Нясумныя сустрэчы клуба прыёмных бацькоў

Грамадства Свежыя навіны

Адной з формаў работы клуба прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў “Сямейны ачаг”, які працуе на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, з’яўляецца экскурсійная дзейнасць і наведванне культурных мерапрыемстваў.

Так, у розныя гады прыёмныя бацькі разам з дзецьмі і калектывам цэнтра пабывалі ў парку жывёлаў “Дыпрыз” горада Баранавічы, Слонімскім драматычным тэатры, Дзятлаўскіх раённай бібліятэцы і гісторыка-краязнаўчым музеі.

А нядаўняе снежаньскае паседжанне клуба прайшло ў фармаце сумеснай з дзецьмі экскурсіі па нашым райцэнтры “Знаёмцеся – Дзятлава!”.

Спецыяліст раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Алена Абрамчык расказала прысутным шмат цікавага пра ўладальнікаў мястэчка Дзятлава, мясцовыя архітэктурныя помнікі, якія знаходзяцца ў цэнтры горада, жыццё дзятлаўскай яўрэйскай абшчыны ў даваенны перыяд, масавае знішчэнне яўрэяў у час Вялікай Айчыннай вайны, подзвіг вядомага земляка Іосіфа Філідовіча.

Арганізоўваючы работу клуба “Сямейны ачаг” сумесна са спецыялістамі ўстановаў культуры, турызму і краязнаўства, калектыў сацыяльна-педагагічнага цэнтра стараецца разнастаіць вольны час прыёмных сем’яў і дзіцячага дома сямейнага тыпу, які дарослыя праводзяць разам з дзецьмі. Такая форма сустрэч – гэта дадатковая магчымасць наведаць цікавыя мясціны, паспрыяць патрыятычнаму і духоўна-маральнаму выхаванню.

Кацярына ГУБКО,
выхавальніца сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga