У Дзятлава прыбыў Віфлеемскі агонь

Важнае Грамадства

У нядзелю, 17 снежня, скаўцкую эстафету сустрэлі ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Пасыл надыходзячых святаў – “Будзем ствараць мір”.

Больш за чвэрць стагоддзя незалежна ад абставінаў Віфлеемскі агонь дастаўляюць у нашу краіну, сёлета з-за чэргаў валанцёрам давялося перасякаць мяжу з Літвой на веласіпедах. У пятніцу Каляднае полымя міру і ласкі асвяціла Гродна, запаліўшы агонь у Фарным касцёле, адтуль пачалося вялікае падарожжа Віфлеемскага агню па Беларусі, эстафета прыбыла і на Дзятлаўшчыну.

Запаліць агонь у галоўны храм горада прыйшлі прыхаджане і госці райцэнтра. Полымя сімвалізуе нараджэнне Збавіцеля, а таксама спакой, надзею і адзінства. Агонь запальваецца ў базіліцы Раства Хрыстова ў Віфлееме, а потым дастаўляецца ў Вену (Аўстрыя) і перадаецца ў розныя краіны Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Напярэдадні свята Божага Нараджэння святло запаленай свечкі набывае вялікі сакральны сэнс – менавіта з ім, што асвятліла грэшнае жыццё чалавека, асацыіруюць вернікі прышэсце на зямлю Хрыста.

Святое полымя ў бліжэйшы час з’явіцца ва ўсіх каталіцкіх храмах. А пасля Новага года, па традыцыі, яго перададуць праваслаўным вернікам.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga