Давярай, але правярай

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Ахова працы і бяспека жыцця аграрыяў – прыярытэтныя пытанні на працягу ўсёй уборачнай кампаніі.

Маніторынгі ходу сельгасработ праводзяцца пастаянна: пад кантролем не толькі работа ў полі, але і функцыянаванне збожжасушыльных комплексаў.

Збожжасушыльны комплекс КЗСВ-30 ААТ “Дварэц-Агра” – чарговы аб’ект, які трапіў пад увагу інспектараў. Яго наведала мабільная брыгада ў саставе старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзіміра Казака і  галоўнага спецыяліста сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сцяпана Вольскага.

– Зернесушыльныя комплексы – адзін з асноўных відаў дапрацоўкі сабранага ўраджаю. У сувязі з вільготным, няўстойлівым надвор’ем стабільнае функцыянаванне такіх аб’ектаў і бяспечная, граматная работа абслугоўваючага іх персаналу становіцца стратэгічна важнай, – адзначыў Сцяпан Станіслававіч. – Строгае выкананне правілаў працоўнай дысцыпліны і пажарнай бяспекі, асабліва на сушыльных комплексах, на нашым пастаянным пільным кантролі.

Каб у час уборачнай кампаніі не дапусціць надзвычайных сітуацый, да пачатку ўборкі ўсе аператары і слесары зернесушыльных комплексаў прайшлі дадатковае навучанне, інструктажы і праверку ведаў. Усе комплексы ў абавязковым парадку абсталяваны першаснымі сродкамі пажаратушэння (а гэта мінімум 4 вогнетушыцелі, ёмістасць з вадой і сродкі прымусовай яе падачы на верхнюю кропку комплексу), іх наяўнасць і функцыянальнасць правяраецца абавязкова. Таксама на кантролі цэласнасць агароджы часавых і ланцуговых перадач, работа прыладаў, вядзенне дакументацыі па рэжыме сушкі з тэмпературай на цепланосьбіце, журнала перадачы змен. Акрамя таго, прадугледжана абавязковая прыборная дыягностыка стану здароўя работнікаў, прасцей кажучы, – медыцынскае асведчанне з дапамогай алкатэстара, без якога ні адзін работнік не заступіць на дзяжурства.

– Нам важна не толькі праверыць аб’ект па шэрагу знешніх прыкметаў, але і зразумець, што ўмовы працы, харчавання, псіхалагічны клімат у калектыве спрыяюць стабільнай бяспечнай рабоце. Таму без асабістай гутаркі з персаналам ніколі не абыходзімся, – дапаўняе калегу Уладзімір Казак.

У актыўныя месяцы жніва работы ў грамадскіх інспектараў нямала: на Дзятлаўшчыне працуюць 10 новых магутных зернесушыльных комплексаў КЗСВ-30 (мінімум па адным у кожнай гаспадарцы), таксама задзейнічаны сушылкі М-18 – кожны з іх трэба наведваць рэгулярна.

На зернесушыльных комплексах наладжана кругласутачная работа, ідзе неперарыўны працэс сушкі, – разказвае Сцяпан Вольскі. – Функцыянаванне іх у цёмны час сутак звязана з дадатковай рызыкай, таму ноччу на такіх аб’ектах абавязкова дзяжураць спецыялісты гаспадаркі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga