Няхай важкімі растуць каласы!

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Працоўны семестр для студатрадаўцаў Дзятлаўшчыны сёлета пачаўся яшчэ на вясновых канікулах, а вось пік моладзевай занятасці прыпадае менавіта на лета.

Пра свае “палявыя” будні расказалі ўдзельнікі сельскагаспадарчага атрада, які функцыянуе на базе КСУП “Войневічы”.

– Сёлета ў студатрад нашай гаспадаркі запісаліся 25 маладых работнікаў, якія прыступілі да відавой праполкі збожжавых культур, – патлумачыла аграном-насеннявод Вікторыя Загдай, якая курыруе работу студатрадаўцаў. – Цяпер мы працуем “на каласках” ва ўрочышчы Дзік, дзе расце каля 25 гектараў пшаніцы. У гэтым годзе на дапамогу сельгаскааператыву прыйшлі юнакі і дзяўчаты не толькі з Казлоўшчынскай сярэдняй школы, але і жыхары горада Дзятлава, а таксама суседняга Слонімскага раёна, якія на канікулах адпачываюць у нашай мясцовасці ў бабуляў і вырашылі зарабіць уласныя грошы. Са студатрадаўцамі я працую ўжо некалькі гадоў запар і магу адзначыць, што дзеці стараюцца, а таму ўносяць даволі адчувальны ўклад у агульную справу па вырошчванні ўраджаю. Паспяваем да жніва “пачысціць” нямала палёў, выдаліць каласы іншых культур, каб збожжавыя атрымаліся чыстымі, без прымешак іншага зерня. Разам з тым дзеці вучацца адказнасці, набываюць карысныя навыкі, ёсць і прыклады такіх студатрадаўцаў, хто пасля школы скончыў галіновыя навучальныя ўстановы і вярнуўся працаваць у сельскую гаспадарку на розныя спецыяльнасці. Я жадаю нашым студатрадаўцам поспехаў, старання, моцнага здароўя, мэтанакіраванасці, каб вызначыліся з будучай прафесіяй і яна прыносіла ім у далейшым толькі радасць і задавальненне.

Сваімі ўражаннямі ад працоўнага лета падзяліліся і самі студатрадаўцы.

Ангеліна Белуш і Лізавета Бартош, сёстры-дзесяцікласніцы са Слонімшчыны:

– У атрадзе мы другі год запар, такім чынам сумяшчаем прыемны адпачынак у бабулі з карыснай справай. Запісаліся ў студатрадаўцы ў канторы сельгаспрадпрыемства. Падабаецца тут усё, пачынаючы ад моладзевага калектыву, заканчваючы фізічнай актыўнасцю на свежым паветры. Працаваць “на каласках” не складана, тым больш што побач так шмат сяброў, час разам пралятае непрыкметна, ды і на адпачынак і дапамогу бабулі яго застаецца дастаткова, бо занятыя мы толькі ў першай палове дня. Летась заробленыя грошы патрацілі на новы мабільны тэлефон (Ангеліна), школьнае адзенне і прыемныя дробязі (Лізавета). Упэўнены, што студатрадаўская змена спрыяе новым знаёмствам, дапамагае спазнаць цану працы і атрымаць уласны заробак. І няхай мы не збіраемся ў сельскагаспадарчую прафесію, бо марым пра педагогіку і медыцыну, аднак ужо дакладна адчулі, што такое адказнасць. Равеснікам жадаем знайсці сябе, выбраць прафесію па душы, а каму хочацца – вяртацца працаваць у сельскую гаспадарку, тут таксама някепска.

Павел Шалесны, дзевяцікласнік з Казлоўшчынскай сярэдняй школы:

– У студатрадзе я ўпершыню. Папрасіў бацьку запісаць мяне сюды, бо хацелася зарабіць уласныя грошы, да таго ж работа дысцыплінуе і дапамагае стаць больш самастойным. Пра сваё рашэнне не пашкадаваў, бо працоўная змена побач з сябрамі праходзіць весела і цікава. Патраціць першы заробак мяркую на сябе, каб не чакаць грошай ад дарослых. Ужо задумваўся і пра выбар будучай прафесіі, магчыма, пайду ў аграномы, але дакладна яшчэ не вырашыў. Свой вольны час люблю бавіць з сябрамі, а таму ўсім ім і іншым равеснікам жадаю цікава правесці летнія канікулы, запасціся здароўем і станоўчымі эмоцыямі, а калі атрымаецца, то таксама папрацаваць.

Анастасія Антончык, дзевяцікласніца з Казлоўшчынскай сярэдняй школы:

– Дома на канікулах сумна, таму я ўпершыню запісалася ў студэнцкі атрад. Дапамагаць гаспадарцы здорава, да таго ж тут сябры і ўласны заробак. У наступным годзе абавязкова зноў далучуся да працоўнага семестра, бо мне ўсё падабаецца. Мы не паспяваем стаміцца, хапае часу на прагулкі і сустрэчы з сябрамі. Яшчэ я люблю купацца і загараць. Даўно мару пра новы смартфон, спадзяюся, сёлета ўдасца зарабіць на яго самастойна. Студатрадаўцам і моладзі жадаю моцнага здароўя, добрага настрою і каб мары збываліся.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: