Павел Гаўрылавіч Пятроў – Герой Савецкага Саюза

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў.

Павел Гаўрылавіч Пятроў – Герой Савецкага Саюза, гвардыі палкоўнік, намеснік камандзіра 120-й гвардзейскай Чырванасцяжнай Рагачоўскай стралковай дывізіі, верны сябар свайго камандзіра Яна Янавіча Фогеля.

Ён нарадзіўся 17 (30) жніўня 1906 года ў вёсцы Мальцава Томскай губерні (цяпер – тэрыторыя Кемераўскай вобласці) у сям’і рабочага залатых прыіскаў Гаўрылы Пятрова. У 1916 годзе, калі яго старэйшага брата забралі на фронт, а бацька цяжка захварэў, увесь клопат пра сям’ю лёг на матчыны плечы. І ўсё ж Ганна Мікітаўна ўладкавала Паўла ў Кузнецкае прыходскае вучылішча. Тры зімы хлопец старанна наведваў школу. Аднак вучылішча давялося пакінуць – не было сродкаў. З 1919 года Павел працаваў батраком у сваёй вёсцы. З 1920 года працаваў у горадзе Кузнецк пасланцом Кузнецкага павятовага ваенкамата, тэлефаністам, з 1923 года – інструктарам і валасным арганізатарам камсамола. У 1924 годзе скончыў курсы партыйна-камсамольскіхарганізатараўпрыТомскайгубернскайсавецкайпартыйнай школе.

У Чырвоную Армію ўступіў добраахвотнікам у верасні 1924 года. З гэтага часу і па 1927-ы год Павел Гаўрылавіч быў курсантам Омскай пяхотнай школы імя М. В. Фрунзэ. Пасля вучобы з кастрычніка 1927 года служыў у 3-м стралковым палку 1-й Маскоўскай Пралетарскай стралковай дывізіі, займаў пасады камандзіра стралковага ўзвода, камандзіра вучэбнага ўзвода, камандзіра роты, начальніка штаба стралковага батальёна. У кастрычніку 1937 года пераведзены камандзірам батальёна ў 356-ы стралковы полк гэтай дывізіі.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 сакавіка 1938 года П.Г. Пятроў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

З кастрычніка 1938 года з’яўляўся камандзірам 6-га стралковага палка 1-й Маскоўскай Пралетарскай стралковай дывізіі. Член ВКП (б) з 1937 года.

На франтах Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 года. Полк, якім ён камандаваў, разам з дывізіяй быў перададзены ў састаў 20-й арміі Заходняга фронту і прымаў удзел у Смаленскай бітве. Падпалкоўнік П. Г. Пятроў вызначыўся ў цяжкіх абарончых баях у міжрэччы Бярэзіны і Дняпра ў раёне гарадоў Барысаў, Талачын, Орша. Трапіў пад Оршай у акружэнне, больш за месяц з баямі выходзіў з яго.

Пасля выхаду з акружэння з кастрычніка 1941 года служыў на курсах паветрана-дэсантных войскаў у Саратаве, спачатку­­ – начальнікам тактычнага цыклу, а з лютага 1942 года – начальнікам штаба курсаў.

У лістападзе 1942 года Павел Гаўрылавіч накіраваны на фронт у 10-ы гвардзейскі стралковы корпус, які ў саставе Закаўказскага і Паўночна-Каўказскага франтоў удзельнічаў у бітве за Каўказ. У саставе корпуса Пятроў камандаваў 7-й гвардзейскай і 10-й гвардзейскай стралковымі брыгадамі, затым быў прызначаны намеснікам камандзіра корпуса. У перыяд з 12 по 20 лютага 1943 года часова камандаваў гэтым корпусам у перыяд замены яго камандзіра. У гэты час удзельнічаў у абарончых баях на Арджанікідзаўскім кірунку, а ў пачатку 1943 года – у Паўночна-Каўказскай і ў Краснадарскай наступальных аперацыях. За поспехі ў гэтых баях Павел Гаўрылавіч Пятроў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

У ліпені 1943 годапалкоўнік П. Г. Пятроў быў накіраваны на спецыяльныя курсы для камандзіраў Чырвонай Арміі. З 13 студзеня 1944 года ўступіў у камандаванне 44-й гвардзейскай стралковай дывізіяй у 65-й арміі Беларускага і 1-га Беларускага франтоў, удзельнічаў у Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі. Але 12 чэрвеня 1944 гады палкоўнік П. Г. Пятроў быў зняты з камандавання і накіраваны ў рэзерв Ваеннага савета 1-га Беларускага фронту. У чэрвені 1944 года Павел Гаўрылавіч быў назначаны намеснікам камандзіра 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі 3-й арміі 2-га Беларускага фронту. Камандаваў дывізіяй генерал Я.Я. Фогель. Гэта злучэнне разам з іншымі вайсковымі часцямі вызваляла Дзятлаўшчыну ў ліпені 1944 г.

Гвардыі палкоўнік П. Г. Пятроў выдатна праявіў сябе ў Беластоцкай наступальнай  аперацыі, праведзенай у канцы ліпеня 1944 года.  У час узяцця Беластока Павел Гаўрылавіч знаходзіўся ў 336-м і 339-м стралковых палках, якія, наступаючы на горад, вытрымалі сем контратак гітлераўцаў. У баі гвардыі палкоўнік П.Г. Пятроў был цяжка паранены ў сцягно асколкам снарада. Ён быў эвакуіраваны ў франтавы шпіталь, а затым 5 жніўня яго даставілі ў санітарны эвакуацыйны шпіталь у пасёлку Наваельня. Медыкі не змаглі выратаваць жыццё Паўла Гаўрылавіча, і 27 жніўня 1944 года ён памёр. Перад смерцю афіцэр прасіў  пахаваць яго побач са сваім камандзірам Я. Я. Фогелем. Яго просьбу выканалі. Ён пахаваны на тэрыторыі гарадскога парку г. Дзятлава, на магіле ўстаноўлены помнік.

У красавіку 1945 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР за праяўленыя мужнасць і гераізм прысвоіў гвардыі палкоўніку Паўлу Гаўрылавічу Пятрову званне Героя Савецкага Саюза. Імя героя занесена ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна.

Матэрыял падрыхтавала Вольга ЦЮШЛЯЕВА,
дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga