Нам даверана памяць. Маштабы трагедыі большыя, чым меркавалася

Важнае Грамадства

Нягледзячы на тое, што мінула 78 гадоў, як скончылася Вялікая Айчынная вайна, яе ўрокі вывучаны не да канца.

На міжнароднай арэне ўсё часцей сустракаюцца розныя формы агрэсіі. Падзеі апошняга часу сведчаць, што неабходна ведаць родную гісторыю, каб падобных трагедый не паўтарылася.

Як расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь прадаўжае расследаванне па справе аб генацыдзе беларускага народа ў гады ваеннага ліхалецця і пасляваенны перыяд і выяўляе ўсё новыя факты. Для азнаямлення з імі і захавання гістарычнай памяці сумесна з пракуратурай Дзятлаўскага раёна распрацаваны графік сустрэч у працоўных  калектывах. Чарговая з іх адбылася з работнікамі РУП ЖКГ.

Аб ходзе расследавання прысутным расказаў намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Сяргей Аляшкевіч:

– Літаральна кожны дзень следчая група ўстанаўлівае новыя факты злачынстваў нацысцкіх акупантаў і іх памагатых, што асабліва актуальна пры цяперашняй міжнароднай абстаноўцы, калі ў некаторых краінах прадпрымаюцца спробы адраджэння нацызму пры актыўным садзейнічанні краін Захаду. Вывучаны дакументы гітлераўскай Германіі, якія ўзводзілі зверствы ў адносінах да мірнага насельніцтва ў ранг дзяржаўнай палітыкі і вызвалялі салдат ад адказнасці за іх. Абвяшчалася, што адной з мэтаў вайны супраць Савецкага Саюза з’яўляецца скарачэнне славянскага насельніцтва на 30 мільёнаў чалавек. Палітыка захопнікаў у адносінах да савецкіх грамадзян істотна адрознівалася ад іх паводзінаў у іншых еўрапейскіх краінах, дзе спачатку прытрымліваліся бачнасці цывілізаванасці. А вось супраць савецкага насельніцтва дазвалялася выкарыстоўваць розныя карныя меры. Пачалося масавае знішчэнне беларусаў, якое вялося варварскімі сродкамі: выкарыстоўваліся расстрэлы, шыбеніцы, газавыя камеры, голад, распаўсюджванне эпідэмій. На тэрыторыі нашай краіны дзейнічала больш за 580 лагераў смерці. У рамках уціхамірвальных аперацый вёскі знішчаліся з жыхарамі.

Вывучаны тысячы архіўных крымінальных справаў, праведзены сотні аглядаў месцаў здарэнняў, устаноўлены раней не вядомыя месцы масавых расстрэлаў, нядаўнія сярод якіх Чонкаўскае лясніцтва, урочышчы на Лагойшчыне і ў Бешанковіцкім раёне. У рамках створанай з ініцыятывы генпракуратуры міжведамаснай камісіі па ўвекавечанні памяці ахвяраў генацыду беларускага народа ажыццяўляецца добраўпарадкаванне пахаванняў і перапахаванняў. Месцам масавага знішчэння мірнага насельніцтва прысвойваецца спецыяльны статус гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання. Атрыманыя доказы дазваляюць сцвярджаць, што маштабы трагедыі беларускага народа значна большыя, чым меркавалася раней.

У маі 2021 года з ініцыятывы Генпракуратуры прыняты Закон “Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму”, а ў студзені 2022 года –  Закон “Аб генацыдзе беларускага народа”. Яны ўяўляюць сабой своеасаблівы прававы бар’ер на шляху спробаў фальсіфікацыі гістарычнай праўды, абарона якой закладзена ў артыкуле 15 Канстытуцыі нашай дзяржавы.

Матэрыялы расследаванняў ужо прадстаўлены ў выглядзе экспазіцый і тэматычных секцый у музеях, бібліятэках, школах. Пад рэдакцыяй генпракуратуры надрукаваны зборнік інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў і дакументаў “Генацыд беларускага народа”, а па выніках расследавання крымінальнай справы з’явілася выданне “Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці”. Ва ўзаемадзеянні з нацыянальным кадастравым агенцтвам на публічнай кадастравай карце ў інтэрнэце створаны прасторавыя слаі “Спаленыя вёскі” і “Лагеры смерці”. На тэлебачанні выйшаў сумесны праект генпракуратуры і АНТ – трылогія “Паралель Польшча”, “Паралель Германія”,   “Паралель Украіна”. Расследаванне генацыда беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны служыць не толькі данінай памяці загінулых, але і спрыяе рэалізацыі антыфашысцкага прынцыпу “Ніколі больш!”.

Напрыканцы сустрэчы госці прадставілі яе ўдзельнікам відэастужку “Дзяўчына з вачамі сатаны” з дакументальнага цыкла “Без тэрміну даўнасці” аб генацыдзе мірнага насельніцтва.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga