Пад такой назвай на Дзятлаўшчыне прайшоў форум маладых спецыялістаў, кіраўніцтва раёна і прафсаюзнага актыву.
У актавай зале гімназіі № 1 горада Дзятлава ён сабраў каля 50 маладых людзей, якія пачынаюць сваю працоўную дзейнасць у арганізацыях, гаспадарках, на прадпрыемствах нашага раёна.
На прафесійным старце для іх выдалася спрыяльная магчымасць бліжэй пазнаёміцца паміж сабой, больш даведацца пра раён, атрымаць карысную інфармацыю, якая дапаможа спраўляцца з цяжкасцямі і вырашаць пытанні, з якімі нярэдка сутыкаецца моладзь. Прыемны сюрпрыз – падарункі ад прафсаюза і раённай арганізацыі ГА “БРСМ” – чакалі кожнага з маладых удзельнікаў ужо на ўваходзе.
Даведацца аб патрэбах маладых спецыялістаў і расказаць ім пра магчымасці прыйшлі старшыні райвыканкама Андрэй Садоўскі, раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, намеснікі старшыні райвыканкама, кіраўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў райвыканкама і ўстановаў раёна.
– Гасцінна сустракаць маладое папаўненне стала добрай традыцыяй на Дзятлаўшчыне, – павітаў моладзь Андрэй Садоўскі. – Зусім нядаўна вы скончылі вучэбныя ўстановы, і ў вашым жыцці настаў не менш адказны этап – уступленне ў прафесію. Сёлета ў раён прыехалі 74 маладыя спецыялісты, найбольш з іх, 27 чалавек, занятыя ў сферы сельскай гаспадаркі, у медыцыне – 19, адукацыі – 15, астатнія працуюць у арганізацыях лясгаса, РАНС, РУП ЖКГ, санаторыі “Радон”, Будкомплексе. Усяго на Дзятлаўшчыне функцыянуюць 8 сельгасарганізацый, прамысловыя прадпрыемствы “раскіданы” па ўсёй тэрыторыі раёна, сярод іх 10 буйных. Наш гонар і “візітоўка” – санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”. Раён развіваецца дастаткова дынамічна: па выніках работы ў 2022 годзе ён занесены на Рэспубліканскую дошку гонару, і гэта дзякуючы працы і прафесіяналізму нашых спецыялістаў, кіраўнікоў, простых работнікаў. Здаецца, зусім нядаўна і я быў маладым спецыялістам. У той час падобныя сустрэчы праводзіліся на ўзроўні вобласці і губернатара. Тады перад намі выступаў Герой Беларусі Аляксандр Дубко, таму форум быў знамянальным і запомніўся на ўсё жыццё. Вядома, у далейшым за мой працоўны перыяд здараліся моманты хвалявання, нясмеласці, аднак усё мінае. Назаву вам некалькі слушных парадаў. Вы – гаспадары свайго шчасця. Каб адбыцца ў прафесіі, трэба ўнікаць, вучыцца, добрасумленна адносіцца да справы. Цяпер за вамі замацаваны настаўнікі, якія будуць падтрымліваць і падказваць, але ўсё толькі ў вашых руках. Сёння вы ўбачыце спецыялістаў, якія прыйшлі на свае працоўныя месцы 4-5 гадоў таму, але дзякуючы напорыстасці, ініцыятыве, працавітасці ўжо маюць вагу ў нашым раёне. Дзятлаўшчына мае патрэбу не толькі ў рабочых, але і вузкіх спецыялістах, кіраўніках, аднак для гэтага вам спатрэбяцца час, веды, вопыт, прафесіяналізм. Магчыма, не ўсе тут прысутныя застануцца ў раёне, але жадаю, каб гады працы на Дзятлаўшчыне пакінулі ў вас толькі пазітыўныя эмоцыі і ўспаміны. Кар’ернага і прафесійнага росту, няхай наш раён стане вашай надзейнай стартавай пляцоўкай.
З умовамі адаптацыі на першым рабочым месцы, прынцыпамі сацыяльнага партнёрства, захаваннем умоваў аховы працы, ільготамі і гарантыямі, іншымі кірункамі дзейнасці маладых спецыялістаў азнаёміў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік.
Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Сяргей Багдановіч патлумачыў удзельнікам форуму, якія ў іх магчымасці кар’ернага і прафесійнага росту, спыніўся на тым, як фарміруюцца раённы і перспектыўны рэестры кадраў, якія патрабаванні прад’яўляюцца да тых, хто жадае быць у іх саставе, як ажыццяўляецца атэстацыя, нагадаў аб важнасці асабістай характарыстыкі ад наймальніка.
З магчымасцю прадастаўлення льготных крэдытаў азнаёміла галоўны спецыяліст цэнтра банкаўскіх паслугаў № 407 ААТ “ААБ Беларусбанк” горада Дзятлава Галіна Юргелевіч.
Перспектывы будаўніцтва, набыцця і арэнды жылля акрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік.
Турыстычныя рэсурсы Дзятлаўшчыны прадставіла дырэктар Дзятлаўскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Дзінара Харошка.
На магчымасцях заняткаў спортам і фізкультурай у вольны час, спартыўнай базе раёна, лепшых спартыўных традыцыях спыніўся загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда.
Дзе і як на Дзятлаўшчыне можна культурна бавіць вольны час, якія брэндавыя мерапрыемствы і праекты карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў жыхароў і гасцей расказала дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Маліноўская.
Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык заклікала моладзь да ўдзелу ў цікавых і карысных справах аб’яднання і параіла абавязкова прыйсці на традыцыйную сустрэчу маладых спецыялістаў “Святкі.by”.
Пра свой вопыт прафесійнага і грамадскага росту расказала доктар-педыятр Дзятлаўскай ЦРБ, старшыня моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў, член моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь другога склікання Вікторыя Тыць. Маладым работнікам яна пажадала прафесійных поспехаў, дружнага калектыву, любові да абранай справы.
Пасля афіцыйнай часткі музычную паштоўку-віншаванне ўдзельнікам форуму падарыў народны ансамбль народных інструментаў “Калейдаскоп” Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў.
Затым на пазнавальную экскурсію па маршруце “Знаёмцеся – Дзятлава” моладзь запрасіла спецыяліст па турызме раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Алена Абрамчык.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga