённай дзейнасці войскаў.

Навучанне будучыя спецыялісты праходзяць у якасці курсантаў ваенна-тэхнічнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Тэрмін навучання – чатыры гады. Факультэт лічыцца адным з лепшых у краіне па стане вучэбна-матэрыяльнай базы, абсталяванні сучаснымі методыкамі навучання, укараненні ў навучальны працэс камп’ютарных тэхналогій, сацыяльна-бытавых умовах жыцця курсантаў. Спецыялістаў рыхтуюць па цыкле “Арганізацыя фінансавай дзейнасці войскаў” кафедры тактыкі і агульнаваеннай падрыхтоўкі.

Асноўныя ваенна-спецыяльныя дысцыпліны цыкла: фінансавае забеспячэнне воінскай часці; грашовае забеспячэнне ваеннаслужачых; аплата працы; вайсковая гаспадарка; арганізацыя фінансавага забеспячэння войскаў; асновы ваеннага заканадаўства; працоўнае права; дзяржаўны бюджэт; дзяржаўны фінансавы кантроль; справаводства воінскай часці.

Вучэбна-матэрыяльная база дазваляе якасна, на сучасным узроўні арганізаваць падрыхтоўку спецыялістаў. Усе дысцыпліны забяспечаны неабходнай літаратурай, электроннымі метадычнымі комплексамі. Выкладчыцкі састаў мае багаты практычны вопыт работы па спецыяльнасці.

Пражыванне і харчаванне курсантаў – за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Штомесяц ім выплачваецца грашовае забеспячэнне. Яно залежыць ад прысвоенага воінскага звання, пасады і паспяховай здачы залікаў і экзаменаў. Ёсць выдатныя магчымасці для заняткаў спортам, навукова-даследчай і грамадскай дзейнасцю.

З курсантамі заключаецца кантракт на час вучобы і наступныя пяць гадоў ваеннай службы пасля навучання. Напрыканцы вучобы курсант атрымлівае першае воінскае званне афіцэрскага саставу “лейтэнант” і кваліфікацыю “эканаміст-менеджар”.

Для паступлення на ваенна-тэхнічны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта неабходна:

— да 1 красавіка падаць заяву ў ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна. Да заявы прыкладаюцца дакументы згодна з парадкам прыёму;

-у тэрмін, устаноўлены ваенным камісарыятам, прыбыць для праходжання прафесійнага адбору;

-паспяхова скончыць сярэднюю школу;

-здаць ЦТ (матэматыка, руская (беларуская) мова, замежная мова;

-падаць дакументы ў прыёмную камісію ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ.

Кансультацыю аб паступленні можна таксама атрымаць у рабочы час па тэлефонах: 2-11-61, 2-11-15.

Генадзь СУРАВЕЦ,
ваенны камісар Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga