Мы ўсе разам крочым наперад

Свежыя навіны Спорт і турызм

Настаўнікі і вучні, дзеці  і бацькі.

Крочым у светлую  будучыню, крочым да  лепшага   жыцця, да  новых дасягненняў, да спасціжэння вечных  ісцін і гісторыі свайго краю. Менавіта  таму  ў рамках правядзення чарговай акцыі «Школа Актыўнага Грамадзяніна» сёння ў гімназіі № 1 адбылася сустрэча са старшакласнікамі  школ горада.  Размова вялася пра спорт і турызм, пра тое, чым і кім  дзятлаўчане могуць ганарыцца, на што абапірацца пры выбары жыццёвага шляху. Да вучняў  завіталі  прадстаўнікі сектара спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама  і турыстычнага інфармацыйнага цэнтра.

Дзмітрый Ёда, загадчык сектара спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама, расказаў пра дасягненні ў спартыўнай сферы, падзяліўся планамі на будучае, нагадаў  пра знакамітых землякоў-спартсменаў, якія праславілі Беларусь на міжнароднай спартыўнай арэне.

Наталля  Калодка пазнаёміла школьнікаў і іх настаўнікаў з турыстычнай сферай раёна, расказала пра ўдзел у міжнародных турыстычных выставах і «Славянскім базары».  Былі паказаны ролікі, якія дапамаглі ярка і пазітыўна прадставіць інфармацыю.

А дырэктар турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Дзінара Харошка падвяла вынікі конкурсу фотаздымкаў, прысвечанага Міжнароднаму дню турызму. Дзякуючы генератару выпадковых лікаў пераможцам конкурсу стаў  Кірыл Буча.  Ён  атрымаў сертыфікат  на экскурсію ў “Домік паляўнічага – экалагічная сцежка”, які ўручыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Дзятлаўскага лясгаса Аляксей Урбановіч.

Напрыканцы сустрэчы сюрпрыз чакаў Алену Абрамчык, спецыяліста па турызме Дзятлаўскага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра. Яна атрымала Ганаровую грамату ўпраўлення спорту і турызму  Гродзенскага аблвыканкама за значны ўклад у развіццё турызму Гродзенскай вобласці.

Сустрэча прайшла на пазітыўнай ноце. Дзеці задавалі пытанні, вялі актыўны дыялог з дарослымі. Спадзяёмся, што такія сустрэчы стануць добрай традыцыяй.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: