Толькі з хуткасцю пешахода, які ідзе крокам

Важнае Здарэнні і бяспека

З кастрычніка 2022 года ўступілі ў сілу змяненні ў Правілы дарожнага руху, згодна з якімі веласіпедыстам зараз можна не спешвацца пры перасячэнні дарогі па пешаходным пераходзе.

– Перад тым як былі прыняты гэтыя змяненні, спецыялісты аналізавалі дарожную сітуацыю, папулярнасць веласіпеднага руху ў нашай краіне, магчымасць “разгрузкі” гарадоў. І на практыцы амаль за год людзі ўжо прывыклі да веласіпедаў на тратуарах. Аднак веласіпедысты нярэдка забываюць у частцы дазволенага важны пункт правілаў, дзе прапісана, што “пры пад’ездзе да скрыжавання з праезнай часткай дарогі яны павінны загадзя знізіць хуткасць руху, пераканацца ў бяспецы выезду на праезную частку і перасякаць яе з хуткасцю пешахода, які ідзе крокам”, – адзначае дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ Андрэй Іскра. – Калі веласіпед “вылятае” на пешаходны пераход, не знізіўшы хуткасць, вадзіцелі аўтамабіляў не паспяваюць зрэагаваць на рэзкае змяненне дарожнай абстаноўкі – у выніку здараецца аварыя, часта з сур’ёзным траўмаваннем яе ўдзельнікаў.

Дарэчы, за 7 месяцаў гэтага года міжраённым аддзелам ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага раёнаў за парушэнне правілаў дарожнага руху былі затрыманы і прыцягнуты да адказнасці 913 веласіпедыстаў.

Можа, банальна, але правілы дарожнага руху існуюць для ўсіх і выконваць іх неабходна. Калі сябе не шкада, пашкадуйце тых, хто іх выконвае, і не павінен трапляць у негатыўныя сітуацыі з-за вашага ліхацтва з рызыкай для жыцця.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: