Барыс Адамавіч Булат — адзін з арганізатараў партызанскага руху на Гродзеншчыне

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў.

Барыс Адамавіч Булат — адзін з арганізатараў партызанскага руху на Гродзеншчыне, камандзір Ленінскай партызанскай брыгады, Герой Савецкага Саюза.

Ён нарадзіўся 27 ліпеня 1912 года ў горадзе Туле. Працаваў на заводах рабочым. У 1932 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. У 1936 года ён скончыў 1-ю Савецкую аб’яднаную ваенную школу імя ВЦВК і стаў кадравым афіцэрам.

Вялікая Айчынная вайна застала Барыса Булата на заходняй граніцы. Ён займаў пасаду памочніка начальніка аператыўнага аддзела штаба 31-й танкавай дывізіі. З першай гадзіны вайны гэтая дывізія ўступіла ў бой з ворагам, аднак хутка вымушана была адступіць. 27 чэрвеня 1941 года  капітан Барыс Булат быў цяжка паранены. З групай байцоў ён дабраўся да бальніцы ў вёску Дзярэчын Зэльвенскага раёна, дзе яму ампутавалі руку. Калі немцы захапілі Дзярэчын, яны вывезлі раненых у лагер ваеннапалонных у Слонім, а потым у Баранавічы. Адсюль палонных адпраўлялі на захад. 12 верасня 1941 года Барысу Булату ўдалося ўцячы з эшалона. З групай таварышаў ён пачаў прабірацца ў Дзярэчын, дзе паспеў пазнаёміцца з добрымі, патрыятычна настроенымі людзьмі.Хутка ён знаходзіць прытулак у селяніна вёсцы Бердавічы, былога члена КПЗБ Міхаіла Утліка. Барыс Булат разам з гаспадаром усю зіму рыхтаваліся да партызанскай барацьбы.

У канцы красавіка 1942 годаБарыс Адамавіч з невялікай групай байцоў пачаў актыўныя дзеянні. Яны напалі на памяшканне гміны ў вёсцы Сянькоўшчына, забілі трох паліцэйскіх, узялі ў палон начальніка паліцэйскага ўчастка, захапілі 13 вінтовак, шмат патронаў. Так узнікла партызанская група, у якой было 27 чалавек. Камандзірам выбралі Барыса Булата. Аб першапачатковых дзеяннях гэтай групы даюць прадстаўленне кароткія запісы ў яго дзённіку за 1942 год: “13 мая. Атрад папоўніўся яшчэ пяццю байцамі. 20 мая. Разбілі варожы гарнізон у мястэчку Галынка. Знішчылі дакументы, захапілі 12 вінтовак, радыёпрыёмнік, тры веласіпеды, пячаткі, штампы. 1 чэрвеня. Каля Азярніцы разабралі рэйкі, pyx цягнікоў затрымаўся на суткі. У той жа дзень правялі растлумачальную работу ў вёсцы Голі. 20 чэрвеня. У вёсцы Лыскі ў трохгадзінным баі забілі 30 фашыстаў, узялі адну аўтамашыну, дзве знішчылі…».

Пасля гэтага група Барыса Булата вымушана была перайсці на правы бераг Шчары. Размясцілі свой лагер у Дубароўскім лесе. Тут да іх далучыліся групы У. Лябецкага, П. Булака, В. Пішчуліна, Г. Караля. На агульным сходзе прынялі пастанову ўтварыць аб’яднаны партызанскі атрад, камандзірам якога выбралі Барыса Булата.

Аб’яднанне партызанскіх груп, утварэнне адзінага камандавання дазволілі палепшыць агульнае кіраўніцтва, распрацоўку баявых аперацый.

Яшчэ больш узмацніліся ўдары партызан па ворагу, калі ў снежні 1942 года была створана Ленінская партызанская брыгада, камандзірам якой быў назначаны Фёдар Сінічкін, а начальнікам штаба – Барыс Булат. Брыгадзе давялося прайсці праз вялікія выпрабаванні ў час першай блакады Ліпічанскай пушчы.

Умелым, вопытным камандзірам і смелым воінам паказаў сябе Барыс Булат у адной з найбольш вялікіх аперацый брыгады – разгроме варожага гарнізона ў райцэнтры Жалудок у маі 1943 года. Тут ён быў паранены трэці раз. Ледзь паспеў паправіцца, як яго назначылі камандзірам Ленінскай партызанскай брыгады.

Восенню 1943 года Барыса Булата адазвалі ў абкам партыі і прызначылі начальнікам аператыўнага аддзела абласнога партызанскага цэнтра. Аднак не па душы была яму штабная работа, ён ірваўся ў бой. Гэта заўважылі і даручылі яму аб’яднаць у адну брыгаду некалькі атрадаў, якія дзейнічалі на заходняй ускраіне Налібоцкай пушчы. Заданне ён паспяхова выканаў.

У пачатку чэрвеня 1944 года праз абкам партыі Барыс Булат атрымаў выклік у Маскву. 9 чэрвеня самалёт з партызанскага аэрадрома з Барысам Адамавічам і параненымі партызанамі ўзняўся ў неба і перасёк лінію фронту. У партызанскі край Барыс Булат больш ужо не вярнуўся. А хутка беларуская зямля была вызвалена ад немцаў.

У ліпені 1944 года Барыс Булат вярнуўся ў Мінск. 15 жніўня 1944 года яму было присвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны ён скончыў Вышэйшую школу харчовай прамысловасці, працаваў на розных пасадах у савецкіх і гаспадарчых установах. Памёр Барыс Адамавіч Булат 27 сакавіка 1984 года.

Яго імя занесена ў Кнігу славы Дзятлаўскага раёна.

Матэрыял падрыхтавала Вольга ЦЮШЛЯЕВА,
дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: