З юбілеем, шаноўны старшыня!

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У жніўні віншаванні з 75-гадовым юбілеем прымаў некалі знакаміты на ўвесь Дзятлаўскі раён і за яго межамі старшыня калгаса “Гвардыя” (сённяшняга ААТ “Граніт-Агра”) Сямён Макарэвіч.

Павіншаваць яго са святам прыехалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

У час сустрэчы даўнія знаёмыя ўзгадалі яркія моманты працоўнай біяграфіі імянінніка, з якімі самі таксама знаёмыя не па чутках.

Дзятлаўшчына стала для Сямёна Макарэвіча другой радзімай. Ураджэнца вёскі Цырын Карэліцкага раёна запрасілі ў наш раён ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі “паднімаць” жывёлагадоўлю.

Пасля аб’яднання саўгаса “Новаяльнянскі” і калгаса “Гвардыя” ён стаў кіраўніком новага сельгаспрадпрыемства. На гэтай пасадзе адпрацаваў 23 гады, зрабіўшы для свайго калектыву вельмі шмат. У няпростыя для ўсяго раёна часы Сямён Уладзіміравіч наладзіў стабільную работу прадпрыемства, сабраў штат высакакласных спецыялістаў, пабудаваў для іх службовыя кватэры, навучыў сваю каманду працаваць эфектыўна, абыходзячыся без пазыкаў і даўгоў.

Ён вывеў калгас “Гвардыя” на той высокі ўзровень, які і сёння падтрымліваюць сучаснікі, дазваляючы ААТ “Граніт-Агра” заставацца на лідарскіх пазіцыях.

Былы тытан сельскай гаспадаркі даўно на заслужаным адпачынку, але і сёння не зарастае народная сцяжына ў яго ўтульны гасцінны дом у Баравіках. Сам Сямён Макарэвіч вядзе размераны, поўны хатнімі клопатамі, лад жыцця: садзіць агарод і кветнік, разводзіць пчол, робіць нарыхтоўкі, з нецярпеннем чакае ў госці дзяцей і ўнукаў, якія вельмі любяць бавіць канікулы ў дзядулі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga