Следства вядуць маладыя

Важнае Грамадства

12 верасня ў нашай краіне адзначаецца 12-я гадавіна ўтварэння Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Гэта дата ўвайшла ў прафесійны каляндар як Дзень супрацоўніка органаў папярэдняга следства. У Дзятлаўскім раённым аддзеле Следчага камітэта таксама працуе згуртаваны, энергічны калектыў прафесіяналаў, які год таму папоўніўся новымі супрацоўнікамі. Маладыя людзі расказалі пра выбар прафесіі, першыя крокі ў ёй і падзяліліся сваімі ўражаннямі аб гэтай справе.

Вольга Жыбко – выдатніца па жыцці. Яна нарадзілася ў райцэнтры, з адзнакай скончыла гімназію № 1 горада Дзятлава і ўжо тады марыла абараняць правы і законныя інтарэсы грамадзян, дапамагаць у гэтым дзяржаве. Таму выбрала юрыспрудэнцыю ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

– Калі паступала, нават не ўяўляла, як складзецца мой лёс, – прызнаецца дзяўчына. – Толькі на чацвёртым курсе, калі ўзнікла пытанне аб тым, дзе працаўладкоўвацца па заканчэнні ўніверсітэта, са мной звязаліся прадстаўнікі Следчага аддзела нашага раёна, правялі некалькі сустрэчы, зацікавілі работай следчага, якую я нарэшце і выбрала.

На працягу выпускнога курса  Вольга Вячаславаўна вучылася і стажыравалася пазаштатным супрацоўнікам Следчага камітэта, каб зразумець, ці зможа яна працаваць у зусім няпростай і такой “нежаноцкай” прафесіі. Першы вопыт яе цалкам задаволіў, і па заканчэнні ўніверсітэта малады спецыяліст вярнулася на Дзятлаўшчыну.

– Сустрэлі на службе вельмі добра, падтрымалі, растлумачылі. Разабрацца ва ўсіх тонкасцях і нюансах справы мне дапамагае куратар, з якім працуем у камандзе дагэтуль, – расказвае следчая. – Таксама атрымала ўсе належныя маладым спецыялістам выплаты, магчымасць засяліцца ў арэнднае жыллё, аднак не скарысталася ёю. Мне прыемна жыць у бацькоўскім доме.

Прафесія следчага аказалася не такой простай і рамантычнай, як паказваюць дэтэктывы, аднак вельмі зацікавіла  Вольгу Жыбко сваёй шматграннасцю, дынамічнасцю і навізной.

– Мне падабаецца тое, што тут няма звыклага ладу і аднатыпнасці, – расказвае яна. – Нават калі з вечара нешта запланавала, раніцай, магчыма, буду вырашаць зусім іншыя задачы. Служба напружаная, але заўжды цікавая, мозг працуе на ўсе 200 %. Я задаволена, што не “асела” юрыстам на якім-небудзь прадпрыемстве, а ўвесь час у руху, займаюся нечым сапраўды цікавым.

– А як быць з маральнай нагрузкай? Усё ж вам даводзіцца не паперкі перабіраць, а расследаваць злачынствы…

– Калегі мяне навучылі, ды і сама зразумела, што работа – гэта работа. Усё, што тут здараецца, мы стараемся эмацыянальна тут і пакідаць, не пераносячы ў жыццё. У гэтым вельмі дапамагаюць родныя людзі, якія заўжды падтрымліваюць. Ганарацца тым, што дачка носіць пагоны лейтэнанта.

Дзяўчына прызнаецца, што вольнага часу ў следчых не так і шмат. Вольга Вячаславаўна прысвячае яго сям’і, сябрам, падарожжам і чытанню класічнай літаратуры, якая здорава “разгружае”.

Аляксей Клок ужо ў школе ведаў, што стане следчым, ішоў да мэты паступова. Кажа, на жыццёвы выбар паўплывалі дэтэктыўныя фільмы пра дасціпных і смелых праваахоўнікаў, а таксама жаданне атрымаць сапраўдную мужчынскую прафесію. Аляксей Іванавіч скончыў Акадэмію МУС і хацеў працаўладкавацца на радзіме ў горадзе Навагрудку, аднак там штат Следчага камітэта аказаўся ўкамплектаваным.

– Сталі шукаць вакансіі ў бліжэйшых раёнах, і выбар выпаў на Дзятлаўскі, – расказаў малады чалавек. – Не пашкадаваў аб гэтым: тут сустрэлі цёпла, аказалі падтрымку, выдзелілі арэндную кватэру.

– Ці помніце першую сваю справу? Хто падтрымаў на першых парах?

– Помню, гэта быў крадзеж, паспяхова ўсё расследавалі. Начальства і калегі падтрымліваюць, а слушныя парады ў рабоце дае мой настаўнік Андрэй Лазута, мы нават працуем у адным кабінеце.

– Ці рэалізаваліся мары аб прафесіі?

– Тут не зусім так, як у кіно, але работа вельмі цікавая. Кожны дзень сутыкаемся з самымі рознымі справамі, усё часцей гэта злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій, а значыць, і нам трэба быць “падкаванымі”. Таму ўвесь час вучымся і самаўдасканальваемся.

– Як вам Дзятлава?

– Чысты, прыгожы горад, нечым нагадвае Навагрудак, толькі крыху меншы. Падабаецца, што ён спакойны і ўтульны.

– Чаго чакаеце ад будучыні?

– Стабільнасці. Я толькі пачаў шлях у сваёй прафесіі, трэба набірацца вопыту, адточваць навыкі. Прыемна гэта рабіць у дружнай камандзе Дзятлаўскага аддзела. Хачу выказаць калегам словы ўдзячнасці за падтрымку і павіншаваць з надыходзячым святам.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga