“Марафон нявест” у Дзятлаве (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак

Адной з самых яркіх падзей жніўня стаў “Марафон нявест”, які адбыўся ў межах серыі культурна-забаўляльных моладзевых мерапрыемстваў “Тваё лета”.

Удзел у конкурсе прынялі 14 абаяльных дзяўчат, якія прадставілі свае працоўныя калектывы.

Вядучыя Ала Чарняўская,  Анастасія Голуб павіталі гасцей і прадставілі канкурсантак. Імі сталі прадстаўніцы сярэдняй школы № 1 і гімназіі № 1 горада Дзятлава, раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, цэнтральнай раённай бальніцы, лясгаса, Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, Дзятлаўскага РУП ЖКГ, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, цэнтра па абслугоўванні бюджэтных і іншых арганізацый.

У час першага конкурсу – дэфіле ў вясельных сукенках – удзельніцы “Марафона нявест” уражвалі адмысловым стылем і грацыяй.

Аднак ужо ў наступным выпрабаванні ім давялося змяніць шпількі на спартыўны абутак, “падабраць” спадніцы, каб стаць самымі спрытнымі і хуткімі на бегавой дарожцы.

Завяршыла конкурсную праграму кіданне вясельных букетаў – паўтарэнне добрай старадаўняй вясельнай традыцыі, якая прынясла нямала станоўчых эмоцый самім нявестам і гледачам конкурсу.

Спецыяльна для конкурсу свае лепшыя музычныя кампазіцыі падрыхтавалі парфесійныя і самадзейныя артысты Дзятлаўшчыны – Ганна Харлінская, Ала Чарняўская, Аляксандра Міклаш, Алёна Гузавец, Часлаў Свіб.

 

 

На працягу вечара здольнасці і таленты канкурсантак ацэньвала журы пад старшынствам першага сакратара РК ГА “БРСМ” Кацярыны Хілімончык. Па выніках іспытаў журы вызначыла пераможцаў “Марафона нявест”. Першае месца заняла Вераніка Верамейка з Дзятлаўскай ЦРБ, другое – Таццяна Васько з Дзятлаўскага лясгаса, трэцяе – Алена Касцюк з цэнтра культуры. Прызам глядацкіх сімпатый была адзначана самая хуткая ўдзельніца конкурсу ­­– Кацярына Горбач (СШ № 1 горада Дзятлава), узнагародай за самы арыгінальны вобраз – Ілона Галаўнёва (Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва), якая прадставіла вясельны рэтра-ўбор.

Пераможцы і прызёры конкурсу атрымаюць узнагароду – грашовыя сертыфікары праз тыдзень на сцэне моладзевага капусніка “Тваё лета”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga