Закону Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці” – 30 гадоў

Галоўнае Грамадства

Моладзевыя сустрэчы.

Ініцыятарам прыняцця Закону Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці” ў нашай рэспубліцы ў 1991 годзе быў Беларускі дзіцячы фонд, які з пісьмом і праектам закона ад імя Пленума аб’яднання звярнуўся ў Вярхоўны Савет БССР. Пазней была створана камісія па падрыхтоўцы закона. 6 лістапада 1992 года на 10 сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Закон “Аб правах дзіцяці” быў прыняты ў І чытанні. У кастрычніку 1993 года сабраўся І Дзіцячы парламент, арганізаваны фондам, дзе ў тым ліку абмяркоўваўся праект закона і была накіравана рэзалюцыя Дзіцячага парламента ў законатворчыя органы. У выніку далейшай работы 19 лістапада 1993 года Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці” быў прыняты ў канчатковай рэдакцыі ў нашай рэспубліцы, першай з постсавецкіх дзяржаў.

У рамках святкавання 30-годдзя гэтага нарматыўнага дакумента Беларускі дзіцячы фонд ініцыіраваў правядзенне тэматычных мерапрыемстваў для дзяцей. Адно з іх прайшло 14 лістапада ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава ў фармаце круглага стала па тэме “Прававы ўніверсітэт: дзецям аб правах”.

Удзел у ім у якасці экспертаў прынялі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, галоўны спецыяліст аддзела, яна ж старшыня раённага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская, наменік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Святлана Залучан.

Гасцей запрасілі ў 11 класы, дзе педагог Святлана Салаўёва разам з навучэнцамі ў групах паразважалі над тым, якія нарматыўныя дакументы прыняты сусветнай супольнасцю і нашай дзяржавай для абароны правоў непаўналетніх, а таксама назвалі галоўныя правы дзяцей, расказалі, як яны рэалізуюцца і абараняюцца ў Беларусі.

Сваё меркаванне на гэты конт выказалі і запрошаныя эксперты.

– Найбольшай нашай абароны і падтрымкі патрабуюць дзеці-сіроты і тыя, хто застаўся без апекі бацькоў, калі дарослыя пазбаўлены бацькоўскіх правоў рашэннем суда, – адзначыла Алена Чайкоўская. – Клопат аб такіх дзецях кладзецца на орган апекавання, якім у нашым раёне з’яўляецца райвыканкам, а ён, у сваю чаргу, дэлегіруе гэтыя паўнамоцтвы аддзелу адукацыі. У прыватнасці, у мае працоўныя абавязкі ўваходзіць абарона правоў дзяцей і іх законных інтарэсаў. Райвыканкам прымае рашэнні па дзяржаўным забеспячэнні такіх дзяцей, іх жыллёвых, маёмасных і іншых правоў. Некаторыя пытанні вырашаюцца ў судзе.

Ёсць таксама група дзяцей, якія маюць патрэбу ў нашай падтрымцы ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Гэта дзеці-інваліды, непаўналетнія, якія знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, тыя, хто падвергся гвалту, некаторыя іншыя. Ім таксама прыходзім на дапамогу.

– У нашым раёне сваё права на адукацыю рэалізуюць 2212 дзяцей, 640 з якіх – дашкольнікі, – расказала Марына Лашкоўская. – У нас працуюць 12 установаў адукацыі, сярод якіх 2 базавыя і 10 сярэдніх школ, ёсць сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі для дзяцей-інвалідаў, функцыянуе сетка гурткоў і аб’яднанняў па інтарэсах цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе займаюцца 643 навучэнцы. На базе ўстановаў адукацыі арганізавана профільная і прафесійная падрыхтоўка вучняў. Па 10 маршрутах ажыццяўляецца падвоз дзяцей да месца вучобы. Абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановаў, ладзяцца рамонты.

– Усе заканадаўчыя акты па абароне правоў дзяцей асноўваюцца на Канвенцыі і Законе “Аб правах дзіцяці”, – прадоўжыла тэму Святлана Залучан. – У сваёй рабоце я часцей выкарыстоўваю Закон “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх”. Згодна з артыкулам 12 гэтага нарматыўнага акта зацверджана палажэнне аб дзейнасці камісіі па справах непаўналетніх. Яе асноўная задача – абарона дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы, дзе яны аказаліся з-за паводзінаў бацькоў. Дэкрэт № 18 якраз рэгламентуе дзейнасць у гэтым кірунку. Ёсць і іншыя нарматыўныя дакументы, на якія абапіраемся пры абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх.

Запрасілі гасцей і на заняткі да педагога Святланы Урбан, якая ў 8 класе правяла ўрок маральнасці “Мае правы, мае абавязкі”. Навучэнцы даведаліся аб правілах сакратаўскай размовы, паразважалі, хто такі маральна-прававы чалавек, разабралі жыццёвыя сітуацыі, выказалі сваё меркаванне на іх конт, паслухалі парады экспертаў.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga