Па тэме з аналітыкай. Ні прайсці, ні праехаць?

Важнае Улада

Мяжу з Беларуссю краіны Балтыі і Польшча закрыць не адважыліся.

Літва і Польшча ўжо закрылі некалькі прапускных пунктаў на беларускай граніцы, а аб поўным закрыцці палітыкі загаварылі пасля перамяшчэння ПВК “Вагнер” на беларускую тэрыторыю. У сярэдзіне жніўня літоўскія і польскія ўлады таксама пачалі больш актыўна сцягваць войскі да граніцы нібыта ў сувязі з “пагрозай, якая нарастае”. А 28 жніўня адбылася сустрэча кіраўнікоў МУС прыгранічных краін, у выніку якой прынята рашэнне звярнуцца да такіх мераў (поўнага закрыцця граніц) толькі ў выпадку “крытычных інцыдэнтаў”, звязаных з ПВК “Вагнер” або нелегальнымі мігрантамі.

Аляксандр Лукашэнка: “Закрыццём межаў з Беларуссю Літва, Латвія і Польшча зробяць горш толькі сабе і сваім грамадзянам. Літву, Латвію я не зусім разумею. Хутчэй за ўсё, яны ў гэтым трэндзе бягуць наперадзе паравоза (каб толькі не патрапілі пад яго), хочуць выпендрыцца. Але гэта ж бокам вылезе. Хочуць закрыць, хай закрываюцца. Мы ўсё роўна ў Літву, Латвію не ездзім і праз іх таксама не працуем. Каму яны горш зробяць? Яны зробяць горш толькі сабе і сваім людзям. Яны баяцца, што людзі да нас паехалі і бачаць, як мы жывём”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь – мірная краіна і ніякіх прэтэнзій да сваіх заходніх суседзяў не мае. “Мы хочам жыць на сваёй зямлі. Нам не трэба ні польскія землі, ні літоўскія, ні латышскія. Але ў іх сёння палітычны псіхоз напярэдадні выбараў, асабліва ў Польшчы, вось яны і будуць нагнятаць гэтую сітуацыю. Закрыюць – хай закрываюць, зробяць горш толькі для сябе. І так ужо народ збяднеў: зімой дровы ад нас вывозілі, таму што тапіць няма чым. І дзеля бога. Мы будзем ім дапамагаць, трэба будзе – бясплатна будзем дапамагаць, каб людзі вытрымалі гэта”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.

БелТА

Андрэй Садоўскі, старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта:

– Наш Прэзідэнт правільна адзначыў, што “закрыццём межаў з Беларуссю Літва, Латвія і Польшча зробяць горш толькі сабе і сваім грамадзянам”. Яны з’яўляюцца транзітнымі краінамі. Шмат інфармацыі ў СМІ, як ужо пасля закрыцця некалькіх пунктаў пропуску на граніцы чыгункі ў Латвіі, Літве пачалі скарачаць работнікаў тысячамі. Акрамя таго, краіны Балтыі маюць выхад да мора, і, адпаведна, партовую інфраструктуру, якая будзе недазагружана. Шмат у чым гэтыя інфраструктурныя магутнасці былі настроены на грузапаток з Расіі і Беларусі.

А яшчэ бязвізавы рэжым, які Беларусь увяла для жыхароў Польшчы і Прыбалтыкі. Ён бударажыць еўрапейскіх палітыкаў. Больш за 309 тысяч грамадзян з вышэйазначаных краін з пачатку года наведалі Беларусь па бязвізе, а з пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму – амаль 700 тысяч. Літва бачыць, як яе грамадзяне ахвотна закупляюцца прадуктамі і палівам у нашай рэспубліцы, ездзяць на аздараўленне, наведваюць розныя ўрачыстасці – адпачываюць тут душой і целам. Імкненне закрыць пад надуманымі падставамі пункты пропуску прадыктавана палітычна матываваным жаданнем стварыць перашкоды і абмежаваць правы сваіх грамадзян.

Больш за тое, паміж нашымі краінамі ёсць яшчэ маса вузельчыкаў, якія аб’ядноўваюць і звязваюць, у асноўным яны роднасныя. Закрыюць межы – і хто паехаў у Польшчу, Літву, Латвію, той проста не зможа бачыць сваіх блізкіх. Але хто там думае пра людзей? Еўрапейскія палітычныя амбіцыі.

За апошнія пару месяцаў каля граніцы з Беларуссю “суседзі” размясцілі значную колькасць баявой тэхнікі і войскаў, матывуючы гэта тым, што баяцца прыватнай ваеннай кампаніі “Вагнер”, і патрабуючы вывесці яе з тэрыторыі нашай краіны. Кіраўнік дзяржавы не раз ясна даў зразумець, што Беларусь – суверэнная краіна, якая будзе абараняць свой канстытуцыйны лад і бяспеку беларусаў, а пры здарэнні на граніцы з суседнімі краінамі рэакцыя будзе маланкавай.

Гэта западныя палітыкі спрабуюць ачарніць нашу рэспубліку. Большасць жа палякаў, літоўцаў і латышоў хочуць нармальных стасункаў з Беларуссю, спакою і мірнага неба над галавой.

Віталій Шулейка, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:

– Калі палітыкі выказваюць свае меркаванні, простаму чалавеку бывае складана зразумець, як тое ці іншае рашэнне, прынятае на высокім узроўні, адаб’ецца на яго жыцці. Між тым мы, дзятлаўчане, жыхары невялікага раёна, як кажуць, ведаем кошт хлебу і малаку. Любы хлебароб, якога ўшаноўвалі на раённых “Дажынках” у мінулую суботу, скажа, што хлебны каравай сабраў важкі, засекі поўныя. Сваё мяса, малако, бульба, лён у раёне, прамысловасць працуе на мясцовай сыравіне. Пастаянна абнаўляецца парк сельгастэхнікі ў гаспадарках, будуюцца тры новыя малочна-таварныя комплексы.

І так адбываецца па ўсёй нашай прыгожай і працавітай краіне. Што нас палохаць? З Літвы і Латвіі нічога на нашых прылаўках няма. Летась Польшча пагражала, што без яе яблыкаў беларусы не пражывуць. Круглы год ва ўсіх магазінах і яблыкаў, і буракоў…

Вольга Жэлезоўская, намеснік старшыні райвыканкама:

– Днямі прачытала пра гісторыю двух банераў, якая мяне ўразіла. “Літоўскія ўлады размясцілі ў сваіх пунктах пропуску на граніцы банеры з заклікам да літоўцаў не ехаць у Беларусь, бо тут нібыта могуць завербаваць спецслужбы і тады можна не вярнуцца ў сваю краіну, страціць сям’ю і нават жыццё. На такую недружалюбную палітыку беларусы далі адказ і перад выездам з тэрыторыі пункта пропуску “Лоша” ўстанавілі вялікі чырвоны банер, дзе на дзвюх мовах – англійскай і літоўскай – напісана: “Асцярожна! Вы можаце не вярнуцца! Немагчыма не закахацца ў Беларусь з першага погляду. Міністэрства замежных спраў папярэджвае: Беларусь заваюе ваша сэрца, і вы застаняцеся тут назаўсёды”.

І я згодна – у Беларусі гасцям заўсёды рады. А як намеснік старшыні райвыканкама, які курыруе сферу эканомікі, хачу сказаць, што мы – за эканамічнае і сацыяльнае партнёрства. Паўнавартаснае гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне дзяржаў з’яўляецца неабходнай умовай іх устойлівага развіцця. Навошта разбураць стабільны, устойлівы баланс эканамічных прыярытэтаў. Сказаць, што ад закрыцця граніц з Польшчай, Літвой і Латвіяй Дзятлаўшчына моцна пацерпіць, – не. Знешні гандаль мы ажыццяўляем з больш за дзясяткам краін свету, а асноўным гандлёвым партнёрам дзятлаўскіх вытворцаў з’яўляецца Расійская Федэрацыя. У 2022 годзе ўсе прадпрыемствы, якія сутыкнуліся з санкцыйным уздзеяннем, пераарыентавалі рынак збыту, перабудавалі лагістыку, і на сёння закрыццё граніц не пагражае зніжэннем экспартаарыентаванай дзейнасці нашых прадпрыемстваў.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: