Яны змагаліся за Радзіму

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны разам з салдатамі і партызанамі беларускія пісьменнікі вялі барацьбу супраць нямецкіх захопнікаў.

Яны змагаліся на франтах, у партызанскіх атрадах, арганізацыях, працавалі ў армейскіх і падпольных выданнях. Здолелі таленавіта занатаваць у сваіх творах эпізоды мужнасці і здрады. Да нас, нашчадкаў, дайшоў гэты праўдзівы летапіс жалю, болю і трапяткой надзеі.

Для Васіля Быкава вайна пачалася на Украіне. Як баец інжынернага батальёна ён будаваў розныя ваенныя аб’екты – ад Гомеля да Варонежа. У час Кіраваградскай аперацыі яго раніла ў нагу і жывот, памылкова быў запісаны памерлым. Бацькі Васіля Быкава атрымалі паведамленне, што іх сын загінуў. Васіль Быкаў тры месяцы знаходзіўся ў шпіталі, пасля якога зноў працягнуў ваяваць. Менавіта гэтыя падзеі сталі асновай аповесці “Мёртвым не баліць”.

Алесь Адамовіч прыйшоў у партызаны ў 15 гадоў. Пазней ён пісаў: “Калі мне што і ўдалося ў рамане “Вайна пад стрэхамі”, дык гэта таму, што раней гэтую кнігу мама напісала сваім уласным жыццём”. Яго маці Ганна Мітрафанаўна была актыўнай удзельніцай Глушанскага падполля. Будучы загадчыцай мясцовай аптэкі, яна прывозіла з Бабруйска медыкаменты і забяспечвала імі партызанаў атрада імя Кірава.

Кандрат Крапіва на пачатку вайны працаваў у рэдакцыі газеты “Красноармейская правда”, затым у рэдакцыі франтавой газеты “За Савецкую Беларусь”, працаваў адказным рэдактарам газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”.

Янка Брыль у час акупацыі наладзіў сувязь з антыфашыстамі і перадаваў звесткі разведцы партызанскіх брыгад імя Жукава і “Камсамолец” аб дыслакацыі немцаў у Мірскім раёне.

Максіма Лужаніна ў 1941 годзе мабілізавалі ў армію. Ён праходзіў службу ў ваеннай камендатуры Масквы. Удзельнічаў у баях пад Сталінградам.

Сяргей Новік-Пяюн да вайны працаваў дырэктарам Слонімскага краязнаўчага музея. У ваенны час захоўваў музейныя экспанаты. За антыфашысцкую дзейнасць яго асудзілі да смяротнага пакарання. Ад смерці Сяргея Новіка-Пяюна выратавалі партызаны.

Вайна пакінула свой жахлівы след у сэрцах многіх людзей, нават тых, хто нарадзіўся праз шмат гадоў пасля яе. Дзякуючы ўспамінам дзядоў і прадзедаў, у творах на ваенную тэму жыве памяць пра тыя страшныя гады.

Канстанцін Карнелюк



Теги: