Акцыя “Нашы дзеці”. Маршрут дабрыні пабудаваны

Галоўнае Улада

Навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” аб’ядноўвае ўсіх, хто гатовы падарыць дзецям навагоднюю казку, прыемныя падарункі і іскрыстыя радасныя эмоцыі.
У гэтыя святочныя дні ў госці з сюрпрызамі да маленькіх дзятлаўчан завіталі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская і старшыня раённага аб’яднання грамадскай арганізацыі “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская.

Па добрай традыцыі, ад якой на працягу некалькіх гадоў не адступае кіраўнік раёна, віншавальны маршрут пралёг праз установы, дзе навагоднія цуды чакаюць з асаблівым хваляваннем і радасцю.

У вялікім гасцінным доме, дзе жывуць прыёмныя бацькі-выхавальнікі Марына і Аляксандр Русаўскія і дзесяць дзяцей, пануе атмасфера любові, клопату і добразычлівасці.

Дзеці сустрэлі кіраўніка раёна, як добрага сябра, расказалі яму пра поспехі ў вучобе, спартыўныя дасягненні і мары. Некаторыя з іх старшыня райвыканкама пастараўся выканаць – ад кіраўніцтва раёна падарыў хлопчыкам канькі і клюшкі для зімовых забаваў на свежым паветры. Для бацькоў і старэйшага сына Кірыла, які атрымлівае прафесію повара, добрыя чараўнікі падрыхтавалі бытавую тэхніку – электрамясарубку, тэрмапот і планетарны міксер, каб яны разам здзіўлялі дамачадцаў новымі кулінарнымі шэдэўрамі. Андрэй Уладзіміравіч пажадаў вялікай сям’і здароўя, дабрабыту, смелых мараў і высокіх дасягненняў.

Марына Лашкоўская таксама павіншавала таленавітых дзетак і іх прыёмных бацькоў, пажадала ўсяго найлепшага ў надыходзячым годзе, падарыла пасцельную бялізну для лёгкіх каляровых сноў. Абавязковы бонус да падарункаў – салодкія сюрпрызы і садавіна для дзяцей. За клопат і падарункі дзеці аддзячылі дарослым шчырымі ўсмешкамі і каляднай песняй.

Выхаванцам цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі старшыня райвыканкама падарыў горку і гульнявое абсталяванне, якое будзе ўстаноўлена ў двары ўстановы, а таксама цацкі і салодкія прэзенты з найлепшымі пажаданнямі. Варта заўважыць, што кіраўніцтва і арганізацыі раёна падтрымліваюць навучальную ўстанову, дзе займаюцца асаблівыя дзеці, не толькі ў навагоднія святы, а на працягу ўсяго навучальнага года.

Дырэктар цэнтра Марына Гуговіч падзякавала гасцям за патрэбныя падарункі, адзначыла, што яны заўсёды рады гасцям і падтрымцы ад спагадлівых землякоў.

У сацыяльна-педагагічным цэнтры дзеці сёлета напісалі Дзядулю Марозу шмат розных жаданняў, таму выхаванцы Дзіма, Максім і Віка атрымалі ад Андрэя Садоўскага падарункі на розны густ: цацкі, навушнікі, канструктар, футбольны мяч, машынку на пульце кіравання і яшчэ шмат чаго іншага, вельмі неабходнага для дзіцячай радасці, а разам з тым – абавязковыя ў навагоднюю пару пачастункі.

– Новы год – гэта час, калі ўсім хочацца верыць у цуды, весяліцца, загадваць самыя смелыя жаданні, – звярнуўся да дзяцей Андрэй Уладзіміравіч. – Хачу пажадаць, каб вашы мары абавязкова збыліся ў надыходзячым 2024 годзе.

Андрэю Уладзіміравічу і Марыне Яўгенаўне прапанавалі пазнаёміцца з умовамі пражывання, якія дзяржава стварае для дзяцей, што маюць патрэбу ў асаблівай увазе, паўдзельнічаць у сумеснай фотасесіі.

Галоўны сэнс акцыі “Нашы дзеці” просты: ні адно дзіця ў гэты час не павінна застацца без увагі і падарунка. І кожны год дарослыя людзі Дзятлаўшчыны паспяхова спраўляюцца з гэтай задачай, робяць святочныя дні па-сапраўднаму светлымі і цудоўнымі.

Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga