Сустрэлі “Удачу” ў полі

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Не здзіўляйцеся, гэта не жарт. У сёлетнім ліпені яе сапраўды можна заспець на палетках КСУП “Хвінявічы”.

Менавіта такую назву носіць мясцовы сельскагаспадарчы моладзевы студатрад, а калі больш дакладна, то, як патлумачыла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, называецца ён – “Удача” імя Героя Савецкага Саюза Паўла Пятрова.

З дзевяццю студатрадаўцамі, якія ўваходзяць у яго састаў, і іх камандзірам, педагогам Хвінявіцкай сярэдняй школы Ганнай Угрыновіч, мы сустрэліся ва ўрочышчы Разважжа на відавой праполцы азімай пшаніцы, дзе яе пасеяна каля 84 гектараў.

– Працуем мы з 10 ліпеня, – расказала Ганна Андрэеўна. – Для мяне як настаўніцы гэта цудоўны цімбілдзінг, у час якога больш пазнаеш дзяцей у нефармальнай абстаноўцы, разумееш, хто на што здатны, хто лянуецца, а хто шчыруе, бачыш і лідарскія здольнасці. Увогуле ж, нашы студатрадаўцы працуюць старанна, таму і надалей хачу пажадаць ім сіл і цярпення, а таксама зарабіць больш грошай. Выдатна, калі ў непаўналетніх ёсць такая магчымасць, а для навучэнцаў нашай установы яна выдасца сёлета яшчэ і восенню, калі будуць запрашаць на ўборку бульбы і яблыкаў. Звычайна дзеці актыўна запісваюцца ў студатрады, нават выпускнікі стараюцца не ўпусціць апошняй магчымасці папрацаваць перад паступленнем, як, напрыклад, наш Уладзіслаў Сцепанчук. Ёсць і тыя, хто ўжо паспеў прайсці “працоўную вахту” ў бібліятэцы на рамонце кніжнага фонду, а цяпер таксама ў саставе атрада – гэта Уладзіслаў Емяльянчык.

Студатрадаўскі “старажыла” падзяліўся, за што яму так падабаецца моладзевы працоўны семестр.

– У атрадзе я ўжо чацвёртае лета запар, і ніколі аб гэтым не пашкадаваў, – расказвае выпускнік Уладзіслаў Сцепанчук. – Тут са мною сябры, ёсць магчымасць займець уласныя грошы. Звычайна трачу іх на розныя прыемныя дробязі, а самай значнай пакупкай за гэты перыяд быў фітнес-браслет, які дапамагаў сачыць за часам і ўсюды паспяваць. Сёлетні заробак мяркую выкарыстаць на студэнцкае жыццё, бо збіраюся паступаць у ваенную акадэмію. У сваіх сілах упэўнены, думаю, усё атрымаецца, тым больш што за плячыма важкі студатрадаўскі “стаж”, які загартаваў як маральна, так і фізічна. Працуючы, звычайна загартоўваеш такія якасці характару, як адказнасць, абавязковасць, самастойнасць – яны мне вельмі спатрэбяцца ў дарослым жыцці. Усім сваім сябрам, ды і моладзі ў цэлым, жадаю шчаслівых і яркіх канікулаў, цярпення і пазітыўных эмоцый.

Дзевяцікласнік Аляксей Дзянісік сёлета ў студатрадзе ўпершыню, бо яму толькі нядаўна споўніліся “дазволеныя” для такой занятасці 14 гадоў. У хлопца таксама даведаліся пра ўражанні ад працоўных будняў.

– Раней я шмат добрага чуў пра студатрадаўскую змену ад старэйшых сяброў, таму з задавальненнем сюды запісаўся, – прызнаецца Аляксей. – Бацькі ініцыятыву падтрымалі, парадаваліся, што маё лета будзе праходзіць з карысцю. З будучай прафесіяй я пакуль не вызначыўся, аднак дома часта дапамагаю на агародзе, таму палявыя работы мне не ў навінку. Ды і стамляцца тут не паспяваю: з сябрамі час пралятае незаўважна, таму і ў наступным годзе пайду ў студэнцкі атрад абавязкова. Свой першы заробак збіраюся патраціць на падрыхтоўку да школы і крыху пакінуць на “кішэнныя расходы”. Равеснікам жадаю моцнага здароўя, прыемнага адпачынку і запісвацца ў студатрады, бо тут весела і цікава.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: