Дзелавы панядзелак. Строга выконваць усе ўзятыя на сябе абавязацельствы

Важнае Улада

Прафілактыку дарожна-транспартных здарэнняў, гандаль у сельскай мясцовасці, прафарыентацыйныя сустрэчы з моладдзю, святкаванне юбілейнай даты камсамола, работы на палях і іншыя тэмы абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Дзе купіць бульбу?

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў нарады быў стан спраў у сельскай гаспадарцы раёна. На бягучым тыдні аграрыям засталося ўбраць 255 гектараў кукурузы, 4 гектары бульбы. У пагодлівыя дні КСУП “Жукоўшчына” дзятлаўчане дапамогуць назапасіць агародніну. Старшыня райвыканкама паставіў задачу кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў актывізаваць работу па ўборцы буракоў, унясенні арганікі на палі, дапрацаваць дзяржзаказ па піваварным ячмені.

– Мы павінны строга выконваць усе ўзятыя на сябе абавязацельствы, – адзначыў Андрэй Садоўскі.

28 кастрычніка ў Дзятлаве на плошчы 17 Верасня адбудзецца апошні ў гэтым годзе сельскагаспадарчы кірмаш. Усе жадаючыя змогуць набыць разнастайную прадукцыю, паўдзельнічаць у традыцыйнай латарэі.

У інтарэсах вяскоўцаў

Абмеркавалі на нарадзе работу магазінаў у сельскай мясцовасці і развазны гандаль.

Як паведаміла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, усяго ў нашым раёне абслугоўваюць вяскоўцаў 40 стацыянарных магазінаў і 9 аўталавак, 8 з якіх належаць Дзятлаўскаму філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства, 1 – індывідуальнаму прадпрымальніку. Сёння прапрацоўваецца пытанне павелічэння колькасці аўталавак з боку прыватнага бізнесу раёна і гандлёвай сеткі “Еўраопт”.

– Як правіла, канкурэнтнае асяроддзе паляпшае гандлёвае абслугоўванне. Хоць варта заўважыць, што ў бягучым годзе было толькі адно пісьмовае нараканне ад дзятлаўчан на работу аўталавак спажыўтаварыства – за адсутнасць у продажы запалак, – падкрэсліла Вольга Антонаўна. – Асартымент тавараў у гандлёвых аб’ектах у сельскай мясцовасці пастаянна манітораць спецыялісты аддзела эканомікі райвыканкама. Аператыўна рэагуюць на заўвагі і пажаданні людзей старшыні сельвыканкамаў.

Адпачынак і выбар прафесіі

250 дзяцей адпачнуць у школьных лагерах Дзятлаўшчыны ў час восеньскіх канікулаў. Для іх арганізуюць культурна-пазнавальную праграму, запланаваны мноства экскурсій, сустрэчы з вядомымі людзьмі, кінасеансы. Канікулы працягнуцца 10 дзён і пачнуцца 29 кастрычніка.

На бягучым тыдні школы раёна наведаюць супрацоўнікі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта з мэтай прафарыентацыйных сустрэч са старшакласнікамі.

Да непагадзі і цемры не прывыклі

“Засвяціцеся” ў цемры – сёння заклікаюць удзельнікаў дарожнага руху праваахоўнікі.

На нарадзе ўзгадалі трагічнае здарэнне, якое адбылося ў мінулую пятніцу ў Лідскім раёне. Апалове сёмай вечара 65-гадовая жанчына ішла па абочыне ўздоўж праезнай часткі дарогі. Быў моцны туман, арыенцір парушаны як у пешахода (яна выйшла за край абочыны на праезную частку), так і ў вадзіцеля. Адсутнасць святлоадлюстроўваючых элементаў на адзенні пешахода сыграла сваю трагічную ролю – жанчына загінула пад коламі легкавога аўтамабіля. Дарэчы, у гэты дзень у краіне загінулі пад коламі аўтамабіляў тры пешаходы.

Яшчэ адно ДТЗ адбылося ў Шчучынскім раёне, дзе 22 кастрычніка ў 18 гадзін паблізу вёскі Шайбакі пагрузчык “Амкадор” буксіраваў з поля на праезную частку на гнуткім тросе цягач “Mersedes-Benz” у счэпцы з паўпрычэпам, поўным буракоў. Трос быў не абазначаны святлоадлюстроўваючымі элементамі, таму незаўважны ў цемры. Вадзіцель “Амкадора” не даў перавагу аўтамабілю, які рухаўся па галоўнай. У выніку легкавая “Mazda” “наляцела” на трос. Пасажырка аўтамабіля з траўмамі была шпіталізавана. Спецыялісты адзначаюць: гэта цуд, што людзей у машыне не перарэзала тросам.

Адсюль і вывад: флікер быццам і недарагая рэч, а каштуе жыццё.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: