“Ёлкі жаданняў” чакаюць дабрадзеяў

Галоўнае Грамадства

З 7 снежня па 15 студзеня Беларускі Чырвоны Крыж праводзіць дабрачынную кампанію “Ёлка жаданняў”.

Яе мэта – аказаць дапамогу ў выглядзе навагодніх падарункаў сем’ям, дзе гадуюцца дзеці з інваліднасцю, шматдзетным, няпоўным, прыёмным, апякунскім, дзецям-мігрантам і бежанцам, а таксама адзінокім пажылым людзям і грамадзянам, якія знаходзяцца ў бальніцах сястрынскага догляду.

Навагоднія ёлкі, упрыгожаныя паштоўкамі з жаданнямі, устанаўліваюцца ў публічных месцах, дзе кожны жадаючы зможа азнаёміцца са зместам паштовак і падзяліцца навагодняй радасцю з тымі, хто больш за ўсё мае ў ёй патрэбу, набыўшы адпаведны падарунак.

Як расказала старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, у горадзе Дзятлаве “Ёлкі жаданняў” знаходзяцца ў магазіне “Родны Кут”, што на плошчы 17 Верасня. Знайсці святочныя ялінкі з паштоўкамі-жаданнямі можна як на першым, так і на другім паверсе магазіна.

– Побач з дрэўцамі будуць знаходзіцца спецыяльныя каляскі для пакупак з пазнакай “Ёлка жаданняў”, – патлумачыла Галіна Эдвардаўна. – Любы пакупнік зможа набыць адзін або некалькі падарункаў і пакінуць іх у калясцы. Мы з валанцёрамі Чырвонага Крыжа на працягу навагодніх і калядных святаў будзем дастаўляць гэтыя падарункі адрасатам з цёплымі пажаданнямі і віншаваннямі. Упэўнена, што разам з нераўнадушнымі людзьмі мы зможам зрабіць святы яшчэ больш яркімі і жаданымі. Не праходзьце міма, далучайцеся, станьце дабрадзеямі акцыі!

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga