Важнае пра бяспеку

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У Данілавіцкім сельсавеце для мясцовага насельніцтва прайшоў сельскі сход па пытаннях прафілактыкі ў побыце з удзелам старшыняў раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, Данілавіцкага сельвыканкама Ігара Кухарэвіча, кіраўнікоў і спецыялістаў адказных службаў.

Аб ходзе акцыі “За бяспеку разам” прысутных азнаёміў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык. Ён расказаў, што адной з прычын пажараў з’яўляецца неасцярожнае абыходжанне з агнём, вельмі часта – “п’яная цыгарэта”. З наступленнем халадоў абвастраецца яшчэ адна з прычын – няспраўнасць пячнога ацяплення. У сувязі з гэтым Сяргей Сяргеевіч заклікаў прысутных, у якіх дома ці ў пажылых бацькоў ёсць печы, праверыць наяўнасць прадтопачных лістоў і не дапускаць іх перакалаў.

Пра бяспечнае выкарыстанне газавага абсталявання нагадаў галоўны інжынер Дзятлаўскага РГЗ Сяргей Тухто. Патлумачыў, чаму насельніцтву рэкамендуецца ў памяшканнях з газавымі прыборамі ставіць датчыкі чаднага газу, а ў халоднае надвор’е сачыць за станам агалоўкаў дымаходаў.

Да пытанняў электрабяспекі звярнуўся інспектар энергагазнагляду Вячаслаў Пятраш. Падкрэсліў, што вельмі важна выконваць правілы бяспекі пры эксплуатацыі электраабсталявання. Акрамя гэтага, прывёў прыклады электратраўмаў, якія вельмі часта атрымоўваюць дзеці.

Аб важнасці праходжання дыспансерызацыі і вакцынацыі ад грыпу расказаў загадчык Новаяльнянскай бальніцы Міхаіл Абярухцін. Адзначыў, што вакцынацыю неабходна праводзіць да пачатку масавага пад’ёму захваральнасці на вострыя рэспіраторныя захворванні, бо максімальная абарона ад віруса ўзнікае толькі праз 10-14 дзён з моманту ўвядзення вакцыны.

Аб аператыўнай абстаноўцы ў раёне і на тэрыторыі Данілавіцкага сельсавета, прафілактыцы правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення,  недапушчэнні кіберзлачыннасці і важнасці нашэння святлоадлюстроўваючых элементаў у цёмны час сутак паведаміў начальнік штаба аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Дзяніс Дз’якаў.

На пытанне, куды звяртацца за псіхалагічнай дапамогай і як пазбегнуць хатняга гвалту адказала псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Макоўская.

Аб тым, што кожны з бацькоў павінен забяспечыць бяспечнае пражыванне дзяцей, не дапускаць у адносінах да іх фізічнага насілля паведаміла метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Сіўко.

Старшыня раённай арганізацыі АСВОД Сяргей Шпакоўскі азнаёміў прысутных з новымі правіламі аб ахове жыцця людзей на вадзе.

Вынікі сельскага сходу падвёў Аляксандр Бараноўскі. Нагадаў, што ў райцэнтры і на тэрыторыі ўсіх сельскіх саветаў працуюць аглядавыя камісіі і практыка іх існавання паказала эфектыўнасць такой прафілактычнай формы работы. Аляксандр Станіслававіч заклікаў насельніцтва быць пільнымі і ўважлівымі, не весціся на падманы ў інтэрнэце і абавязкова ў сваіх дамах усталяваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

Падрыхтавала Таццяна ГРЫЦУК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: