Простыя сакрэты сямейнага ладу ад Журскіх

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Бернард Шоу калісьці напісаў, што сям’я – гэта “рэпетыцыя раю”.

Пра шматдзетную сям’ю Аляксандра і Ірыны Журскіх можна сказаць, што ў іх атрымалася “генеральная рэпетыцыя”. Прычым шчодры лёс не стамляецца здзіўляць бацькоў прыемнымі падарункамі: чакалі першынца – атрымалася двайная радасць, бо нарадзіліся блізняты Паліна і Ангеліна, праз 9 гадоў прыспеў новы прыемны сюрпрыз – на свет з’явіўся сын Уладзіслаў.

Трое дзяцей – гонар і надзея Аляксандра Мікалаевіча і Ірыны Вацлаваўны, тым больш што яны не перастаюць радаваць бацькоў сваімі поспехамі і дасягненнямі. Сёлета старэйшыя дочкі з залатымі медалямі скончылі школу і сталі студэнткамі прэстыжных факультэтаў вышэйшых навучальных установаў горада Гродна і сталіцы. Сын-трэцякласнік ва ўсім стараецца раўняцца на сястрычак і ўжо заявіў дарослым, што за школьны курс марыць дасягнуць яшчэ “круцейшых” вынікаў, чым у дзяўчат, таксама ён займаецца ў секцыі па каратэ, не прапускае ніводных збораў і нацэлены на будучыя перамогі.

Нядаўна ж у сям’ю “прыляцела вестка” аб чарговым сюрпрызе – Аляксандр і Ірына Журскія запрошаны на ўрачысты прыём старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Караніка з нагоды святкавання Дня маці і Дня бацькі.

– Шчыра кажучы, гэта адначасова прыемна, нечакана і хвалююча для нас, – зазначае Ірына Вацлаваўна. – Не думалі, не гадалі атрымаць запрашэнне, бо ўпэўнены, што на Дзятлаўшчыне жыве нямала вялікіх, дружных, дастойных сем’яў, аднак будзем вельмі рады пабываць на мерапрыемстве такога ўзроўню, шчыра ўдзячны за тое, што нас заўважылі, паклікалі.

Усе дарогі вядуць дамоў

Дзякуючы старанням Ірыны і Аляксандра Журскіх, іх дом – гэта астравок утульнасці і дабрабыту, сапраўднае “сямейнае гняздо”, дзе шануюцца традыцыі, куды прыемна вяртацца і дзе кожнага любяць і разумеюць. На першы погляд, дом звычайны, нічым не выбітны сярод іншых у прыватным сектары райцэнтра, з агародам і пладовымі дрэвамі на ўчастку, аднак галоўнае не форма, а змест. Дома ў Журскіх дружна ўжываюцца пяцёра членаў іх вялікай сям’і, а яшчэ ў светлых пакоях знайшлося месца для кахання, пяшчоты, надзеі і ладу – іх пастаянных спадарожнікаў. Ёсць у Журскіх і тры дамашнія гадаванцы, з’яўленне якіх мае сваю асобную гісторыю. Менавіта на наваселле, калі перабіраліся ў тады яшчэ толькі пабудаванае ўласнае жыллё, сваяк-ветэрынар прывёз ім ката Рыжыка, каб разам з чацвераногім сябрам у дом увайшло шчасце. Цяперашнія Шакаладка, Грэй і Дымка – прамыя нашчадкі таго самага ката з наваселля, таму шчасце, як бачым, у Журскіх толькі множыцца.

Прыемныя сямейныя гісторыі заўсёды ўпрыгожваюць наша жыццё, аднак лад і дабрабыт, вядома ж, не “кашачыя” заслугі, а ўменне, нават талент усіх членаў сям’і быць блізкімі людзьмі ў поўным разуменні гэтага слова – у горы і радасці заставацца адзін для аднаго надзеяй і апорай.

– Мы стараемся быць разам у працы і адпачынку, – прызнаюцца Журскія. – Хатнія абавязкі ў нас размеркаваны. Старэйшыя дзяўчаты сочаць за чысцінёй, мыюць падлогу, Улад ім дапамагае выціраць пыл. Пераважная большасць хатніх спраў – маміны, а цяжкая мужчынская і вулічная работа – татавы. Дома ўсе ведаюць, што ён – майстар залатыя рукі, бо не толькі любую тэхніку адрамантуе, але і па будаўніцтве многае зробіць сам. Калі ж выдаюцца вольныя гадзіны, іх стараемся патраціць на сумесныя пешыя або велапрагулкі, асабліва любім бываць у лесе, збіраць грыбы-ягады. У халодны сезон сваіх традыцый не мяняем. Аднойчы для Уладзіка зрабілі сюрпрыз: загадзя ўпрыгожылі ёлачку цукеркамі, сказалі – пачастункі ад зайчыка. Колькі было шчасця! Праўда, пазней давялося зноў вяртацца ў зімовы лес, каб, па просьбе сына, аддзячыць зайчыку морквай.

У сямейным летапісе – яркія старонкі

Аляксандр Мікалаевіч і Ірына Вацлаваўна згадзіліся “прагартаць” летапіс сваёй сям’і і ўзгадаць самыя цікавыя факты і падзеі сумеснага жыцця.

Факт першы: знаёмства. Яго сямейная пара не лічыць рамантычным, бо пазнаёміліся Аляксандр і Ірына, калі жылі ў суседніх пакоях інтэрната. Жыллё на той час атрымалі ад сваіх арганізацый як маладыя спецыялісты. Спачатку сустракаліся па бытавых справах, потым знайшлі адзін у адным цікавых субяседнікаў, а праз пэўны час сяброўства перарасло ў каханне і стала надзейным падмуркам для маладой сям’і.

Факт другі: дзеці. Журскія прызнаюцца, што ніколі не планавалі быць шматдзетнымі бацькамі, праўда, тата Ірыны сам з блізнят, і жанчына не выключала верагоднасці нараджэння і ў яе двойні. Так і здарылася, няпростую “школу маладой мамы” Ірына Вацлаваўна праходзіла, гадуючы блізнятак Паліну і Ангеліну. А пасля дзевяцігадовай “перадышкі” на свет з’явіўся Уладзіслаў. На пытанне, ці чакаюць яшчэ ў госці бусла, Журскія жмуць плячыма, прызнаюцца, што спецыяльна не плануюць, калі ж атрымаецца сюрпрызам – выгадуюць, бо дзеці – гэта Божы дар, адмаўляцца ад іх – грэх.

Факт трэці: блізняты. Па назіраннях Аляксандра і Ірыны іх дочкі падобныя па характары, а паміж сабой – лепшыя сяброўкі, яны могуць гадзінамі заставацца ўдваіх, маюць агульныя захапленні, любяць маляваць карціны, майстраваць іх з алмазнай мазаікі. У школьныя гады абедзве атрымалі музычную адукацыю па класе баяна, былі ўдзельніцамі алімпіядаў рознага ўзроўню, сталі ўладальніцамі атэстатаў асаблівага ўзору. Сёлета пры паступленні ў дзяўчат упершыню разышліся жыццёвыя дарогі: Ангеліна выбрала для сябе спецыяльнасць праграміста-эканаміста і стала студэнткай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а Паліна паступіла на факультэт міжнародных адносінаў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт горада Мінска, абраўшы спецыяльнасць “бізнес-адміністрыраванне”. Дзяўчаты сумуюць адна па адной, бо цяпер сустракаюцца рэдка.

Факт чацвёрты: прафесія з характарам. Аляксандр Мікалаевіч не толькі дбайны гаспадар, уважлівы тата для свайго сямейства і любячы муж, ён працуе старшым інструктарам па ваджэнні пажарнай машыны – вадзіцелем ПАСЧ-1 Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і ўносіць свой асабісты ўклад у бяспеку і спакой нашага раёна. Сёлета Аляксандр Журскі атрымаў дыплом ІІ ступені рэспубліканскага этапу конкурсу “Лепшы вадзіцель органаў і падраздзяленняў МНС” у намінацыі “Кіраванне спецыяльным легкавым аўтамабілем”, а некалькі гадоў таму стаў “залатым” прызёрам гэтай намінацыі.

Факт пяты: сціплая і клапатлівая. Ірына Вацлаваўна не любіць сябе хваліць, з большым задавальненнем шматдзетная матуля расказвае пра свайго мужа і дзяцей, аднак менавіта яна з’яўляецца для іх тым добрым анёлам, які заўсёды падтрымае, дапаможа, выслухае, дасць мудрую параду. Яе слова ціхае, але трывалае, выказаць сваё меркаванне жанчына можа не толькі для блізкіх, але і для членаў прафсаюза, бо займае актыўную грамадзянскую пазіцыю – працуе галоўным бухгалтарам Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, а ў студзені 2022 года яе выказванне пры адкрыцці пажарнага дэпо ў Дзятлаве ўвогуле прагучала па тэлебачанні.

Факт шосты: сямейныя традыцыі. Не толькі сумесныя прагулкі аб’ядноўваюць Журскіх, ёсць у іх яшчэ адна цудоўная сямейная традыцыя, якая перайшла ад бацькоў – сустракаць Нараджэнне Хрыстова ў бабулі ў Казлоўшчыне. За традыцыйным святочным сталом, дзе абавязкова ставіцца 12 посных страваў, збіраюцца ўсе сваякі, кожны цягне з-пад абруса саломінку, загадваючы жаданне. Малодшыя прадстаўнікі роду непрыкметна “выкрадаюць” куццю, а старэйшыя госці ладзяць у іх выкуп сакральнай стравы за розныя прысмакі і прызы. Прычым сваякі прытрымліваюцца як праваслаўнай, так і каталіцкай традыцыі, бо сярод іх ёсць прадстаўнікі абедзвюх канфесій.

Факт сёмы: бацькоўскія мары. Журскія мараць толькі аб адным, каб іх дзеці былі здаровымі і шчаслівымі, а калі прыспее час ствараць уласныя сем’і – каб не памыліліся ў жыццёвым выбары. Бацькі спадзяюцца, што своеасаблівай страхоўкай для дачок і сына паслужыць іх асабісты “рэцэпт” сямейнага ладу, а ён просты: гэта ўзаемаразуменне, павага, абаюднае прабачэнне памылак і прыманне адзін аднаго такімі, якія ёсць.

Да святаў усім матулям і татам Дзятлаўшчыны сям’я Журскіх адрасуе свае пажаданні: здароўя, мірнага неба над галавой, шчырага кахання і пяшчоты, радасці ад дзяцей, а галоўнае – трывалых сем’яў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: