Народны духавы аркестр “Новаяльнянскія трубачы”: гісторыя і сучаснасць

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У гарадскім пасёлку Наваельня ўжо 85 гадоў дзейнічае духавы аркестр “Новаяльнянскія трубачы”, які аб’ядноўвае таленавітых людзей і таленавітых кіраўнікоў, дзякуючы якім калектыў мае званне народнага і з’яўляецца гонарам пасёлка.

Не адно пакаленне жыхароў Наваельні стала захавальнікамі традыцый аркестра, заснаванага Уладзімірам Тулейкам  у далёкім 1938 годзе. У дэпо вузкакалейнай чыгункі, дзе ён працаваў да вайны, юны энтузіяст сабраў неабыякавых да музыкі людзей і арганізаваў першы ў Наваельні духавы аркестр. Пасля вызвалення пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў восенню 1944 года дзейнасць аркестра была адноўлена. Уладзімір Іосіфавіч, нягледзячы на цяжкасці пасляваеннага часу, змог аб’яднаць з ліку жыхароў Наваельні аматараў музыкі, стварыць струнны і джазавы аркестры. Мастацкая самадзейнасць уздымала баявы дух у насельніцтва. Ужо ў сакавіку 1945 года Уладзімір Тулейка як кіраўнік джазавага аркестра чыгуначнай станцыі Наваельня Брэст-Літоўскай чыгункі быў узнагароджаны значком “Ударніку Сталінскага прызыву” і Пахвальнай граматай за ўдзел у аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці Баранавіцкай вобласці. Ён валодаў здольнасцю арганізатара і педагога, быў кампетэнтным у сваёй дзейнасці як музыкант і дырыжор, увесь час удасканальваў сваё прафесійнае майстэрства. Трэба адзначыць, што Уладзімір Іосіфавіч не меў музычнай адукацыі.

У пасляваенны час з 1945 года ён выкладаў спевы ў Новаяльнянскай сярэдняй школе. У канцы 50-х сярод навучэнцаў школы стварыў ансамбль акардэаністаў. За неаднаразовыя перамогі на рэспубліканскіх творчых конкурсах у 1959 годзе Уладзімір Тулейка быў узнагароджаны Граматай Міністэрства адукацыі БССР.

У 1961 годзе Уладзімір Іосіфавіч арганізаваў работу аркестра народных інструментаў сярод настаўнікаў Новаяльнянскай сярэдняй школы. Вядучымі інструментамі сталі домра і балалайка. За актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці кіраўнік аркестра быў адзначаны Ганаровай граматай абкама прафсаюза работнікаў асветы. У 1962 годзе Уладзімір Тулейка, які ўжо быў кіраўніком музычнага гуртка Дзятлаўскага раёна, узнагароджаны Ганаровай граматай Гродзенскага абкама ЛКСМ Беларусі.

У канцы 60-х ён арганізаваў духавы аркестр навучэнцаў Новаяльнянскай сярэдняй школы, удзельнікі якога неаднаразова выступалі на розных канцэртах і аглядах мастацкай самадзейнасці. У 1968 годзе кіраўнік школьнага аркестра ўзнагароджаны граматай Дзятлаўскага раённага аддзела адукацыі і райкама прафсаюза работнікаў асветы. У 1970-ым Уладзімір Тулейка адзначаны юбілейным медалём “За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна”.

У 1973 годзе аркестр прыняў удзел у Першым абласным аглядзе-конкурсе духавых аркестраў і атрымаў грамату. У 1976-ым – грамату за творчыя поспехі ў аглядзе-конкурсе духавых аркестраў школ і пазашкольных установаў Гродзенскай вобласці, а Уладзімір Іосіфавіч асабіста – грамату за плённую працу па выхаванні юных музыкаў.

За творчыя поспехі і актыўны ўдзел у развіцці мастацкай самадзейнасці ў 1979 годзе духавы аркестр Новаяльнянскай сярэдняй школы ўзнагароджаны граматай абласнога аддзела народнай адукацыі, а Уладзімір Іосіфавіч атрымаў падзячнае пісьмо за высокую якасць падрыхтоўкі калектыву мастацкай самадзейнасці навучэнцаў да абласнога агляду мастацкай творчасці.

Уладзімір Тулейка кіраваў школьным духавым аркестрам да 1980 года. За шматгадовую добрасумленную працу адзначаны медалём “Ветэран працы”. Выдатны чалавек, музыка і педагог, ён прысвяціў сваё жыццё творчасці, заснаваў першы духавы аркестр, даў пуцёўку ў жыццё многім сваім выхаванцам. Сёння Уладзіміра Іосіфавіча няма сярод нас, але справа, якой ён прысвяціў жыццё, прадаўжаецца, а значыць, і памяць аб ім будзе жыць заўсёды.

Годным пераемнікам Уладзіміра Тулейкі стаў Аляксандр Літвінскі, які прыняў кіраўніцтва аркестрам 1 верасня 1981 года. Саша Літвінскі з дзяцінства любіў музыку і ўпотай ад маці з 2 класа стаў вучнем у тыя гады ўжо вядомага кіраўніка школьнага аркестра Уладзіміра Тулейкі. Мама Сашы, бачачы вялізнае жаданне сына займацца музыкай, дамовілася з мясцовым акардэаністам за грошы вучыць сына ігры на інструменце, на якім ужо іграў старэйшы брат. Аднак Сашу падабалася труба і, па яго ўспамінах, ён выходзіў з дому нібыта іграць на акардэоне, а прыходзіў у аркестр, каб іграць на любімай трубе. Яго хітрасць праз месяц адкрылася, калі справа дайшла да чарговай аплаты за вучобу.

Скончыўшы восем класаў Новаяльнянскай сярэдняй школы, Аляксандр паступіў у Петразаводскае музычнае вучылішча, дзе і атрымаў адукацыю па спецыяльнасці “дырыжор-выкладчык музычнай школы па класе трубы”. Вярнуўшыся ў Наваельню, ён дастойна прадоўжыў традыцыі новаяльнянскага аркестра. Пасля дзіцячага духавога аркестра Аляксандр Літвінскі ў 1981 годзе стварыў і дарослы духавы аркестр. Да 1984 года калектыў быў арганізаваны на базе прадпрыемства “Сельгасхімія”, затым пры санаторыі “Наваельня”. З гэтым аркестрам да Аляксандра Літвінскага як кіраўніка прыйшоў першы заслужаны поспех.

Дзякуючы яго ўпартай працы і арганізатарскім здольнасцям, у 1986 годзе аркестру прысвоена званне “народны” – прызнанне высокага ўзроўнювыканальніцкага майстэрства. Тры гады запар, з 1986 па 1988, калектыў станавіўся лаўрэатам Міжнароднага конкурсу духавых аркестраў у горадзе Мінску. З 1992 па 2003 гады – ён лепшы на Гродзеншчыне сярод духавых аркестраў па культуры.

Яшчэ больш заслугаў у дзіцячага аркестра. Пад кіраўніцтвам Аляксандра Літвінскага ў 80-я гады дзіцячы калектыў меў наступныя тытулы: лаўрэат рэспубліканскага конкурсу “Чырвоныя гваздзікі” ў горадзе Мінску, 2004-2006 гады – лаўрэат міжнароднага конкурсу дзіцячых духавых аркестраў “Версаль-Падляска” ў Польшчы з удзелам калектываў з 18 краін Еўропы. У 2005 годзе – дыпламант нацыянальнага агляду дзіцячых духавых інструментаў у Мінску. У 2006-ым дзіцячы аркестр “Новаяльнянскія трубачы” заваяваў І месца ў нацыянальным фестывалі-конкурсе “Чарнобыльскі шлях” у Мінску. У 2005 годзе атрымаў ганаровае званне “ўзорны”. І сёння запісацца ў аркестр дзеці могуць з другога-трэцяга класа. Галоўнае – жаданне і цярпенне, бо без гэтага немагчыма асвоіць свет музыкі і выступаць на належным узроўні, тым больш што ў сёлетняй праграме аркестра – абавязковае дэфіле, якое прысутнічае ў яго выступленні з 2005 года і з кожным годам праграма пашыраецца.

Акрамя духавых аркестраў Аляксандр Літвінскі стварыў у Наваельні ў 1998 годзе яшчэ і эстрадны аркестр “Акцэнт” . Ужо ў 2000-м “Акцэнт” запрашаюць на Славянскі базар у Віцебск. У 2001 годзе калектыў удзельнічае ў фестывалях “Беларускія фанфары” ў Баранавічах і “Майскі вальс” у Нясвіжы. Штогод калектыў выступае на Гродзенскім джазавым фестывалі “Музычная восень”. У 2005 годзе на фестывалі “Пружанскі блюз” на Брэстчыне “Акцэнт” прызнаны лепшым калектывам, які выконвае беларускія творы. Дабіцца такога поспеху можна было вялізнай працаздольнасцю калектыву: кожны вечар музыканты працавалі па 4 гадзіны, днём па 2,5 гадзіны з дзецьмі. Непасрэдна перад выездам – па 10 гадзін нават у выхадныя дні. За месяц калектыў асвойваў 2-3 новыя творы. Усё гэта садзейнічала таму, што дзеці ў аркестры не механічна ігралі на інструментах, а сталі музычна адукаванымі, яны разумеюць музыку, адчуваюць яе.

Калектыў узорнага духавога аркестра “Новаяльнянскія трубачы” заўсёды вызначаўся высокім узроўнем мастацкага майстэрства, развіццём нацыянальных традыцый музычнага мастацтва Беларусі. Усе яго поспехі і дасягненні сталі магчымыя дзякуючы працы выдатнага педагога, цудоўнага музыканта, выдатнага чалавека Аляксандра Канстанцінавіча Літвінскага. Ён узрасціў не адно пакаленне музыкантаў, якія іграюць у розных аркестрах краіны і пасёлка з пакалення ў пакаленне. Іменем Аляксандра Літвінскага названы рэгіянальны конкурс выканаўцаў на духавых інструментах, які праводзіцца раз у два гады.

Пасля раптоўнай смерці Аляксандра Літвінскага, у 2006 годзе кіраўніцтва калектывам прыняла Новаяльнянская дзіцячая школа мастацтваў і Дзяніс Клімовіч. Ён прадоўжыў высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства аркестра і традыцыйны ўдзел у конкурсах рознага ўзроўню. У 2011 годзе аркестр удастоены дыплома ІІ ступені і звання “лаўрэат” у рамках першага адкрытага рэспубліканскага фестывалю-конкурсу музычнага мастацтва Беларусі “Спадчына”. У тым жа годзе дыплом ІІ ступені на 11 міжнародным фестывалі духавой музыкі “Беларускія фанфары-2011” атрымаў народны эстрадны аркестр “Акцэнт”. На чале з мастацкім кіраўніком і дырыжорам Дзянісам Клімовічам зводны аркестр прыняў удзел у міжнародным фестывалі, прысвечаным памяці М. Агінскага, які праходзіў у горадзе Смаргоні. У 2012 годзе ўзорны духавы аркестр “Новаяльнянскія трубачы” заваяваў самую высокую ўзнагароду – Гран-пры на абласным фестывалі-конкурсе аркестравых калектываў . У наступным  духавы аркестр стаў удзельнікам адкрытага рэгіянальнага фестывалю духавой музыкі “Фанфары сяброў-2013”. У 2014 годзе аркестр – лаўрэат рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у горадзе Гродне.

Апошнія гады калектывам “Новаяльнянскія трубачы” кіруе Сяргей Майсюк, выпускнік Новаяльнянскай сярэдняй школы.

Сяргей вучыўся па класе барытона ў музычнай школе, на працягу 7 гадоў быў удзельнікам духавога аркестра. Цяпер у зводным народным духавым аркестры “Новаяльнянскія трубачы” 25 музыкантаў. Іх выступленне – гэта заўсёды сапраўднае свята музыкі, багатая палітра гукавых фарбаў. У праграме разнажанравыя творы: ад класікі да нечаканых прачытанняў вядомых эстрадных кампазіцый. У 2017 годзе народны эстрадны аркестр “Акцэнт” атрымаў дыплом на пятым рэспубліканскім фестывалі сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці”.

Сёння аркестр – гэта, перш за ўсё, сімвал пераемнасці пакаленняў. У 2023 годзе дзіцячаму аркестру “Новаяльнянскія трубачы” – 35 гадоў. Юныя музыканты адказна ставяцца да заняткаў, ім цікава групавое музыцыраванне, яны адчуваюць сябе сапраўднай камандай. Гэта садзейнічае не толькі выхаванню музыкантаў-выканаўцаў, але і будучых актыўных грамадзян сваёй краіны. Не ўсе яны будуць музыкантамі-прафесіяналамі, аднак далучэнне да прыгажосці і павага да справы дарагога каштуюць.

Андрэй ГОЛУБ,
удзельнік народнага ўзорнага духавога аркестра “Новаяльнянскія трубачы”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: